Незалежна ад таго, схільныя мы быць начнымі «совамі» ці ранішнімі «жаўрукамі», наш біялагічны гадзіннік найперш арыентуецца на сонца. Таму працягласць светлавога дня натуральным чынам уплывае на працягласць і якасць нашага сну.

Гэта пацвярджае даследаванне, нядаўна праведзенае навукоўцамі Медыцынскага ўніверсітэта Шарытэ і Лякарні Святой Ядзвігі ў Берліне.

У ім узялі ўдзел 292 чалавекі, якія прайшлі полісамнаграфію ў клініцы сну і хронамедыцыны ў шпіталі Святой Ядзвігі. Такія даследаванні рэгулярна праводзяцца ў пацыентаў, што маюць складанасці з засынаннем. Іх просяць спаць у спецыяльнай лабараторыі без будзільніка, пры гэтым можна кантраляваць якасць і тып сну, а таксама яго працягласць.

Нягледзячы на тое, што ўсе паддоследныя былі гарадскімі жыхарамі, і, адпаведна, жылі ў асяроддзі з нізкім узроўнем натуральнага асвятлення і высокім светлавым забруджаннем (што тэарэтычна павінна скажаць уплыў сезоннасці), навукоўцы выявілі відавочныя змены ў залежнасці ад пары года.

Паддоследныя без будзільніка спалі ў сярэднім на 43 хвіліны даўжэй у снежні, студзені і лютым, чым у красавіку, маі і чэрвені.

Прычым зімой людзі мелі патрэбу не толькі спаць даўжэй, але і праводзіць больш часу ў фазе хуткага сну (REM). Гэта важная фаза, падчас якой адбываецца апрацоўка інфармацыі, атрыманай за дзень. Яна пачынаецца прыкладна праз 90 хвілін пасля таго, як чалавек заснуў, і паўтараецца кожныя 1,5 гадзіны. Хуткі сон дапамагае навесці парадак у галаве і сістэматызаваць успаміны, усвядоміць і зразумець свае эмоцыі, аднавіць нервовую сістэму. Фаза хуткага сну наўпрост звязаная з цыркаднымі рытмамі арганізма, на якія ўплывае асвятленне.

Таксама даследаванне паказала, што працягласць глыбокага сну складае ад 60 да 70 хвілін на суткі летам, зімой і вясной, а восенню скарачаецца да 40 хвілін. Доктар Дытэр Кунц, вядучы аўтар даследавання, кажа, што гэты вынік быў нечаканым, але можа сведчыць пра тое, што ўвосень цела «рыхтуецца да спячкі».

Паколькі ў маніторынгу бралі ўдзел пацыенты, што цярпяць ад парушэнняў сну, вынікі яшчэ павінны быць правераныя на людзях, якія не маюць такіх праблем. Аднак, па словах даследчыкаў, сезонныя змены ў здаровага насельніцтва могуць быць нават большыя.

Па словах доктара Дытэра Кунца, сезоннасць уласцівая любой жывой істоце на гэтай планеце. Аднак людзі звычайна не змяняюць паводзін узімку, бо ў большасці няма выбару, у які час уставаць раніцай — гэта, як правіла, дыктуецца раскладам працы або школы ў дзяцей. У выніку «чалавечая фізіялогія падаўляецца, і пад люты і сакавік у чалавека ўзнікае адчуванне поўнай знясіленасці».

Доктар Кунц кажа, што грамадству варта скарэктаваць свае звычкі сну, а таксама школьныя і працоўныя графікі ў адпаведнасці з сезоннымі патрэбамі. Калі вынікі даследавання пацвердзяцца на людзях са здаровым сном, гэта стане першым доказам патрэбы такога карэктавання.

Клас
44
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
3