Фота: Seth Wenig, AP

Фота: Seth Wenig, AP

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен даў вялікае інтэрв'ю часопісу The Atlantic, у якім распавёў пра некаторыя нюансы дыпламатычнай і вайсковай падрыхтоўкі Украіны яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання Расіі. Стэнаграма інтэрв'ю была апублікавана на сайце Дзярждэпартамента ЗША 23 лютага перад гадавінай пачатку вайны.

У ім Блінкен распавёў, што яшчэ перад вайной ЗША некалькі месяцаў закулісна рыхтавалі Украіну да адбіцця першапачатковага ўдару па Кіеве.

«Яшчэ да расійскага ўварвання мы некалькі месяцаў працавалі над тым, каб ва ўкраінцаў была неабходная зброя і высокі ўзровень арганізаванасці для адбіцця першага ўдару па Кіеве з паўночнага кірунку, які мы сапраўды прадбачылі загадзя. Зразумела, што і Украіна, і Еўропа, і міжнародная супольнасць і так ведалі пра падрыхтоўку Расіі да вайны, аднак нашы эксклюзіўныя звесткі тычыліся менавіта таго, што канкрэтна Расія збіраецца рабіць на стратэгічным і тактычным узроўнях», — распавёў Блінкен.

Паводле яго слоў, гэтыя самыя звесткі ён па просьбе Байдэна асабіста перадаў Зяленскаму падчас аднаго з афіцыйных мерапрыемстваў у Еўропе яшчэ ў кастрычніку 2021 года.

«Я падзяліўся з прэзідэнтам Зяленскім усімі тымі разведданымі, што ў нас былі. Ён паставіўся да гэтага вельмі сур'ёзна і стаічна, задаў некалькі пытанняў і прывёў некаторых сваіх дарадцаў, каб мы разам абмеркавалі далейшыя дзеянні. Украінскае кіраўніцтва вырашыла рыхтавацца да гэтага ціха, бо хацела пазбегнуць панікі сярод насельніцтва і эканамічнага ўрону разам са зніжэннем замежных інвестыцый.

Так што, можа быць, менавіта з-за гэтага людзі былі крыху здзіўлены тым, наколькі добра ўкраінцы спраўляліся ў пачатку вайны і працягваюць спраўляцца цяпер», — сказаў Блінкен.

На яго думку, ЗША не чакалі, што Украіна зможа даць такі адпор Расіі. Зараз у прыярытэце стаіць фіксацыя доўгатэрміновага і стабільнага міру без тэрытарыяльных кампрамісаў з боку Украіны, бо фактычна Расія ўжо прайграла гэтую вайну і не зможа дасягнуць сваіх мэт.

«Пуцін пацярпеў фундаментальную няўдачу — Украіна была, ёсць і застанецца суверэннай, незалежнай краінай. Цяпер жа галоўнае зафіксаваць гэты вынік на дыпламатычнай і ваеннай ніве, каб гэтага больш не паўтарылася.

Мір павінен быць трывалым і справядлівым, таму мы максімальна прыкладаем намаганні, каб дапамагчы ім зараз вярнуць тэрыторыю, якая была ў іх адабрана з 2022 і з 2014 года. Усе галоўныя рашэнні аб сваім лёсе прымаюць самі ўкраінцы», — адзначыў Блінкен.

Таксама дзяржсакратар дадаў, што ЗША актыўна сочаць за адносінамі Расіі і Кітая, якія могуць выліцца ў адкрытую вайсковую падтрымку з боку апошняга. Пры гэтым ён прызнаў, што Кітай ужо пастаўляў расіянам кампаненты падвойнага прызначэння.

«Кітай у асноўным трымае лінію выканання санкцый і неўмяшання ў вайну, аднак з яго боку ўжо была падтрымка Расіі таварамі і кампанентамі падвойнага прызначэння, але гэта не мела характару ​​прамых вайсковых паставак. Але зараз Кітай, паводле нашай інфармацыі, сур'ёзна пра гэта задумваецца, таму мы ўсяляк імкнёмся даць яму зразумець, што гэта будзе катастрафічнай памылкай», — падзяліўся Блінкен.

Яго фінальным пасылам у інтэрв'ю было тое, што міжнароднае заканадаўства і парадак — гэта вынік сумеснай працы не толькі заходніх дэмакратый, але і іншых дзяржаў з рознымі формамі праўлення і з рознымі палітычнымі поглядамі на ўсёй планеце.

На думку Блінкена, ЗША імкнуцца падтрымліваць гэтую шматпалярнасць і не даваць агрэсарам парушаць законы і ўносіць у свет хаос.

«Калі любая агрэсія будзе працягвацца бяскарна, яна можа адчыніць скрыню Пандоры, што пераканае іншых патэнцыйных агрэсараў у такой жа беспакаранасці», — падагульняе ён.

Чытайце яшчэ:

«Беларусы ваяваць не прагнуць». Выданне The Wall Street Journal зняло рэпартаж з беларуска-ўкраінскай мяжы

У ISW патлумачылі, чаму Пуцін не пракаментаваў гадавіну ўварвання Расіі ва Украіну

«13:00 узяцце Кіева. 18:00 канцэрт Газманава». Стэнаграма і храналогія таго, што беларускія прапагандысты ў экстазе пісалі 24—25 лютага 2022 года

Клас
25
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
1