Фота: prostooleh / Freepik.com

Фота: prostooleh / Freepik.com

Ні для каго не таямніца, што дзеці пачынаюць глядзець ютуб ужо з трох гадоў. І чым больш дарослым становіцца дзіця, тым больш з'яўляецца інфлюэнсераў, за якімі яно сочыць у інтэрнэце.

Ва Універсітэце Канектыкута захацелі высветліць, якія маркі прадуктаў харчавання і напояў бачаць дзеці, калі глядзяць відэа, створаныя юнымі відэаблогерамі. Даследчыкі прааналізавалі сотні відэа самых папулярных дзяцей на YouTube, піша NPR. Часта на гэтых роліках ежа аказвалася ў цэнтры ўвагі.

Даследаванне паказала, што прыкладна ў траціне выпадкаў дзеці, якія зняліся ў відэароліках, елі (ці рабілі выгляд, што ядуць) розныя прысмакі, насычаныя калорыямі, але бедныя на пажыўныя рэчывы.

Часта ежа была ўплеценая ў сюжэтныя лініі. Напрыклад, у відэа ад Kids Play, канала з 16 мільёнамі падпісчыкаў, два інфлюэнсеры ліхаманкава шукаюць газіроўку.

У відэа з канала Like Nastya Show, якое мае 23 мільёны праглядаў, сяброўка гераіні прыносіць на абед розныя незвычайныя прысмакі — гэта выклікае ў Насці захапленне і адначасова расчараванне ад свайго не такога смачнага «здаровага» абеду. Нягледзячы на тое, што ў канцы роліка аматарку нездаровай ежы чакае адплата ў выглядзе нечакана вялікага салодкага языка, ролік усё адно транслюе, наколькі прысмакі жаданыя і прывабныя для дзяцей; і, калі б у дзяцей была магчымасць выбіраць, то кожны хацеў бы харчавацца салодкім.

Як кантэнт уплывае на дзяцей

Па словах Фрэнсіс Флемінг-Мілічы, аўтаркі праведзенага даследавання, маркетынг харчовых прадуктаў моцна ўплывае на тое, што дзеці хочуць есці, — асабліва калі яны бачаць, што прадукт спажывае хтосьці, кім яны моцна захапляюцца. Гэта, у сваю чаргу, уплывае на тое, што яны выпрошваюць у бацькоў. Фрэнсіс называе такія паводзіны «сілай надакучлівасці».

«Большасць бацькоў ці любы, хто правёў нейкі час з дзіцем, ведаюць і адчуваюць сілу яго «прыставання», — кажа Флемінг-Мілічы.

Доктар Джэні Радэскі, педыятр з Мічыганскага ўніверсітэта і аўтарка праграмнай заявы Амерыканскай акадэміі педыятрыі ў дачыненні да лічбавай рэкламы для дзяцей, кажа, што маленькія дзеці асабліва ўспрымальныя да рэкламы, бо іх кіравальныя функцыі яшчэ не цалкам развітыя, і яны горш кантралююць імпульсы, чым дарослыя.

Дзеці таксама вучацца, назіраючы за іншымі, у тым ліку за блогерамі YouTube, адзначае Радэскі.

«Назіраючы за тым, як іншыя людзі нешта робяць, карыснае для здароўя ці не вельмі, яны выбудоўваюць нормы і засвойваюць, як пабудаваны свет і што ім варта рабіць», — кажа Радэскі.

Палітыка Youtube

YouTube фактычна забараніў усю рэкламу прадуктаў харчавання на каналах, прызначаных для дзяцей, яшчэ ў 2020 годзе. Але забарона не спыніла частае з'яўленне ў роліках нездаровай ежы.

«Магчыма, дзецям-інфлюэнсерам і не плацяць за паказ гэтых прадуктаў. Але гэта не значыць, што эфект іншы», — кажа Флемінг-Мілічы.

Ролікі на YouTube усё роўна паказваюць, як іншыя дзеці здзяйсняюць свае жаданні, і заахвочваюць хацець тое ж самае.

«Стваральнікі кантэнту насычаюць свае відэа гэтымі вельмі жаданымі і прыемнымі рэчамі — вы ўяўляеце, гэтыя вялізныя цукеркі, пірожныя і M&Ms паўсюль, дзе толькі магчыма, бо яны ведаюць, што гэта прыцягвае больш увагі дзяцей-гледачоў», — кажа Радэскі.

YouTube мае рэкамендацыі па якасці відэаролікаў, якія не ўхваляюць прапаганду нездаровага харчавання. Аднак, па словах Радэскі, нягледзячы на гэта, яе даследаванні не выявілі заўважных прыкмет паляпшэння якасці кантэнту.

Яна кажа, што, у адрозненне ад традыцыйнай тэле— і кінаіндустрыі, дзе ёсць рэйтынгавыя дошкі, што вызначаюць, які кантэнт падыходзіць для розных груп, інтэрнэт не мае такога эквіваленту. Таму ён не дае гарантыі таго, што «які-небудзь чалавек хоць калі пераглядаў кантэнт, каб пераканацца, што ён падыходзіць для вашага трохгадовага дзіцяці».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0