Пашпарт Мікалая Будзько. Фота «Дасье»

 Пашпарт Мікалая Будзько. Фота «Дасье»

15 сакавіка ў музеі пры гімназіі зʼявіўся новы экспанат — кувалда ПВК «Вагнер». Падарункам пахваліўся прарасійскі актывіст Уладзімір Габраў, які вядомы ў Рэчыцы як кіраўнік ваенна-патрыятычнага цэнтра спецыяльнай падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі «Скіф».

На кувалдзе невядомы напісаў «Ад заснавальніка брэнда», пакінуў аўтограф і падпісаўся пазыўным «Бес».

Менавіта гэты пазыўны меў камандзір 4-га штурмавога атрада Мікалай Будзько. У канцы лютага выданне «Дасье» апублікавала расследаванне, у якім былі названыя імёны ўдзельнікаў жудаснага катавання сірыйца ў 2017 годзе. Відэа шакавала інтэрнэт-карыстальнікаў.

Сярод удзельнікаў былі два беларусы — Мікалай Будзько з Горак з пазыўным «Бес» і Андрэй Бакуновіч з Калінкавічаў з пазыўным «Страпа». Бакуновіча затрымлівалі пад Мінскам у 2020 годзе ў складзе атрада з 33 «вагнераўцаў», а вось Будзько шырокай публіцы стаў вядомы толькі ў 2023 годзе дзякуючы расследаванню расійскіх журналістаў.

Групавы фотаздымак вагнераўцаў з месца расправы над сірыйцам

Групавы фотаздымак вагнераўцаў з месца расправы над сірыйцам

Мікалай Будзько нарадзіўся ў 1975 годзе ў Магілёўскай вобласці. У 1993—1994 гадах ён быў на тэрміновай службе ў беларускім войску, намеснік камандзіра ўзвода ў Паветрана-дэсантных войсках. Затым пераехаў у Расію, атрымаў грамадзянства, у 1996-2003 гадах служыў у кастрамскім АМАПе. У паслужным спісе — баявыя камандзіроўкі ў Чачню і Дагестан. Затым — служба ў французскім Замежным легіёне, расійскай ПВК Moran Security Group. У «Вагнер» завербаваўся ў маі 2015 года, быў прызначаны камандзірам узвода ў 4-ю роту, неўзабаве яе ўзначаліў. 

Паводле інфармацыі «Дасье», менавіта Будзько аддаў загад караць смерцю бяззбройнага сірыйца з дапамогай кувалды.

Але што да «падарунка» рэчыцкай гімназіі. Невядома, калі Габраў атрымаў кувалду ад ПВК «Вагнер». У яго блогу першае відэа са скрыпічным футаралам і кувалдай зʼявілася 28 лютага 2023 года. Габраў выхваляецца, што музей ПДВ атрымаў каштоўны падарунак, і паказвае кувалду без надпісаў. 14 сакавіка ён размяшчае новае відэа, на якім мужчына робіць надпіс на кувалдзе і падпісваецца «Бесам».

Ёсць і яшчэ адно цікавае відэа ў блогу Габрава. Яно апублікаванае 6 лютага 2023 года, на ім ён сядзіць за сталом, перад ім бляшанка чырвонай ікры і бутэлька гарэлкі з гербам Расіі. Габраў прамаўляе палымяны тост у гонар свайго сябра Колі. Ён згадвае гераічнае мінулае сябра і ў пацвярджэнне прыкладвае фота ўзнагарод «героя» — на «іканастасе» зорка героя Расіі, 6 ордэнаў Мужнасці, ордэн «За заслугі перад Айчынай» 4-й ступені, медаль «За адвагу» і іншае.

«Хачу выпіць вельмі моцна і з вялікім гонарам за майго сябра, за майго аднакласніка, за такога ж, як я, дэсантніка, які пачынаў свой шлях воіна ў далёкім 95-м годзе ў 103-й віцебскай брыгадзе. На сённяшні дзень прадстаўлены і ўзнагароджаны Залатой зоркай Героя Расійскай Федэрацыі. Наш сціплы зямляк з Рэчыцы. Акрамя гэтага, шэсць ордэнаў Мужнасці, ордэн «За заслугі перад Айчынай» чацвёртай ступені, медаль «За адвагу» і іншае. Проста каласальны ашаламляльны іканастас. За майго сябра. Усе, хто яго ведаюць, і ўсе, хто проста падтрымлівае гэты рух наш ветэранскі, што ў нас такія гераічныя людзі на нашай беларускай зямлі, на рэчыцкай. Таму ўсе, хто яго ведае, усе, хто не ведаюць, думаю, мяне падтрымаюць — Коля, за цябе, дарагі», — кажа Габраў і выпівае чарку.

  Фота: Уладзімір Габраў

Фота: Уладзімір Габраў

Факты ў лёсе Колі не цалкам супадаюць з інфармацыяй выдання «Дасье», напрыклад, Габраў кажа, што Коля пачаў службу ў ПДВ у 1995 годзе, а сам ён родам з Рэчыцы, але нестыкоўкі можна спісаць на недакладную інфармацыю адной з крыніц.

У любым выпадку, «заснавальнік брэнда» «Бес» — гэта, відавочна, Мікалай Будзько (Габраў прыклаў да фота кувалды фота пасведчання героя Расіі). І менавіта ён падарыў дзецям рэчыцкай гімназіі сімвал ваенных злачынцаў. А каб не было сумневаў, параўнайце подпіс Будзько на анкеце для ПВК «Вагнер» і подпіс на кувалдзе.

Чытайце таксама:

Сярод вагнераўцаў, якія катавалі і забілі кувалдай сірыйца на камеру ў 2017-м, былі два беларусы

Клас
5
Панылы сорам
16
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
89