У Новай Зеландыі хацелі зладзіць дзіцячае паляванне на бяздомных катоў з узнагародай за колькасць забойстваў. Турнір у выніку адмянілі з-за дзікага абурэння зоаабаронцаў. 

Пра гэта напісала агенцтва Бі-бі-сі.

Мерапрыемства першапачаткова было арганізавана супольнасцю «North Canterbury Hunting Competition» («Паўночна-Кентэрберыйскае спаборніцтва па паляванні») у рамках штогадовага збору сродкаў для патрэб адной з мясцовых школ. У гэтых спаборніцтвах звычайна бяруць удзел сотні дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў.

Як адзначае агенцтва, у папярэднія гады падобныя паляванні вяліся на дзікіх свіней, аленяў і зайцоў. Але ў гэты раз размова пайшла аб бяздомных катах, за забойства якіх маленькім дзецям была нават прадугледжана грашовая ўзнагарода. 

«Дзецям загадалі не забіваць хатніх жывёл, але ў іншым выпадку іх заахвочвалі забіваць як мага больш дзікіх катоў за грашовы прыз. Дзіця, якое б забіла падчас конкурсу большую колькасць катоў, атрымала б у якасці ўзнагароды 155 даляраў», — піша Бі-бі-сі.

Арганізатары мерапрыемства і некаторыя мясцовыя жыхары тлумачылі неабходнасць адстрэльваць бяздомных катоў тым, што яны пераносяць сур'ёзныя інфекцыі і нясуць пагрозу біяразнастайнасці ў Новай Зеландыі.

Паводле афіцыйных крыніц, дзікія каты кожны год знішчаюць больш за мільён мясцовых птушак і звыш 10 мільёнаў іншаземных птушак. Яны таксама маюць дачыненне да масавага знікнення кажаноў, яшчарак і жаб. Акрамя гэтага, бяздомныя каты становяцца разносчыкамі таксаплазмоза — сур'ёзнага захворвання, якое наўпрост пагражае авечкагадоўлі ў краіне.

Аднак рашэнне аб правядзенні масавага дзіцячага палявання на бяздомных катоў выклікала сур'ёзную занепакоенасць і асуджэнне з боку зоаабарончых арганізацый. На іх думку, гэта ўкараніць у дзецях імкненне прычыняць гвалт у дачыненні да любых жывёл, і асабліва да хатніх.

«Многія дзеці не змогуць адрозніць дзікага ката ад напалоханага і ні ў чым не вінаватага хатняга. Мы павінны вучыць нашых дзяцей эмпатыі да жывёл, а не даваць ім інструменты для іх забойства», — заявіў прэс-сакратар Safe, мясцовай дабрачыннай арганізацыі па абароне жывёл.

У выніку падобных зваротаў зоаабаронцаў, арганізатары турніру па паляванні былі вымушаны адмяніць мерапрыемства. Яны афіцыйна папрасілі прабачэння ў тых, каго падобная ініцыятыва магла закрануць за жывое. 

Чытайце таксама:

Каб расплаціцца з доўгам, Шры-Ланка перадасць Кітаю 100 тысяч макак. Але для чаго?

У Германіі ў бяду трапілі 77 катоў. У тым ліку з Беларусі

Стала вядома, як каты маніпулююць людзьмі

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
1