З лютага па май самцы аленяў самі скідаюць рогі, і збіраць іх у лесе ў прынцыпе не забараняецца. Але ёсць розніца, дзе збіраць. Напрыклад, у Белавежскай пушчы дзейнічае цэлы шэраг правілаў і абмежаванняў, бо гэта прыродная тэрыторыя з асаблівай аховай.

На тэрыторыі запаведнай зоны нацыянальнага парку, а таксама ягоных паляўнічых вальераў у Пружанскім і Камянецкім раёнах увогуле забаронена знаходзіцца без дазволу, за гэта маюць права аштрафаваць да 30 базавых велічынь. Нельга там таксама рухацца і паркаваць механічныя транспартныя сродкі па-за дарогамі і спецыяльна абсталяванымі месцамі, штраф за парушэнне такі самы.

Ну, і калі рагатая жывёліна па нейкіх прычынах загінула і чалавек знайшоў яе труп, то рогі аленя разам з чэрапам таксама не нічыйныя. У адпаведнасці з правіламі палявання яны ўласнасць карыстальніка паляўнічых угоддзяў. Таму пры выяўленні параненых, загінулых, траўмаваных дзікіх жывёл забараняецца самавольна іх здабываць, разбіраць або перамяшчаць (транспартаваць) іх тушы або часткі туш, выкарыстоўваць прадукцыю (мяса, шкуру, рогі і іншае). Калі некаму «пашчасціла» на такое патрапіць, то трэба пра гэта паведаміць ці ўладальніку паляўнічай гаспадаркі, ці ў МНС, ці ў міліцыю, а чапаць нельга. 

Той чалавек, які забраў рогі з мёртвай жывёліны сабе, нікога не пытаючыся, усіх гэтых нюансаў, магчыма, не ведаў. Таму Свіслацкі РАУС распачаў супраць яго крымінальную справу «за незаконнае перамяшчэнне або разбіранне дзікіх жывёл, у тым ліку загінулых, або іх частак у асабліва буйным памеры».

Клас
0
Панылы сорам
3
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
20