Паводле паведамлення КДК, падазраваныя ў 2020—2023 гадах рэгістравалі суб'екты гаспадарання, у якія наймаліся таксісты. Далей заключаліся дамовы з «Яндэкс.Таксі» на аказанне паслуг. Пры гэтым выручка, атрыманая кіроўцамі, хавалася, заробкі ім плаціліся «ў канвертах».

«Для супрацьдзеяння выяўленню і спыненню незаконнай дзейнасці суб'екты гаспадарання, ад імя якіх аказваліся паслугі таксі, перыядычна мяняліся, а ў якасці дырэктараў і заснавальнікаў выступалі замежныя грамадзяне. Адпрацаваўшы некалькі месяцаў, суб'екты гаспадарання спынялі сваю дзейнасць, а нелегальная дзейнасць «пераводзілася» на іншыя прадпрыемствы. Усяго ў схеме было задзейнічана звыш 15 суб'ектаў гаспадарання», — расказалі ў КДК.

У выніку, паводле ацэнкі камітэта, было ўтоена ад падаткаў больш за 10 млн рублёў выручкі, а заробак «у канвертах» атрымлівала больш за тысячу кіроўцаў. Большасць з іх працавала нелегальна, без афіцыйнага працаўладкавання. Шкода ад нявыплаты падаходнага падатку з заробкаў ацэненая больш чым у 2 млн рублёў.

«За ўхіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні ў бюджэт падаходнага падатку Дэпартаментам фінансавых расследаванняў распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 2431 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Актыўныя ўдзельнікі незаконнай схемы затрыманыя, на іх маёмасць накладзены арышт», — гаворыцца ў паведамленні КДК.

Паводле інфармацыі камітэта, з мінулага года ў сувязі з падатковымі парушэннямі ў таксі было заведзена 17 крымінальных спраў, а сума шкоды па іх перавысіла 9 млн рублёў. У асноўным парушэнні звязаныя з выплатай заробкаў без адлюстравання ў бухгалтарскім уліку.

Чытайце таксама:

«Пасажыраў можна класіфікаваць на дзве групы: нармальныя і ненармальныя». Таксіст расказаў пра незвычайныя здарэнні ў сваёй практыцы

У Гродне ёсць таксі для жывёл «Вожык». Як гэта працуе

Каля 300 кіроўцаў Яндэкс Go ў Мінску засталіся без заробку праз ашуканства

Клас
5
Панылы сорам
1
Ха-ха
6
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
2