Гродзенская пракладка

Віктар Русак прапрацаваў на «Гродна Азоце» больш за 30 гадоў. Займаў розныя пасады: ад майстра да начальніка ўпраўлення сацыяльнага развіцця.

Паралельна набірала абароты і яго кар'ера чыноўніка. З 2016 па 2019 год ён быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ўзначаліў выбарчую камісію на ўчастку ў інтэрнаце «Гродна Азота».

У ліпені 2021 года Віктар Русак атрымаў новую пасаду — стаў дырэктарам створанага напярэдадні прадпрыемства «Грыком». Належыць яно гродзенскаму выканкаму. 

Неўзабаве ў пастаўках угнаенняў на захад менавіта «Грыком» заменіць «Гродна Азот», які трапіў пад санкцыі. Але толькі на паперы, высветлілі актывісты «Рабочага руху».

Да іх у рукі трапіў акт загрузкі на адну з фур, якую яны нядаўна спынілі на літоўскай мяжы. Ён зроблены на бланку «Гродна Азоту», і ў ім выразна прапісана, што менавіта на гэтым прадпрыемстве грузавік забраў карбамід. Пячатка на акце — таксама «Гродна Азоту».

Ёсць дакумент і на сам карбамід — сертыфікат якасці. У ім вытворцам угнаення пазначаны «Гродна Азот».

Урэшце, у распараджэнні Беларускага расследавальніцкага цэнтра апынулася копія дамовы, згодна з якой «Грыком» за ўзнагароджанне абавязваецца прадаваць прадукцыю «Гродна Азоту». Памер гэтага ўзнагароджання асобна паказваецца ў спецыфікацыях.

Крыніца: БРЦ

Крыніца: БРЦ

Таксама знайшлі дамову «Грыкома» з сербскай фірмай Wakler. Паводле яе ўмоў, на працягу года «Грыком» абавязваецца паставіць у Сербію карбаміду прыкладна на 20 млн еўра. Пры гэтым, як стала вядома ад саміх перавозчыкаў, аўтамабілі сербскіх заказчыкаў загружаюцца ўгнаеннямі на тэрыторыі «Гродна Азота», а кіроўцы падпісваюцца на яго фірмовых бланках. Пры гэтым Сербія далучылася да санкцый ЕС супраць «Гродна Азота».

Менавіта ў Сербію, для фірмы Wakler, везлі карбамід фуры, спыненыя актывістамі «Рабочага руху» на мяжы. З просьбай пракаментаваць тое, што адбылося, БРЦ звярнуўся да дырэктара і саўладальніка гэтай фірмы Жэлька Эрцэга. Ён заявіў, што не ведае пра такую сітуацыю.

Дырэктар «Грыкома» Віктар Русак гаварыць з расследавальнікамі па тэлефоне адмовіўся. Аднак крыніцы «Рабочага руху» паведамілі, што з «Гродна Азота» ён атрымлівае на подпіс дакументы, пры дапамозе якіх прадпрыемства спрабуе абыходзіць санкцыі. Іх рыхтуюць спецыялісты завода. Яны ж шукаюць кліентаў, вядуць з імі перамовы, а потым — прапануюць схему абыходу санкцый праз «Грыком», паведамілі «Рабочаму руху» інсайдары.

Але гэта толькі адна «пракладка» «Гродна Азота» для паставак у Еўропу. Як БРЦ удалося высветліць разам з літоўскім даследчым цэнтрам Siena, галоўныя маршруты шэрага экспарту ўгнаенняў з Беларусі — чыгуначны і марскі.

Дубайскі афшор

На беразе Персідскага заліва размясціўся найбуйнейшы гандлёвы і фінансавы цэнтр Блізкага Усходу — Дубай. Эмірат знакаміты сваімі свабоднымі эканамічнымі зонамі і спрошчаным падаткаабкладаннем, дзякуючы чаму ўваходзіць у топ-3 цэнтраў рээкспарту ў свеце.

Менавіта тут, побач з самым вялікім портам Персідскага заліва, знаходзіцца штаб-кватэра дубайского партовага аператара DP World. Ён уваходзіць у склад холдынгу Dubai World, якім валодае ўрад эмірата Дубай. У маі 2016 года з гендырэктарам DP World султанам Ахмедам бен Сулаймам сустракаўся Аляксандр Лукашэнка. Тады ён заявіў пра гатоўнасць рэалізоўваць з ААЭ сумесныя лагістычныя праекты.

