Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

За апошнія гады тэхналогіі вытворчасці дысплэяў прасунуліся далёка наперад. OLED- і LCD-экраны ярчэйшыя і хутчэй рэагуюць, але ў нейкі момант усе яны ўсё роўна падпадаюць пад уздзеянне пылу і бруду. Існуе мноства ачышчальных сродкаў, якія сцвярджаюць, што яны могуць прымусіць ваш экран зноў зіхацець, але мы выявілі, што самы просты спосаб, насамрэч, лепшы.

Як нельга чысціць экраны

Зразумела, што самае першае і простае, што прыходзіць у галаву — гэта купіць спецыяльныя ачышчальнікі для экранаў, якія прадаюцца ў крамах электронікі. Цяпер існуе шмат відаў сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для ачысткі экрана ад адбіткаў пальцаў і тлустых плям.

Некаторыя крыніцы распавядаюць, што вы можаце зрабіць раствор з 50% вады і 50% ізапрапілавага спірту, калі ў вас няма пад рукой спецыяльнага ачышчальніка. Аднак гэта будзе не лепшай ідэяй, бо сродкі на аснове спірту і аміяку могуць пашкодзіць антыблікавае пакрыццё экрана. Таму не варта выкарыстоўваць ачышчальнік на аснове спірту, напрыклад, для OLED-экранаў. А паўторнае выкарыстанне гэтых рэчываў можа ўвогуле прывесці да памутнення і няроўнасці пакрыцця.

Таксама пазбягайце выкарыстання папяровых ручнікоў, губак ці ануч, якія могуць мець абразіўную паверхню, і іншых грубых матэрыялаў, што могуць пашкодзіць пакрыццё экрана. Можна выкарыстоўваць рукаў старой, але чыстай футболкі, але вы атрымаеце лепшыя вынікі, выкарыстоўваючы мікрафібру — гэты матэрыял наймякчэйшы і добра прыцягвае пыл.

Нарэшце, ніколі не наносьце ачышчальнік проста на экран. Для кагосьці гэта відавочна, але лепш пра гэта нагадаць. Замест гэтага, наліце крыху раствору на мяккую тканіну і акуратна пратрыце экран. Не давайце вадкасці трапляць унутр ноўтбука, тэлевізара ці смартфона і ніколі не працірайце экран моцна, бо гэта можа пашкодзіць яго. А пасля ачысткі дысплэю лепей даць яму высахнуць перад тым, як зноў выкарыстоўваць прыладу.

Як чысціць экраны

Engaget сцвярджае, што найлепшым сродкам ачысткі дысплэяў з’яўляецца дыстыляваная вада. Яна больш даступная за спецыяльныя сродкі для ачысткі, а таксама больш універсальная, паколькі яе можна выкарыстоўваць на розных паверхнях. І самае галоўнае — яна не пакіне ніякіх слядоў на вашым экране. Вы можаце купіць дыстыляваную ваду ў аптэцы, аўтакраме ці на аўтазапраўцы, альбо нават прыгатаваць яе самастойна ў хатніх умовах.

Сам працэс ачысткі дысплэя вельмі просты. Калі вы маеце справу толькі з пылам, выкарыстоўвайце сціснутае паветра або паветранадзімалку, альбо звярніцеся да сухой чыстай анучы з мікрафібры.

Для больш складаных забруджванняў намачыце анучку з мікрафібры невялікай колькасцю дыстыляванай вады, а затым акуратна пратрыце дысплэй. Пасля таго, як вы прайшліся па ўсёй паверхні, перавярніце тканіну і сухім бокам выдаліце ​​лішкі вільгаці. На гэтым этапе пазбягайце паліроўкі экрана або празмернага ціску.

Вось і ўсё. Цяпер у вас павінен быць чысты дысплэй. Відавочна, што ачыстка большага экрана зойме больш часу, але вы можаце выкарыстоўваць прыведзеныя парады для ўсіх тыпаў дысплэяў, уключаючы тэлевізары, маніторы і дысплэі смартфонаў.

Клас
29
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
9
Сумна
5
Абуральна
4