BYPOL увечары 26 лютага паведамляў, што сілавікі пачалі адпрацоўваць сацсеткі, каб выявіць тых, хто каментуе падрыў расійскага самалёта ў негатыўным ключы.
Прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аб’яднанага пераходнага кабінета Аляксандр Азараў у сувязі з гэтым пракаментаваў сітуацыю, звязаную з падрывам самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах:
«Учора адбыліся нарады супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў — адсюль усе дадатковыя праверкі на мяжы, блокпасты на дарогах і затрыманні тых, хто пражывае ў населеных пунктах побач з Мачулішчамі. Тым беларусам, якіх раней затрымлівалі за пратэсты і якія могуць быць у базе ўдзельнікаў пратэстаў, важна яшчэ раз нагадаць, каб яны трымаліся правілаў лічбавай бяспекі: выдалілі з тэлефонаў і іншых прылад усю інфармацыю, якая можа нейкім чынам іх скампраметаваць у вачах карнікаў, а таксама не захоўвалі дома анічога, што магло б выклікаць падазрэнні сілавікоў у датычнасці да пратэснай і партызанскай дзейнасці».
Учора каля 9-й раніцы на аэрадроме ў Мачулішчах былі чутныя два выбухі. Паведамлялася, што пацярпеў вельмі каштоўны расійскі самалёт дальняй разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Усяго такіх самалётаў у Расіі, спраўных і няспраўных, дзевяць. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.