Паўднёвакарэйскі гурт Seventeen. Фота: Wikimedia Commons
Высокі ўзровень продажаў кампакт-дыскаў з альбомамі паўднёвакарэйскіх гуртоў прыводзіць да такога ж высокага ўзроўню забруджвання навакольнага асяроддзя. Пра гэта яшчэ 14 красавіка паведаміў навінавы партал Semafor са спасылкай на даследаванне Карэйскага агенцтва спажыўцоў (KCA) і мясцовых эколагаў.
Паводле інфармацыі KCA, больш за палову (53%) існуючых фанатаў музычнага жанру K-pop купляюць кампакт-дыскі з адпаведнымі песнямі толькі для таго, каб атрымаць фатаграфіі, плакаты, налепкі і іншы мерч з іх любімымі выканаўцамі.
Самі ж дыскі пры гэтым масава выкідваюцца нават без адзінага выкарыстання па прызначэнні, бо яны з'яўляюцца толькі падставай для атрымання мерчу (асабліва фатаграфій).
«Згодна з даследаваннем KCA, продажы фізічных кампакт-дыскаў толькі ў адной Паўднёвай Карэі выраслі з 25 мільёнаў экзэмпляраў у 2019 годзе да 77 мільёнаў у 2022 годзе. Адным з асноўных фактараў такога росту продажаў K-pop з'яўляюцца эксклюзіўныя мерчавыя тавары, якія ідуць у камплекце з дыскамі», — адзначае партал Semafor.
У якасці прыкладу прыводзіцца знакаміты паўднёвакарэйскі гурт Seventeen, дыскі з апошнімі песнямі якога прадаюцца ў наборах разам з фотаальбомамі, буклетамі з тэкстамі кампазіцый, імяннымі стыкерамі і многім іншым.
Эколагі ж у асобе Карэйскай федэрацыі экалагічнага руху папярэджваюць, што пластыкавыя кампакт-дыскі вельмі складана другасна перапрацаваць, з-за чаго многія смеццевыя звалкі моцна перапаўняюцца.
Чытайце таксама:
Беларуска пераехала ў Паўднёвую Карэю. Як там жывецца?
Вучоныя даказалі, што расліны ўмеюць размаўляць
Мікрапластык — адна з галоўных пагроз здароўю ў XXI стагоддзі. Але навукоўцы знайшлі рашэнне





