Фота: dev.by

Фота: dev.by

Па даных EPAM, калі на канец 2021 года ў офісах кампаніі ў Беларусі працавала 9,4 тысячы вытворчых спецыялістаў, то на канец 2022 года ў два разы менш — усяго 4,5 тысячы чалавек.

У лік вытворчых спецыялістаў EPAM уключае не толькі інжынераў, гэта і іншыя пазіцыі на ІТ-праектах.

Паводле інфармацыі Dev.by, усяго ў беларускім EPAM на канец 2022 года — з улікам усіх спецыялістаў — засталося каля 6 тысяч чалавек з 10+ тысяч.

Апошні раз менш за 5 тысяч вытворчых супрацоўнікаў у штаце было 8 гадоў таму — у 2014 годзе.

У першую хвалю рэлакацыі (пасля выбараў — у 2020-2021 гадах) штат беларускага офіса EPAM не моцна пацярпеў. Кампанія знайшла замену спецыялістам, якія з'ехалі ці звольніліся.

Другая хваля рэлакацыі — пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну — аказалася больш маштабнай. EPAM прыйшлося перавозіць супрацоўнікаў у іншыя лакацыі, таму што частка заказчыкаў адмовілася працаваць з айцішнікамі ў Беларусі. Некаторыя заказчыкі сышлі з краіны з-за рызык і санкцый і прыпынілі праекты. 

Адток спецыялістаў таксама справакавалі асцярогі наконт магчымай мабілізацыі.

Акрамя таго, у мінулым годзе працягваліся затрыманні айцішнікаў, у тым ліку з EPAM, па палітычных матывах.

З-за рэзкага адтоку спецыялістаў беларускі офіс EPAM выпаў з топ-3 самых буйных лакацый у кампаніі.

Самы буйны офіс EPAM па-ранейшаму ва Украіне. На канец мінулага года там працавала 10,5 тысячы вытворчых спецыялістаў. Прычым праз вайну ўкраінская каманда скарацілася не так моцна, як беларуская — усяго на 15%.

Сумарна ў Беларусі і Украіне на канец мінулага года працавала 15 тысяч вытворчых спецыялістаў — 28,4% ад глабальнага штату EPAM. За год беларуска-ўкраінская каманда скарацілася амаль на 7 тысяч спецыялістаў.

Гэта запланаванае скарачэнне, а выніковая лічба супадае з разлікамі Dev.by, зробленымі раней з улікам планаў EPAM.

У траўні Аркадзь Добкін заявіў, што да канца 2022 года кампанія збіраецца скараціць каманду вытворчага штату ў рэгіёне прыкладна да 30% ад глабальнага.

У справаздачнасці EPAM не згадваецца Расія, якая ўваходзіла да лютага 2022-га ў топ-3 самых буйных лакацый. Пасля пачатку вайны EPAM заявіў пра сыход з расійскага рынку. На канец другога квартала з 9+ тысяч супрацоўнікаў там заставаліся працаваць каля тысячы.

Затое ў топ-3 нечакана аказаўся офіс у Індыі. За мінулы год каманда вытворчых спецыялістаў там вырасла на 35% да 5,9 тысячы чалавек.

Інтэнсіўна летась расла каманда EPAM у Польшчы. Калі на канец 2021 у штаце працавала 3+ тысячы вытворчых спецыялістаў, то на канец мінулага года на 85% больш — амаль 5,7 тысячы. А агульны штат EPAM у Польшчы з улікам усіх спецыялістаў на сёння перавышае 7 тысяч чалавек (у канцы 2021 было 4+ тысячы).

У 4,5 разу вырасла за мінулы год каманда EPAM у Літве. Цяпер у штаце 1,5+ тысячы зарэгістраваных спецыялістаў. Акрамя таго, EPAM Sistemos упершыню стала найбуйнейшым ІТ-бізнэсам Літвы па суме выплачаных падаткаў. За 2022 год дачка EPAM выплаціла ў літоўскі бюджэт 10,4 мільёна еўра падаткаў — у 6,5 разу больш, чым у 2021 годзе.

Клас
12
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
1