Кадр з відэа «Настоящее время»

Кадр з відэа «Настоящее время»

Трапіць на эвакуацыйны цягнік з Дняпра да Львова Ганна разам з дачкой змаглі не з першага разу. На вакзале жанчыне стала дрэнна з сэрцам, мінакі выклікалі хуткую дапамогу. «Забралі ў рэанімацыю. Ляжала там чатыры дні. Першыя дні я ляжала ў адным аддзяленні, потым у гэты ж дзень нас перавялі ў іншае. Не памятаю, як называецца, наогул не па профілі, скажам так. У тое аддзяленне, дзе мы ляжалі, у кардыялогіі, завозілі параненых. Месцаў не хапала», — успамінае ўкраінка.

Цяпер яна ў Літве.

Пасля гэтага Ганна вырашыла падаць у суд на Расію. У іску ўкраінка адзначае, што праз сардэчны прыступ на вакзале ў яе з'явіліся хранічныя праблемы са здароўем: цяпер ёй нельга займацца спортам і трэба рэгулярна прымаць медыкаменты. У заяве Ганна пазначае, што праблемы са здароўем у яе ўзніклі праз перажыты стрэс на фоне расійскага ўварвання ва Украіну.

Адна з галоўных задач іску, кажа юрыст і муж Ганны Ігнат Кучэрын, — стварэнне прэцэдэнту: «Каб тыя, хто знаходзіцца цяпер ва Украіне, таксама маглі падаваць у суд і атрымліваць свае рашэнні са сваёй сітуацыяй. І калі кожны грамадзянін сваю сітуацыю замацуе рашэннем суда, усё роўна дзе, усё роўна ў якой краіне, я думаю, гэта пасля можна будзе пакласці ў судзе над ваеннымі злачынцамі расійскімі ў аснову прысуду».

Адказчыкам у судзе ад Расійскай Федэрацыі выступае прадстаўнік амбасады краіны ў Літве. Спагнаць на карысць Ганны плануюць 137 мільёнаў еўра. Такая пазіцыя, кажа Ігнат Кучэрын, пабудаваная на прэцэдэнце ў тым ліку былога супрацоўніка кампаніі Tesla Оўэна Дыяса, які больш за паўгода падвяргаўся расісцкім абразам на працы. Прысяжныя задаволілі яго іск на суму 137 мільёнаў даляраў — суд зрэзаў кампенсацыю да 15 мільёнаў.

Але, паўтарае юрыст, галоўная мэта іску яго жонкі — не грошы, а стварэнне прэцэдэнту.

Суд Літоўскай Рэспублікі ўжо прыняў да разгляду заяву Ганны Кучарынай з Дняпра. Нават калі, кажа яе юрыст, іскавыя патрабаванні не будуць задаволеныя ў Літве, сям'я мае намер ісці ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. У расійскай амбасадзе іск каментаваць не сталі.

Клас
41
Панылы сорам
2
Ха-ха
7
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
2