«У першыя дні былі ператрусы ў вельмі далёкай радні, і з тых людзей не бралі падпіскі аб невыдаванні. Ад іх мы ведаем, што артыкул, паводле якога забіралі Паўла і праводзілі ўсе гэтыя дзеянні, — гэта 361-4», — расказала Ірына Чарняўка.

Які канкрэтна эпізод інкрымінуюць Паўлу Мажэйку, Ірына не ведае.

«Ведаю, што забралі тэхніку з хаты. Прыходзіла мая мама і бачыла, што тэхнікі ў доме няма. Самае цікавае, што гэта тая тэхніка, якую яны ўжо забіралі, трымалі і вярталі. Яна трошачкі пабыла дома, зноў забралі. Для нас гэта выглядае трошачкі бессэнсоўнымі, бяздумнымі рухамі, адзіная мэта якіх — проста закрыць чалавека, каб ён не быў на волі», — сказала Чарняўка.

Некалькі тыдняў таму Павел меў магчымасць сустрэцца з маці і сястрой. Размова ішла праз шкло і тэлефонную трубку. Паводле Ірыны Чарняўкі, маці Мажэйкі

«звярнула ўвагу на сляды хіба што наручнікаў на руках. Калі яго затрымлівалі, мы разумеем, што яго затрымлівалі жорстка. Праз паўгода засталіся сляды наручнікаў на запясцях, гэта, канешне, нас усіх прыводзіць у роспач, што такія рэчы адбываюцца і што мы нічым не можам дапамагчы.

Самае галоўнае, што мы практычна не маем ніякай інфармацыі. Ён быў у добрым стане і казаў, што з ім усё ў парадку».

Паўла Мажэйку затрымалі і арыштавалі 30 жніўня 2022 года ў Гродне пасля вяртання з Польшчы. Артыкул 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) прадугледжвае максімальнае пакаранне да 7 гадоў зняволення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
21