У студзені 2023 года стала вядома, што польская пракуратура выставіла абвінавачанне беларусу ў здзяйсненні ДТЗ са смяротным вынікам.

Сваячка кіроўцы распавядала выданню «Мост», што мужчыну не ўзялі пад арышт, сказалі, што паведамяць, калі пачнецца працэс. Аднак на пошту ў Беларусь яму нічога не паступала.

— Ён сам перажывае і не хаваецца, знаходзіцца ў няведанні. З фірмы званілі ў суд, але ім не далі ніякай інфармацыі.

Сваякі паведамілі, што мужчына некалькі разоў наведваў Еўрасаюз, у тым ліку, выязджаў у Літву і Польшчу. І яго ні разу не затрымлівалі польскія праваахоўнікі.

Жанчына таксама расказала, што загінулая дзяўчына на момант аварыі стаяла каля пешаходнага перахода ў навушніках і капюшоне, размаўляла па тэлефоне. Па словах сваячкі, разглядалі нават версію суіцыду.

— Калі ён пад'язджаў да перахода, яна толькі тады выскачыла ці пайшла. Там былі камеры відэаназірання, былі сведкі. Там ніхто не спыняўся, ехала калона дальнабойшчыкаў.

І вось стала вядома, што мужчына атрымаў завочна чатыры гады турэмнага зняволення за смяротны наезд. Суд у Аўгуставе пастанавіў выдаць арыенціроўку на мужчыну: ён аб'яўлены ў вышук. Таксама кіроўца павінен выплаціць сям'і загінулай 50 тысяч злотых маральнай кампенсацыі.

Згодна з прыгаворам суда, мужчына не прытрымліваўся належнай асцярожнасці і не спыніўся перад пешаходным пераходам, каб прапусціць дзяўчыну.

Пакуль прысуд не набыў законную моц. Калі гэта адбудзецца, будзе прымененая працэдура выдачы еўрапейскага ордара на арышт.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
13
Абуральна
0