Як вынікае з паведамлення, яго правяралі на датычнасць да «тэрарызму».
«Я за парадак, а не за тэрарызм! Ёсць рэчы, якія я катэгарычна не прымаю. Можна нават сказаць, адназначна ненавіджу. Прыкладам, тэрарызм, які нясе смерць і пакуты людзям», — напісаў журналіст.
Кватэра журналіста пасля вобшуку. Фота: старонка Анатоля Гатоўчыца ў фэйсбуку
Ён дадаў, што служыў у войску, быў афіцэрам запасу, яго вучылі страляць «пераважна з танкаў, дзякаваць богу, па мішэнях, зробленых з тонкага сасняку».
«Калі каму-небудзь з таемнымі намерамі ці дзеля выслужвання надумалася на гэтай падставе прывязаць мяне асабіста да бязлітасна жорсткага гвалту, то не трэба, панове», — напісаў Гатоўчыц.
Як вынікае з допісу, імаверна, дзве гадзіны ён быў на допыце.
Гэта чацвёрты ператрус дома ў Анатоля Гатоўчыца, трэці прайшоў год таму.
Анатоль Гатоўчыц — паўстагоддзя ў журналістыцы. Працаваў у газетах «Советская Белоруссия», «Народная газета», «Наша Свабода» ды некаторых іншых агульнанацыянальных медыя. Цяпер ён на пенсіі, апошні час супрацоўнічае з газетай «Народная Воля».
21 год Гатоўчыц узначальваў гомельскую абласную арганізацыю «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якую рэжым Лукашэнкі ў жніўні 2021 года ліквідаваў, а ў сакавіку 2023 прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем».
Пасля атакі ў Мачулішчах у краіне ідуць павальныя вобшукі і затрыманні.