Уладальнікі і супрацоўнікі гандлёвых пунктаў Wildberries аб'явілі на сёння ўсерасійскую забастоўку ў якасці пратэсту супраць палітыкі кампаніі. Як піша «Бaза» і іншыя расійскія СМІ, у многіх рэгіёнах і гарадах Расіі так і не адчыніліся пункты выдачы заказаў.

Пратэст звязаны з тым, што Wildberries без магчымасці аспрэчвання пачаў штрафаваць супрацоўнікаў за вяртанне кліентамі бракаванага ці падмененага тавару, нават калі ён такім не з'яўляецца. Гаворка ідзе пра спісванне 100% кошту такіх тавараў і пра ўтрыманне да 40% заробку. 

Гэта, па словах пратэстуючых супрацоўнікаў, з'яўляецца «перакідваннем страт кампаніі на іх плечы». А ў інтэрнэце ўжо сталі масава з'яўляцца фатаграфіі і відэа з доказамі распачатай забастоўкі.

«Гэта выклікала ў нас шок. Тавар можа быць скрадзены або падменены на складзе, у перавозчыка або ў сартавальным цэнтры — ды дзе заўгодна. Мы шчыра не разумеем, чаму нас зрабілі вінаватымі», — распавёў выданню Forbes адзін з супрацоўнікаў Wildberries.

У сетцы сталі масава з'яўляцца доказы зачыненых пунктаў выдачы заказаў Wildberries па ўсёй Расіі. Фота: сацсеткі

У сетцы сталі масава з'яўляцца доказы зачыненых пунктаў выдачы заказаў Wildberries па ўсёй Расіі. Фота: сацсеткі

У кампаніі ў адказ заявілі, што ніякага «бунту і штурму» не адбываецца, а тыя, хто распаўсюджвае інфармацыю аб закрыцці пунктаў выдачы заказаў, толькі робяць з камара каня.

«Тэлеграм-каналы зрабілі з камара каня і паказалі гэта як «бунт» або «штурм» нашых партнёраў, але яны прадстаўляюць толькі 0,1% ад іх агульнай колькасці», — паведаміла выданню It's My City кіраўніцтва Wildberries.

Акрамя таго, Wildberries пачала дадаткова штрафаваць на 100 тысяч расійскіх рублёў (каля 1300 даляраў) за любую недакладную і абразлівую інфармацыю аб справах кампаніі, а таксама блакаваць вывад сродкаў з платформы для тых супрацоўнікаў і партнёраў, якія маюць даўгі па штрафах.

Пратэстоўцы ж, паводле іх слоў, гатовыя праводзіць забастоўку роўна да таго часу, пакуль не будуць выкананы іх патрабаванні (прыбраць усе запазычанасці па штрафах, атрымаць магчымасць аспрэчвання даўгоў і ўтрыманняў з зарплаты, вярнуць утрыманне за брак і падмену тавару на ранейшыя 25% і інш.).

Усяго ў Расіі плануюць баставаць каля 7 тысяч пунктаў выдачы заказаў Wildberries і звыш 10 тысяч супрацоўнікаў кампаніі.

Аднак, паводле апошніх звестак, кампанія ўжо пачала масава звальняць бастуючых супрацоўнікаў і разрываць кантракты з незадаволенымі ўладальнікамі пунктаў выдачы заказаў. Акрамя гэтага, Wildberries ужо адправіў фуры для таго, каб забраць усе тавары з зачыненых гандлёвых пунктаў, піша «База».

Нагадаем, што яшчэ ў мінулым годзе беларускі філіял Wildberries праводзіў практыку платнага вяртання тавару кліентамі, за што потым быў аштрафаваны. Таксама ў каталогу інтэрнэт-крамы кампаніі пракуратура Гомельскага раёна нядаўна знайшла «тавары з нацысцкай сімволікай».

У самой Беларусі прыкметы правядзеня такой жа забастоўкі, як у Расіі, адсутнічаюць. У мясцовых чатах, прынамсі, згадак пра гэта няма. У беларускім офісе Wildberries на званкі нашага журналіста не адказалі.

Чытайце таксама:

Вялізная хваля арыштаў. Сярод затрыманых — загадчык лабараторыі і былы спецназавец

Следам за шакаладам Ritter Sport у беларускія крамы вярнуліся Merci і Toffifee

«Робіцца невыносна». Міністр эканомікі Сербіі заклікаў увесці санкцыі супраць Расіі

Клас
11
Панылы сорам
5
Ха-ха
12
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
8