«Андрэй Кузмін» «Andrey Kuzmin»

Андрэй Кузьмін

Пра эксперыменты з радыяцыйнай стэрылізацыяй прадуктаў паведаміў дырэктар Інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў НАН Беларусі ў Соснах Андрэй Кузьмін.

Паводле яго, такі метад апрацоўкі — «абсалютна бяспечны» і дае стапрацэнтную стэрыльнасць, якой немагчыма дасягнуць іншымі спосабамі. Радыяцыйнае апраменьванне забівае патагены і не пакідае слядоў, у адрозненне ад «той жа хіміі», настойвае Кузьмін.

Навуковец Сяргей Бесараб сцвярджае: «Апраменьванне пакідае такія ж сляды, як і тая ж хімія». Падчас радыяцыйнага ўздзеяння ўтвараецца мноства гэтак званых «свабодных радыкалаў», з-за якіх жывыя арганізмы хутчэй старэюць, да таго ж яны могуць прывесці да ракавых новаўтварэнняў».

«Сяргей Бесараб» «Sergey Besorab»

Сяргей Бесараб. Фота: сацыяльныя сеткі

Сяргей Бесараб — выпускнік кафедры радыяцыйнай хіміі БДУ, дзе ён займаўся менавіта свабоднымі радыкаламі, якія ўзнікаюць пад уздзеяннем радыяцыі. Яго навуковы кіраўнік, прафесар Алег Шадыра, лічыўся найлепшым спецыялістам у даследаванні ўплыву радыяцыі.

Паводле Бесараба, апрамяненне прадуктаў прыводзіць да змянення смаку, напрыклад, масла становіцца прагорклым, а шакалад можа ўвогуле сапсавацца. Радыяцыйная апрацоўка наймацнейшымі патокамі іанізаваных злучэнняў можа паскорыць такія працэсы ў разы, адзначае ён.

Навуковец лічыць, што ў некаторых выпадках радыяцыйная апрацоўка «ўмоўна бяспечная».

«Найлепей апрацоўваць такім спосабам прадукты, якія ўтрымліваюць як мага менш вільгаці, бо ў аснове ўздзеяння радыяцыі ляжаць кардынальныя змены ў структуры вады, якая ёсць у любым жывым арганізме і ў многіх нежывых аб’ектах», — тлумачыць навуковец.

Па яго словах, «тая ж хімія», якую выкарыстоўваюць для стэрылізацыі, прыводзіць да ўтварэння шкодных рэчываў-акісляльнікаў толькі на паверхні прадукту, а пры радыяцыйнай апрацоўцы гэтыя рэчывы ўзнікаюць адразу ва ўсім яго аб’ёме.

Паводле Андрэя Кузьміна, запатрабаваным апраменьванне будзе для прадукцыі медычнага прызначэння, касметычных сродкаў, прадуктаў харчавання, а таксама ў энергетыцы і ЖКГ. Як прыклад эфектыўнай практыкі выкарыстання такога метаду, згадваецца Вялікабрытанія, дзе нібыта так стэрылізуюць нават каўбасу.

Сергей Бесараб настойвае: звышвялікія «стэрылізацыйныя» дозы радыяцыі прыводзяць не толькі да змены паху, смаку прадуктаў і да разбурэння карысных рэчываў, але нават да ўзнікнення таксічных рэчываў.

«Таму стэрылізаваць адным і тым жа выпраменьваннем медычныя шпрыцы і прадукты харчавання — гэта дурасць, хаця б таму, што патрэбныя розныя дозы радыяцыі. Дарэчы, з мяснымі прадуктамі, з той жа англійскай каўбасой, пра якую згадвае Кузьмін, у свеце пытанне да канца на сёння не вырашана. Такі спосаб даследуецца, і гаворкі пра выкарыстанне яго паўсюль няма», — адзначае ён.

Навуковец лічыць, што за заявамі аб бяскрыўдным радыяцыйным апраменьванні прадуктаў хаваецца змаганне ўлады з радыяфобіяй беларусаў.

Чытайце таксама:

«Гэта зброя выпаленай зямлі». Што такое «брудная бомба» і што рабіць, калі яе падарвуць у Беларусі

«Нямала каштоўных лясоў апынуліся па-за межамі ахоўных тэрыторый». Біёлаг пра тое, што адбываецца з лесам
Клас
28
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
26
Сумна
13
Абуральна
55