Істотна павышаюць штрафы за шэраг злачынстваў

Па агульным правіле штраф можа прызначацца ў памеры ад 30 да 1 000 базавых велічынь (за эканамічныя злачынствы — ад 300 да 5 000 базавых велічынь).

У адпаведнасці са зменамі, за генацыд, экацыд, усе злачынствы, звязаныя з тэрарызмам, стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй, бандытызм, стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання, масавыя беспарадкі, усе злачынствы з раздзела «Злачынствы супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання» (у тым ліку здрада дзяржаве, шпіянаж, дыверсія і ўсё, звязанае з экстрэмізмам) можа дадаткова прызначацца штраф у памеры ад 500 да 50 000 базавых велічынь.

«Атрымліваецца, што максімальны штраф будзе складаць 1,85 мільёна рублёў.

Відавочна, што на гэты момант часцей за ўсё з гэтага пераліку будуць сустракацца злачынствы, звязаныя з экстрэмізмам. Таксама відавочна, што аплата такога вялікага штрафу для большасці грамадзян Беларусі немагчымая. 

Адпаведна, для аплаты будзе выкарыстоўвацца маёмасць абвінавачаных, пры гэтым ніякага супастаўлення памеру штрафу з памерам нанесенай шкоды не будзе патрабавацца. 

Таксама неаплачаны штраф будзе поўнасцю закрываць магчымасць датэрміновага вызвалення асуджаных.

У цэлым гэтыя змены добра ўпісваюцца ў агульную карціну рэпрэсій, якія працягваюцца ў Беларусі», — адзначаюць юрысты. 

Значныя змены ўнесены ў артыкул аб здрадзе дзяржаве

Дададзена, што, акрамя перадачы дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь і іншых краін, да здрады дзяржаве будзе аднесена перадача дзяржаўных сакрэтаў міжнародных арганізацый і міждзяржаўных утварэнняў.

«Відавочна, што пад гэтымі арганізацыямі і ўтварэннямі разумеецца сёння АДКБ і Саюзная дзяржава, аднак застаецца адкрытым пытанне, наколькі ў прынцыпе «дзяржаўныя сакрэты» могуць быць не дзяржаў, а наддзяржаўных утварэнняў. Такім жа чынам зменена і дыспазіцыя артыкула «Шпіянаж».

Таксама пасля прыняцця змен абсалютна любы чыноўнік, які займае дзяржаўную пасаду як у цывільным, так і ў ваенізаваным органе будзе несці павышаную адказнасць за «здраду дзяржаве»

Тое ж тычыцца і ваеннаслужачых.

Цяпер па гэтым артыкуле пагражае ў тым ліку пажыццёвае пазбаўленне волі і смяротнае пакаранне (раней максімальнае пакаранне было роўнае 20 гадам пазбаўлення волі).

Акрамя простага ўзмацнення адказнасці за разгалошванне дзяржаўных або службовых сакрэтаў, у КК таксама ўведзены асобны састаў злачынства — артыкул 375-2 «Парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў».

Пад ім маецца на ўвазе наўмыснае незаконнае перамяшчэнне носьбіта дзяржаўных сакрэтаў.

Увядзенне адказнасці за прапаганду тэрарызму

Крымінальны кодэкс дапоўнены артыкулам 289-1 «Прапаганда тэрарызму». 

Пад прапагандай тэрарызму маецца на ўвазе «распаўсюджванне ў любой форме матэрыялаў і (або) інфармацыі ў мэтах фарміравання ў індывідуальна-нявызначанага кола асоб прыхільнасці да тэрарыстычнай ідэалогіі або прызнання тэрарыстычнай дзейнасці дапушчальнай».

За прапаганду тэрарызму або яго публічнае апраўданне, у тым ліку ў СМІ ці інтэрнэце, будзе пагражаць пакаранне да 3 гадоў пазбаўлення волі са штрафам ці без. 

А калі чалавек быў раней асуджаны за злачынства, звязанае з тэрарызмам, то за прапаганду яму могуць даць да 7 гадоў калоніі са штрафам або без.

«З улікам сумнага досведу па справе Зельцэра можна меркаваць, што любы камплементарны каментар пра тэрарыстычную дзейнасць, якая трактуецца дзяржавай вельмі шырока, можа быць разгледжаны як учыненне гэтага новага злачынства», — адзначаюць юрысты сэрвісу LegalHub.

Дапоўнены артыкул пра дыскрэдытацыю Беларусі

У тэкст артыкула 369-1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» дададзена, што распаўсюджванне загадзя лжывых звестак аб дзейнасці Узброеных Сіл Беларусі, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, ваенізаваных арганізацый таксама ўваходзіць у гэты склад злачынства.

Адказнасць за распаўсюд загадзя лжывых звестак аб ваенным становішчы па гэтым артыкуле існавала і раней.

«Да канца незразумела, ці з'яўляецца гэтая змена вынікам уплыву Расіі. Але ў Беларусі за падобныя дзеянні адказнасць была прадугледжана ўжо дастаткова даўно, а значыць, гэтая змена мала паўплывае на існуючую практыку», — адзначаюць юрысты. 

У адрозненне ад змен, якія ўнеслі ў расійскі КК год таму і якія змяшчаюць вельмі падрабязнае апісанне саставу злачынства, у Беларусі змены выглядаюць нашмат больш лаканічна.

Колькі зараз змогуць трымаць пад вартай да выстаўлення абвінавачання

Гэтым законам устанаўліваецца, што па справах аб здрадзе дзяржаве і шпіянажы затрыманне да выстаўлення абвінавачання можа доўжыцца не стандартныя трое сутак, а дзесяць. Так было раней з шэрагам іншых артыкулаў КК.

Змены па злачынствах, звязаных з тэрарызмам

За частку злачынстваў, звязаных з тэрарызмам (у тым ліку акт тэрарызму і акт міжнароднага тэрарызму), пагражае павышаная адказнасць у выпадку, калі раней гэтай жа асобай здзейснены любыя іншыя дзеянні, звязаныя з тэрарызмам ці экстрэмізмам. 

Раней сувязі тэрарыстычных і экстрэмісцкіх дзеянняў не было.

Чытайце таксама: 
Указ пра «камісію па вяртанні» склалі так, каб ён нічога не гарантаваў. Вось што гэта даказвае

Як выпісацца з кватэры, калі не можаш прыехаць у краіну, і ці трэба для гэтага перадаваць пашпарт?

Вы за мяжой, а вас шукаюць з ваенкамата. Што рабіць?

Клас
3
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
26