Фота ілюстрацыйнае
Нягледзячы на ўсе намаганні, падчас вайны Расія не здолела знішчыць украінскія СПА. Таму непасрэдна над лініяй фронту і тым больш у глыбіні ўкраінскай тэрыторыі расіяне вельмі рэдка выкарыстоўваюць сваю авіяцыю, бо гэта можа пагражаць ім вялікімі стратамі.
Але цяпер, як пішуць «Важные истории», расійскае камандаванне вырашыла змяніць падыходы.
«Раней яе [авіяцыю] бераглі, яна амаль не залятала ў зону дзеяння ўкраінскай СПА. Цяпер вырашылі змяніць тактыку», — гаворыць суразмоўца выдання.
Ён лічыць, што самалёты і верталёты «будуць масава збіваць», але ва УСУ ў выніку гэтага ўсё адно ўзнікнуць праблемы.
На гэтым тыдні Financial Times са спасылкай на звесткі заходняй разведкі паведаміла, што Расія сцягвае баявую авіяцыю да межаў Украіны. Суразмоўцы брытанскага выдання ў НАТА расказалі, што Расія рыхтуе паветраную кампанію, у якой задзейнічае каля 80% сваёй авіяцыі і паспрабуе знішчыць СПА Украіны.
У той жа час пытанне з перадачай Украіне заходніх самалётаў-знішчальнікаў хоць і абмяркоўваецца, але пакуль што, як выглядае, даволі далёкае ад пазітыўнага вырашэння. Таму ў галіне авіяцыі расійскае войска пакуль што відавочна мае перавагу над украінскім.