Ад цішотак да паштовак часоў БНР

Андрэй Мялешка расказвае, што ідэя адкрыцця чагосьці падобнага існавала яшчэ з 2021 года, але рэалізаваць яе атрымалася толькі зараз.

Пасля ліквідацыі гродзенскай крамы беларускіх колераў «Адметнасць» у Батумі атрымалася перавезці шмат рознага тавару. Уладальнік крамы займаецца калекцыянаваннем даўніны, таму вырашыў у Грузіі рэалізоўваць некаторыя элементы сваёй калекцыі: 

«У 2020 годзе ўдалося знайсці ў Гародні кукарды з «Пагоняй», якія насілі міліцыянты ў Беларусі яшчэ ў 90-я гады ХХ стагоддзя. У нас таксама ёсць у крамцы такія рарытэты, як арыгінальныя маркі Асобнага Атрада БНР з пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя з маёй асабістай калекцыі», — распавядае Андрэй.

Акрамя беларускай сімволікі, у краме ёсць таксама ўкраінская і грузінская.

IMG_8342.JPG

IMG_8343.JPG

Фота: асабісты архіў Андрэя Мялешкі

Аўтарскі асартымент, які беларускія майстры робяць у Батумі

Асноўны асартымент — нацыянальныя сцягі і значкі, таксама карыстаюцца попытам кубкі і цішоткі, якія Андрэй робіць у супрацы з крамай «Адметнасць», што перабазавалася ў Беласток. Таксама на паліцах крамы можна знайсці вырабы са шкла і дрэва, гумовыя бранзалеты з сімволікай на любы густ.

Наладзілі шчыльную супрацу і з беларускімі рамеснікамі: 

«На месцы ў Батумі мы маем некалькі беларускіх майстроў, якія вяжуць шалікі, шкарпэткі з нацыянальнай сімволікай. Адна беларуска прыносіць да нас у крамку шакалад ручной работы ў выглядзе анёлкаў і сэрцайкаў. А ад украінскіх майстроў маем некалькі аўтарскіх цішотак і шопераў, пернікі і брошкі. Наша сям’я робіць таксама лялькі і маскі для сну, якія таксама набываюць беларусы», — дзеліцца ўладальнік крамы.

На гэты момант асартымент аўтарскіх работ складае каля 25—30%, «але, думаю, з цягам часу ён будзе павялічвацца. Бо пасля першых аб’яў у сацыяльных сетках пачалі прыходзіць першыя майстры, якім цікава прадаваць сваю прадукцыю», — дадае Андрэй.

Партрэт сярэдняга пакупніка сімволікі

Згодна з назіраннямі ўладальніка крамы, сярэднестатыстычны пакупнік — гэта малады беларус ці беларуска ўзростам каля 30—40 год, якія прыехалі ў Грузію ў 2021—2023 гадах. «Чалавек з сярэднім дастаткам, які можа набыць за адзін раз нешта на суму ад 15 да 20 даляраў. Таксама сярод пакупнікоў у нашай крамцы цяпер вялікая колькасць украінцаў і ўжо пачынаюць заходзіць і грузіны, якія набываюць значкі як з украінскай, так і з беларускай сімволікай», — рэзюмуе бізнэсовец.

Крама беларускай сімволікі знаходзіцца ў Батумі па адрасе: вуліца 26 Мая, 41. За навінкамі крамы можна сачыць і ў інстаграме.

Клас
27
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0