Праз амаль шэсць з паловай гадоў гісторыя гэтага супрацоўніцтва набыла нечаканы паварот.

У кастрычніку 2022 года малавядомая беларуская кампанія «Тэхнаспецтрэйдынг» атрымала ад Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю разавую экспартную ліцэнзію на пастаўкі карбаміду. Пакупнік — эмірацкая фірма DP World Commodities and Logistics FZE, размешчаная па тым самым адрасе, што і цэнтральны офіс DP World.

У распараджэнні супрацоўнікаў Siena апынуліся дакументы, згодна з якімі «Тэхнаспецтрэйдынг» планаваў паставіць у Эміраты 30 тысяч тон карбаміду коштам 15 млн еўра.

Крыніца: БРЦ

Крыніца: БРЦ

Дзякуючы атрыманым накладным удалося дакладна адсачыць шлях гэтых угнаенняў, сустрэўшы ў іх згадкі пра неаднаразовых фігурантаў расследаванняў БРЦ і доказы абыходу санкцый.

Перш за ўсё быў вывучаны сертыфікат якасці, згодна з якім «Тэхнаспецтрэйдынг» пастаўляў у Дубай карбамід. Угнаенне адпавядае стандарту ДАСТ 2081-2010. Дакладна такі ж прадукт выпускаюць на «Гродна Азоце». Дакладней, толькі там, калі гаворка ідзе пра Беларусь. У гэтым БРЦ запэўнілі дзве незалежныя адна ад адной крыніцы: былы супрацоўнік «Гродна Азот» Юрый Рававы, які ўзначальваў страйкам прадпрыемства, і літоўскі эксперт па ўгнаеннях Армінас Кільдышыс.

Аднак «Тэхнаспецтрэйдынг» пазіцыянуе сябе не толькі як пастаўшчык, але і як вытворца карбаміду. Праекты такой велічыні ў Беларусі анансуюцца за гады да старту работ. Аднак у прэсе падобнай інфармацыі не было. Затое былі паведамленні аб тым, што ўлады ў разгар санкцый збіраюцца павялічыць на «Гродна Азоце» аб'ёмы вытворчасці аміяку, з якога пасля будзе выраблены карбамід. На мадэрнізацыю цэхаў плануюць выдаткаваць 270 млн даляраў.

Па каментары БРЦ адправіўся па адрасе «Тэхнаспецтрэйдынгу». Дапускалася, што там будзе развітая вытворчасць, улічваючы наяўнасць у кампаніі міжнародных кантрактаў. Але высветлілася, што фірма зарэгістраваная ў прыватным мінскім сектары ў Дражні, а яе офіс — гэта звычайны катэдж.

Фота: БРЦ

Фота: БРЦ

Вытворчасці карбамідаў у гэтым катэджы не знайшлі. Затое вынікі даў далейшы пошук сувязяў паміж «Тэхнаспецтрэйдынгам» і «Гродна Азотам». Так, карбамід, нібыта выраблены на «Тэхнаспецтрэйдынгу», загружаўся ў вагоны на чыгуначнай станцыі «Аульс», размешчанай побач з «Гродна Азотам».

Перасячэнні знайшліся і ў штатах супрацоўнікаў двух прадпрыемстваў. З дапамогай «Кіберпартызан» БРЦ даведаўся, што спецыяліст па лагістыцы «Тэхнаспецтрэйдынгу» Сяргей Пілец і інжынер гэтай фірмы Пётр Пасікаў — былыя работнікі «Гродна Азота».

Гэтыя факты пацвярджаюць, што «Тэхнаспецтрэйдынг» — яшчэ адна «пракладка» «Гродна Азота». Не выключана, што яе выкарыстоўваюць для паставак у Еўропу ў абыход санкцый, а эмірацкія пакупнікі — гэта толькі прыкрыццё.

«Наколькі мне вядома, у Эміратаў і суседніх краін дастаткова газу, каб самім займацца экспартам карбаміду. Думаю, гэтая [закупка ў Беларусі] была б крыху нелагічнай. Наколькі я ведаю, карбамід экспартуецца і выкарыстоўваецца ў краінах, дзе аміячная салетра і вапнава-аміячная салетра не выкарыстоўваюцца. У асноўным гэта Францыя і Германія», — сказаў эксперт па ўгнаеннях Армінас Кільдышыс.

