Фота: csmapnyu.org
Мільярдэр Ілан Маск, які валодае Twitter, SpaceX і Tesla, захацеў завесці яшчэ адну кампанію — на гэты раз гаворка ідзе пра стварэнне новага стартапа па развіцці і камерцыялізацыі прасунутага ШІ (штучнага інтэлекту). Пра гэта паведаміла газета Financial Times са спасылкай на людзей, блізка знаёмых з сітуацыяй.
Паводле атрыманых звестак, Маск збірае найлепшых даследчыкаў і інжынераў па стварэнні штучнага інтэлекту з вядучых лабараторый свету. Бізнэсмэн таксама спрабуе прыцягнуць інвестараў сваіх ужо існуючых кампаній, пераконваючы іх укласці фінансы ў новы праект.
У дадатак да гэтага, як стала вядома навіннаму парталу Business Insider, Маск для сваіх мэт ужо набыў 10 тысяч магутных графічных працэсараў ад кампаніі Nvidia.
«Ілан Маск хоча канкураваць з такімі кампаніямі як OpenAI, якая распрацавала чат-бот ChatGPT і хутка ўзляцела на сусветным рынку. Гэта дазволіць мільярдэру ўвайсці ў тэхналагічную гонку ў галіне штучнага інтэлекту і стварыць сваю ўласную прасунутую сістэму генератыўнага ШІ.
Для навучання гэтай сістэмы бізнэсмен можа выкарыстоўваць велізарны масіў інфармацыі з Twitter, які яму належыць, а для вылічальнай магутнасці — суперкамп'ютар Tesla Dojo, які падтрымлівае аўтапілот у электрамабіляў Tesla», — піша газета Financial Times са спасылкай на свае крыніцы.
Пры гэтым Маск нярэдка абвінавачваў кампанію OpenAI ў камерцыялізацыі нейрасетак і празмерным жаданні стварыць перадавы штучны інтэлект. Сам ён, дарэчы, яшчэ ў 2015 годзе быў адным з заснавальнікаў гэтай кампаніі, але ў 2018 годзе сышоў з яе, бо хацеў сканцэнтравацца на Tesla.
Але самай пікантнай дэталлю ва ўсёй гэтай гісторыі з'яўляецца тое, што яшчэ ў канцы сакавіка Ілан Маск быў у ліку тых, хто публічна заклікаў спыніць развіццё штучнага інтэлекту з-за пагрозы чалавецтву.
«Трэба прыпыніць навучанне сістэм штучнага інтэлекту мінімум на шэсць месяцаў. За гэты час лабараторыі і незалежныя спецыялісты павінны распрацаваць і ўкараніць набор агульных пратаколаў бяспекі, якія дазволяць пасля правяраць і кантраляваць развіццё сістэм штучнага інтэлекту», — пісалася ў агульным звароце, які падпісаў Маск і больш за тысячу іншых экспертаў у галіне ШІ.
Вяртаючыся да тэмы стартапа, Ілан Маск на момант публікацыі гэтага артыкула ўжо паспеў зарэгістраваць новую юрыдычную асобу — кампанію X.AI Corp, якая і з'яўляецца ўвасабленнем задумы мільярдэра па стварэнні і развіцці ўласнага штучнага інтэлекту. Пра гэта стала вядома выданню The Wall Street Journal.
Чытайце таксама:
«Эпоха ШІ пачалася». Біл Гейтс падзяліўся сваім бачаннем будучыні штучнага інтэлекту





