Акцыя беларусаў у Вільні. Фота: офіс Святланы Ціханоўскай

Акцыя беларусаў у Вільні. Фота: офіс Святланы Ціханоўскай

28 лютага ў Вільні былі прадстаўленыя вынікі даследавання міграцыйных працэсаў з Беларусі ў Літву за апошнія 20 гадоў. Праводзіў даследаванне інстытут «Палітычная сфера» ў рамках праекта European Network for Belarus.

Істотную ўвагу на міграцыю звярнулі пасля 2020 года. У адрозненне ад іншых, гэтае даследаванне было заснаванае не на анкетаванні ці інтэрв'ю, а на зборы і аналізе шырокага масіву статыстычных даных пра грамадзян Беларусі ў Літве. У першую чаргу выкарыстоўваліся даныя Дэпартамента міграцыі МУС Літвы і спецыяльная статыстыка літоўскага Міністэрства адукацыі. 

Даследаванне дазволіла вызначыць колькасць грамадзян Беларусі ў Літве, іх сферу занятасці і месца навучання, кваліфікацыю, узроставую і палавую структуру, суадносіны палітычнай і працоўнай міграцыі, уплыў на міграцыйныя працэсы палітычнага крызісу 2020 і вайны ва Украіне 2022 года, узровень міграцыі сем'яў з дзецьмі і іншае.

Аналіз даных дазваляе атрымаць заснаванае на фактах уяўленне пра памер, склад, прычыны і гісторыі фармавання новай беларускай дыяспары ў Літве, таксама перагледзець шмат міфаў і стэрэатыпаў у дачыненні да яе.

Высновы аўтараў істотна адрозніваюцца ад вынікаў даследавання беларускай дыяспары ў Літве, заснаваных на сацыялагічных апытаннях. У 2022 годзе было не менш за тры такія апытанні і ўсе яны мелі істотныя праблемы.

1. Усяго ў Літве жыве да 48 тыс. грамадзян Беларусі (рэальная лічба можа быць меншай, але наўрад ці меншай за 40 тыс.). З іх пасля крызісу 2020 прыехала 19-25 тыс. Гэта значыць, палова — гэта «старая» міграцыя. 

Андрэй Казакевіч на падставе гэтага адзначае: «Усе даследаванні, дзе сярод апытаных пад 80% і больш прыехала пасля 2020 года, маюць праблему з рэпрэзентатыўнасцю».

2. Палітычная міграцыя складае 30-50% ад тых, хто прыехаў, гэта значыць, дзесьці 9-12 тысяч. Гэта ў генеральнай сукупнасці каля 25%.

Казакевіч падкрэслівае: «Нават калі ўсіх, хто прыехаў пасля 2020 года, запісаць у «палітычныя» (што далёка не так), атрымаецца толькі палова».

3. Структура паводле полу. У міграцыі з Беларусі ў Літву дамінуюць мужчыны (70-90 працэнтаў). У адрозненне ад міграцыі ў Нямеччыну і Італію, дзе жанчын якраз каля 70%.

4. Сфера занятасці. Тут абсалютна дамінуе транспарт і лагістыка. У гэтых сферах у 2021 годзе было працаўладкавана 68,82% грамадзян Беларусі. Яшчэ 16,2% былі занятыя ў будаўніцтве, а 4,8% — у апрацоўчай прамысловасці. Доля IT на рынку працы — 5,58 працэнта.

Па словах Андрэя Казакевіча, «нават калі ўсіх часова не занятых і г.д. аднесці да «творчых» галін, сферы абслугоўвання і да таго падобнага, на лагістыку і іншае прыйдзецца каля паловы. Гэта значыць, вельмі далёка ад ІТ-НДА-гламурнага вобраза, якія будуюць СМІ».

5. Сямей з дзецьмі пераехала пасля 2020 года каля 300. Усяго такіх у Літве каля 500. 63,7% атрымліваюць адукацыю на рускай мове, 15,7% — на беларускай, 13,5% — на літоўскай, 7,1% — на іншых. Літоўскія дзіцячыя сады наведваюць 110 беларускіх дашкольнікаў.

6. Падставы для пражывання. На канец 2022 года часовы від на жыхарства (ВНЖ) у Літве мелі 30 815 беларусаў (у 2021-м — 20 550, у 2020-м — 13 088). Дазвол на пастаяннае пражыванне да канца мінулага года быў выдадзены 505 грамадзянам Беларусі.

Як адзначаюць аўтары, вынікі могуць быць карыснымі для вызначэння запатрабаванняў і інтарэсаў, стратэгіі камунікацыі і працы з дыяспарай, а таксама прагназавання яе развіцця.

Чытаць яшчэ:

Вярнуцца ў Беларусь плануюць 42%. Што паказала даследаванне беларусаў замежжа

Фінансава незалежныя, актыўныя, але траўмаваныя вайной. Выйшла новае даследаванне пра беларусаў у Літве

Клас
83
Панылы сорам
13
Ха-ха
7
Ого
22
Сумна
15
Абуральна
14