Political repression in Belarus

Дзясяткі людзей былі затрыманыя за апошнія дні ў Полацку, Ляхавічах, Бабруйску, Мёрах, Круглым у розных абласцях Беларусі. У іншых прайшлі ператрусы

У Ляхавічах, як удалося высветліць з розных не звязаных між сабою крыніц, сілавікі забіралі людзей на працоўных месцах.

У зняволенні апынуліся работнікі асноўных прадпрыемстваў райцэнтра: малочнага завода «Ляхавічок», прадпрыемстваў «Інтэрлак» і «Металапластмас». Таксама былі схопленыя і некалькі прадпрымальнікаў. Імёны зняволеных родныя просяць не называць, бо лічаць, што агалоска ім нашкодзіць.

Райаддзел міліцыі ў Ляхавічах. Ілюстрацыйнае фота: lves.by

Райаддзел міліцыі ў Ляхавічах. Ілюстрацыйнае фота: lves.by

У райцэнтры аблава пачалася напярэдадні Дня Волі і, як сцвярджаецца, адзінкавыя затрыманні працягваюцца пасля яго. Колькасць зняволеных сягае дзясятка чалавек: пяць гадоў таму столькі людзей на беларускае свята звычайна затрымлівалі ў сталіцы, цяпер — у райцэнтры з насельніцтвам 10500 чалавек. Нагодай для затрымання былі падазрэнні ў нелюбові да дыктатуры, а таксама ўдзел у мінулым у апазіцыйных чатах.

Як пішуць праваабаронцы, аднаго з затрыманых супрацоўнікі АМАПа катавалі на вачах у сям'і.

У Полацку затрыманні ішлі цягам апошняга тыдня.

Мужчыны на камеру супрацоўнікам ГУБАЗіК гавораць, што іх забралі за распаўсюдвжанне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (так лукашысты называюць незалежную грамадска-палітычную ці культурную інфармацыю), а таксама за падпіску на «забароненыя тэлеграм-каналы». Адзін з іх кажа, што ў яго на тэлефоне быў беларускі нацыянальны сцяг.

Полацкі РАУС. Ілюстрацыйнае фота: pvestnik.by

Полацкі РАУС. Ілюстрацыйнае фота: pvestnik.by

На відэа паказана, як сілавікі круцяць пажылога мужчыну і начэпліваюць яму на рукі кайданкі. Далей ён сядзіць на табурэце з рукамі за спінай.

Паводле крыніц «Нашай Нівы», 29 сакавіка сілавікі правялі маштабную аблаву ў Нацыянальным Полацкiм гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

Затрыманыя прынамсі 8 чалавек. Па інфармацыі праваабаронцаў, сярод іх былая дырэктарка запаведніка Тамара Джумантаева, наваполацкія фатографы Кірыл Смалякоў і Ігар Супранёнак, кандыдат філасофскіх навук, супрацоўнік Музея кнігадрукавання ў Полацку Ігар Бортнік.

Забралі камп'ютарную тэхніку, ім закідаецца распаўсюджванне «экстрэмісцкай» інфармацыі, каментарыі, лайкі і г.д.

У райцэнтры Мёры Віцебскай вобласці, як кажуць крыніцы «Нашай Нівы», як мінімум шасцярых жыхароў асудзілі за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». 

У пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці вядома прынамсі пра адзін судовы працэс за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Прэвентыўныя затрыманні адбыліся і ў найбуйнейшым райцэнтры краіны — Бабруйску.

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў забралі і асудзілі на адміністрацыйны арышт прафсаюзную актывістку Галіну Смірнову. У доме жанчыны правялі ператрус, а затым сфатаграфавалі разгром і стомленую гаспадыню.

Схапілі жыхарку Бабруйска Алену Мядзведзеву. На відэа прапагандысцкага тэлеграм-канала яна кажа, што не падпісаная на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы» і не зʼяўляецца актывісткай «экстрэмісцкіх» арганізацый.

Юры Грынявецкі ў доме пасля ператрусу. Фота: праўладны тэлеграм-канал

Юры Грынявецкі ў доме пасля ператрусу. Фота: праўладны тэлеграм-канал

Ператрэслі жытло і старшыні магілёўскай абласной арганізацыі сацыял-дэмакратаў, жыхара Бабруйска Юрыя Грынявецкага. Сілавікі ў тэлеграм-канале пахваліліся фотаздымкам пажылога актывіста з раскладзенымі перад ім нібыта забароненымі матэрыяламі. Варта адзначыць, што гэтыя выданні не ўваходзяць ні ў якія спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і былі адвольна вызначаныя лукашыстамі, якія праводзіліся ператрус.

Вобшук сілавікі правялі і ў жыхара Бабруйска Андрэя Карэліна. У чым мужчыну вінавацяць, незразумела. Яго сфатаграфавалі ў разгромленай кватэры і паабяцалі, што «працяг будзе».

У Круглым, райцэнтры на Магілёўшчыне, таксама адбыліся затрыманні. Паводле праваабаронцаў з «Вясны», 28 сакавіка забралі шасцярых мясцовых жыхароў за ўдзел у пратэстах 2020 года. Называлася імя адной з затрыманых — Аліна Горава.

30 сакавіка адзін з праўладных тэлеграм-каналаў паведаміў пра затрыманне мясцовага прадпрымальніка Аляксандра Каліна. Нагодай стаў яго ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах» 2020 года. За тое ж дачка бізнэсоўца абвешчаная ў вышук. Заяўляецца, што супраць затрыманых распачатая крымінальная справа і ім пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Аляксандр Калін пасля разгляду свайго іску аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Шклоў, 2021 год. Фота: svaboda.org

Аляксандр Калін пасля разгляду свайго іску аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Шклоў, 2021 год. Фота: svaboda.org

У 2021 годзе Аляксандр Калін судзіўся са старшынём Круглянскага райвыканкама Сцяпанам Палоннікавым, якога вінаваціў у знявазе гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. З чыноўніка намагаўся спагнаць 10 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Чыноўнік на праўладным мітынгу 19 снежня 2020 года абвінаваціў Каліна ў здрадзе і выгукваў зняважлівыя выказванні. Відэа з яго выступам было размешчанае на сайце раённай арганізацыі БРСМ і мясцовай раёнкі, але праз дзень фільм прыбралі. Рэакцыя Палонніка была выкліканая публічным пратэстам жыхароў райцэнтра супраць фальшавання вынікаў выбараў і гвалту сілавікоў.

Суд, які праходзіў у Шклове, прадпрымальніку выйграць не ўдалося.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года. Пасля выбараў людзі выйшлі на пратэсты супраць фальсіфікацыі іх вынікаў і гвалту сілавікоў. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларусы зазналі пераслед за антываенныя настроі. За 2,5 года тэрору ў краіне адбылося каля 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена каля 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі.

Чытайце таксама:

У Брэсце на тым тыдні затрымалі як мінімум 6 чалавек

Мінімум 166 асуджаных перад Днём Волі — і гэта толькі ў рэгіёнах

Масавыя затрыманні прайшлі ў райцэнтры Круглае

Клас
4
Панылы сорам
5
Ха-ха
6
Ого
6
Сумна
8
Абуральна
80