Выява: pixabay

Выява: pixabay

Зараз карыстальнікі YouTube з усяго свету змогуць знаходзіць усё больш відэа на іх роднай мове, бо відэахостынг запусціў новую функцыю, якая дае аўтарам магчымасць дадаваць аўдыядарожкі (як да новага, так і да існуючага кантэнту) на некалькіх мовах. Цягам апошняга года YouTube тэставаў шматмоўны дубляж з адзінкавымі стваральнікамі відэа, але цяпер ён робіць функцыю даступнай для тысяч іншых аўтараў. 

Новая фіча даступная, калі клікнуць на значок шасцярэнькі ў правым ніжнім куце любога відэа, дзе аўтар вырашыць дадаць некалькі гукавых дарожак. Гэты інструмент дапаможа кантэнтмэйкерам значна пашыраць ахоп і колькасць аўдыторыі па ўсім свеце. Так, тэставальнікі новай функцыі выявілі, што каля 15 адсоткаў часу прагляду іх кантэнту прыпадае на прайграванне відэа на іншых мовах, паведамляе Engaget.

Адным з самых вядомых стваральнікаў, якія тэставалі шматмоўны інструмент YouTube, быў MrBeast — адзін з самых папулярных блогераў на платформе, які мае больш за 130 мільёнаў падпісантаў. MrBeast кіруе некалькімі каналамі на 11 розных мовах, але ў інтэрв'ю ён сказаў, што было б значна лягчэй падтрымліваць толькі адзін.

Пасля першага пераключэння на абраную мову вэб-сайт будзе выкарыстоўваць яе па змаўчанні пры кожным праглядзе відэа з даступнымі іншамоўнымі дубляжамі. Гледачы таксама змогуць шукаць кантэнт, дубляваны на іх мове, нават калі асноўная мова відэа іншая — праз перакладзеныя загалоўкі і апісанні. YouTube не паведамляе, як ён абіраў тых стваральнікаў, якія ўжо сёння маюць доступ да гэтай функцыі, але лагічным наступным крокам выглядае зрабіць яе даступнай для ўсіх.

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0