Фота: prokuratura.gov.by
Жанчыну падазраюць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Яна з сакавіка па ліпень 2022 года аформіла дакументы аб фіктыўнай рэалізацыі 49 цялят. Пры гэтым самі жывёлы памерлі, а выплачваць нястачу прыйшлося работнікам малочна-таварнай фермы.
Брыгадзір прымусіла васьмярых падначаленых напісаць заявы з просьбай прадаць ім мяса і вылічыць ягоны кошт з іх заробкаў. Нібыта жывёліны памерлі па віне гэтых людзей, таму яны і абавязаны былі ўсё кампенсаваць. Сярод тых, хто напісаў заявы, быў і слесар, які зусім не меў дачынення да догляду жывёлы.
У выніку з заробкаў работнікаў фермы было незаконна вылічана больш за Br4,5 тыс.
У дачыненні да брыгадзіркі пачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 426 КК Рэспублікі Беларусь. За перавышэнне службовых паўнамоцтваў ёй пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.





