Выява: pixabay

Выява: pixabay

У ходзе даследавання навукоўцы з University of Texas Southwestern Medical Center змаглі хутка працверазіць п'яных мышэй, падвысіўшы ў іх узровень гармону FGF21, які выпрацоўваецца ў арганізме натуральным шляхам. Неабходна правесці дадатковыя даследаванні, але каманда лічыць, што калі-небудзь FGF21 можна будзе выкарыстоўваць для лячэння вострых эпізодаў атручэння алкаголем.

Гармон FGF21 некалькі гадоў вывучаўся даследчыкамі ў якасці патэнцыйнай абароны ад дзеяння алкаголю. Ён выпрацоўваецца ў печані і дапамагае нам перапрацоўваць некаторыя прадукты (так, і выпіўку ў тым ліку). Даследаванні паказалі, што алкаголь, магчыма, найбольш спрыяе выдзяленню FGF21 як у мышэй, так і ў людзей. Да таго ж яго выпрацоўванне павялічвае смагу ў мышэй падчас алкагольнага ап'янення, што дапамагае прадухіліць абязводжванне арганізма, выкліканае алкаголем.

У сваім даследаванні каманда параўноўвала мышэй, у арганізме якіх адсутнічала здольнасць выпрацоўваць FGF21, са звычайнымі мышамі пасля адной дозы алкаголю. Даследчыкі таксама хацелі паглядзець, што адбудзецца, калі яны зробяць звычайным мышам (у стане алкагольнага ап'янення) дадатковы ўкол FGF21. Цікава, што пад ап’яненнем тут разумелася страта «выпраўленчага рэфлексу», г. зн. здольнасці мышы вярнуцца ў нармальнае становішча пасля таго, як яе паклалі на спіну.

Мышы абедзвюх груп расшчаплялі алкаголь з аднолькавай хуткасцю, але мышы без FGF21 заставаліся п'янымі даўжэй, чым звычайныя мышы. А калі даследчыкі ўвялі мышам дадатковую дозу FGF21, тыя працверазелі ў сярэднім на паўтары гадзіны хутчэй, чым п'яныя мышы кантрольнай групы.

Праца каманды таксама паказвае, што выцверажальнае дзеянне FGF21 адбываецца ад таго, як ён актывуе ўчастак мозга, вядомы як норадрэнергічная нервовая сістэма. Норадрэнергічныя нейроны ў галаўным мозгу ўтвараюць нейрамедыятарную сістэму, якая пры актывацыі павышае ўважлівасць, узбуджэнне і гатоўнасць да дзеяння.

Навукоўцы выявілі, што печань не толькі ўдзельнічае ў метабалізме алкаголю, але і дасылае гарманальны сігнал у мозг, каб абараніць яго ад шкодных наступстваў інтаксікацыі, у тым ліку ад страты прытомнасці і парушэння каардынацыі, распавядае Gizmodo.

Вядома, гэтыя высновы зроблены на аснове эксперымента на мышах, таму магчыма, што дадатковае ўвядзенне FGF21 п'яным людзям не прынясе падобнай карысці. Далей каманда плануе высветліць дакладныя шляхі ў мозгу, якія актывуе FGF21. Калі дадатковыя даследаванні пацвердзяць вынікі эксперымента на людзях, то FGF21 цалкам можа стаць хуткадзейным метадам лячэння алкагольнай інтаксікацыі, якая пагражае жыццю.

Клас
20
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
2