Расследавальнікі з Siena звязаліся з уладальнікам «Тэхнаспецтрэйдынгу» Дзмітрыем Гашко, але ён адмовіўся ад каментароў, спаслаўшыся на занятасць.

Фірмы-прывіды

З накладной «Тэхнаспецтрэйдынгу» стала вядома, што экспедытарам пастаўкі карбамідаў у Дубай была кампанія «Рузэкспедыцыя». Яна зарэгістраваная ў асобай эканамічнай зоне «Брэміна-Орша» і вызваленая ад часткі падаткаў.

Раней фірма належала лагістычнаму аператару «Брэміна груп», якім валодаюць Аляксей Алексін, Мікалай Варабей і Аляксандр Зайцаў. Усе яны — пад санкцыямі ЕС як «кашалькі» Аляксандра Лукашэнкі. Саму «Рузэкспедыцыю» абмежаванні абышлі: у 2020 годзе яе ўладальнікам стаў Яўген Карахацін — давераная асоба Зайцава.

Затым у ланцужку пастаўкі карбамідаў увагу расследавальнікаў прыцягнуў імпарцёр грузу ў Літве — фірма Rogera, зарэгістраваная ў Каўнасе. Супрацоўнік расследавальніцкага цэнтра Siena Шарунас Чарняўскас адправіўся па адрасе рэгістрацыі гэтай кампаніі, аднак убачыў на гэтым месцы гараж. Уладальнік Rogera не выйшаў з расследавальнікамі на сувязь.

У той жа час БРЦ добра знаёмыя кіраўнікі фірмы Ferteksos Transportas, якая абслугоўвала груз у пастаўцы «Тэхнаспецтрэйдынгу» для Дубая. Гэтая кампанія — частка схемы выпампоўвання грошай з «Беларуськалія». Галоўны фігурант той гісторыі — тэрмінал БКТ — таксама апынуўся ў ланцужку паставак карбамідаў у ААЭ: менавіта ў гэтым тэрмінале іх перагружалі.

Прадстаўнікі БКТ запэўнілі, што любы груз, з якім працуюць у гэтым тэрмінале, правяраюць дзяржаўныя ўстановы Літвы і кампанія цалкам давярае іх кампетэнцыі. БКТ таксама сцвярджае, што не мае ніякіх стасункаў з кампаніямі «Гродна Азот», «Тэхнаспецтрэйдынг» і Rogera.

Давялося прыгледзецца і да ўладальніка вагонаў, у якія грузілі карбамід, — беларускай кампаніі «Глобал Фертылайзер Компані», якую заснавала грамадзянка Расіі Дыяна Ібрагімава. У тэлефоннай размове яна прызналася, што мае пра сваю фірму вельмі цьмянае ўяўленне, і перанакіравала з пытаннямі да чалавека, які сапраўды займаецца гэтым бізнэсам — нейкай Ірыны Фадзеевай.

Фадзеева — былая супрацоўніца канцэрна «Белнафтахім», у які ўваходзіць «Гродна Азот». З 2001 па 2008 гады КДБ выдавала ёй спецыяльны дазвол на выезд. Неабходнасць такога дакумента можа сведчыць пра наяўны ў яе доступ да сакрэтнай інфармацыі, звязанай з нацыянальнай бяспекай.

У размове з расследавальнікамі Фадзеева расказала, што як юрыстка дапамагла «Глобал Фертылайзер» з рэгістрацыяй, але не ведае, чым займаецца гэтая фірма.

Усе гэтыя матэрыялы перадалі міністру транспарту і камунікацый Літвы Марус Скуодзісу. Ён абяцае разабрацца з гэтымі пастаўкамі:

«Мяркуючы па прадстаўленай вамі інфармацыі, гэта падобна на нейкую схему. Таму што адкуль едзе груз і хто яго вытворца — усё вельмі ясна. У найбліжэйшы час, наколькі я ведаю, ужо рыхтуюцца дакументы. Я буду звяртацца ў дзяржорганы — і пракуратуру, і ў службу па расследаванні фінансавых злачынстваў, каб яны разабраліся [ў сітуацыі]».

Каб спыніць нелегальныя пастаўкі, у «Літоўскай чыгунцы» прапануюць распаўсюдзіць санкцыі не толькі на «Гродна Азот» як на вытворцу ўгнаенняў, але таксама на яго прадукцыю.

Чытайце таксама:

Прадукцыю з падсанкцыйнага «Гродна Азота» везлі ў Сербію. Падрабязнасці акцыі «Рабочага руху»

Клас
30
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
12