«Зламыснік» праслізнуў паміж металічнымі прутамі плота, які акружае рэзідэнцыю прэзідэнта ЗША, піша Бі-бі-сі.

Прафесіяналы службы аховы злавілі яго ў рэкордна кароткія тэрміны і імкліва забралі з «месца злачынства». Ногі парушальніка прэзідэнцкага спакою бездапаможна боўталіся ў паветры, пакуль сам ён знаходзіўся ў моцных руках афіцэра.

Праўда, нельга сказаць, што ахова абышлася з ім празмерна сурова, бо парушальнікам аказалася малое дзіця, якое нейкім чынам выслізнула з-пад пільнага бацькоўскага нагляду і вырашыла пабегаць па зялёным газоне, нягледзячы на плот.

Доступ у Белы дом быў часова абмежаваны, пакуль ахова разбіралася з невялікай (па памеры) праблемай.

Сам прэзідэнт Байдэн знаходзіўся ў гэты час у сваім працоўным кабінеце, прычым яго графік ніколькі не пацярпеў.

Прадстаўнік сакрэтнай службы Энтані Гульельмі паведаміў, што афіцэры «сутыкнуліся з цікаўным юным наведвальнікам».

«Сістэмы бяспекі Белага дома спрацавалі вокамгненна, і супрацоўнікі сакрэтнай службы тут жа вярнулі малога бацькам», — гаворыцца ў заяве Гульельмі.

Афіцэры хутка (нястрога) дапыталі бацькоў і вярнулі ім дзіця.

Плот, які акружае Белы дом, падымаецца амаль на чатыры метры. Яго паставілі адносна нядаўна, у ходзе праграмы па ўзмацненні мер бяспекі. Аднак хоць плот і «вырас» у два разы, прамежкі паміж прутамі рашоткі павялічыліся дзесьці на цалю (2,54 см). Гэта ніяк не паўплывае на дарослых парушальнікаў, але, як відаць, палягчае доступ дзецям.

«Мы збіраліся пачакаць, пакуль ён навучыцца гаварыць, і ўжо тады дапытаць яго як след, але замест гэтага ён атрымаў тайм-аўт і быў адпушчаны на ўсе чатыры бакі ў суправаджэнні бацькоў», — пажартаваў прадстаўнік сакрэтнай службы ў інтэрв'ю USA Today.

Клас
5
Панылы сорам
0
Ха-ха
29
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1