Сцэна са спектакля Палескага драмтэатра

Сцэна са спектакля Палескага драмтэатра

Разам з тым, ён чалавек абсалютна беспрынцыпны: гатовы крыва прысягнуць пра абставіны бойкі, для расследавання якой у ваколіцу прыязджае станавы прыстаў Кручкоў, каб бацька Марысі аддаў дачку менавіта за яго. Пры гэтым не мае ілюзій наконт будучай вернасці жонкі, атрыманай такім шляхам, маладзейшай на 43 гады, але гатовы заплюшчыць вочы на яе будучыя «прыгоды». Па сутнасці, гэта самы адмоўны і, мабыць, менавіта таму найбольш падрабязна выпісаны герой камедыі.

Бо нават наскрозь хлуслівы і карумпаваны Кручкоў урэшце аказваецца не такім ужо злым чалавекам. У гэтай справе ён мае толькі матэрыяльны інтэрас. «Нічога асабістага, толькі бізнэс». А задаволіўшы яго, праяўляе і цалкам чалавечныя рысы. Спрыяе шлюбу закаханых Грышкі і Марысі, і шчыра радуецца магчымасці паўдзельнічаць ва ўсеагульным свяце прымірэння, смачна выпіць і закусіць. Някепска абазнаны ў мясцовых звычаях. Патрабуе, каб згоду, паводле іх, замацавалі таварыскім крупнікам.

Але хто мог быць прататыпам галоўнага злыдня Куторгі, з такім запамінальным і не вельмі частым (хаця і не ўнікальным) прозвішчам? У гісторыі Беларусі, дый усёй Расійскай імперыі, як вядомыя асобы засведчылі сябе толькі двое яго носьбітаў, родныя браты. Сцяпан Сямёнавіч Куторга (1805—1861), выбітны расійскі заолаг і мінеролаг, папулярызатар навукі, і яго брат Міхаіл Сямёнавіч (1809-1886), вядомы расійскі гісторык-элініст і адзін з ідэолагаў заходнерусізму.

Браты паходзілі з небагатай праваслаўнай шляхты Мсціслаўскага павету. Абодва нарадзіліся ў Мсціславе (часам месцам нараджэння Міхаіла называюць і Чэрыкаў), і дзякуючы бацькам, атрымалі добрую адукацыю ў Пецярбургу, а потым і ў Тарту (Дэрпце) з яго моцным універсітэтам. Толькі адзін захапіўся навукамі аб прыродзе, а другі — гуманітарнымі. 

Вось пра гуманітарыя Міхаіла і хачу паразмаўляць. Да яго ў Расійскай імперыі не было сапраўднага вывучэння антычнасці. Папросту было вельмі мала адукаваных людзей. А тыя, што былі, у непрапарцыйнай частцы паходзілі з Літвы, Беларусі і Украіны, дзе ўзровень адукацыі, нават праваслаўных, быў істотна вышэйшы. Большасць праваслаўнай шляхты і духавенства была нядаўнімі ўніятамі, і як і католікі, мелі яны ў радаводзе некалькі пакаленняў выпускнікоў езуіцкіх калегіумаў або піярскіх школ.

«Імпарт» інтэлектуалаў з бліжняга Захаду, з Рэчы Паспалітай, быў ці не галоўным рэсурсам папаўнення кадраў для Расійскага царства, а потым імперыі, сама меней з сярэдзіны XVII ст. На Беларусі яшчэ да эпохі падзелаў варта прыгадаць хаця б Сімяона Полацкага і Іллю Капіевіча, а драбнейшых імёнаў можна назваць сотні, калі не тысячы. З далучэннем да імперыі гэты працэс узмацніўся. Да 1830-х гадоў яго трохі стрымлівалі рэшткі былой салідарнасці, якія ўтрымлівалі большасць уніятаў у культурным полі былой Рэчы Паспалітай. Але з паразай паўстання 1830-1831 гг. і катастрафічнымі рэпрэсіямі супраць варожай цывілізацыі — закрыццём Віленскага ўніверсітэта, скасаваннем Уніі і Літоўскага статута — маладое пакаленне старых або новых праваслаўных рынуліся рабіць у Імперыі вайсковую, адміністратыўную і навуковую кар’еру. І далёка не ўсе з іх былі звычайнымі бяздарнымі кар’ерыстамі.

Многія цалкам свядома выбіралі служэнне рускаму праваслаўнаму цару як найлепшую магчымасць для самарэалізацыі. Якой Рэч Паспалітая ім, як яны лічылі, не давала: ані жывая да эпохі падзелаў, ані, пагатоў, ужо мёртвая. Уся гісторыя ХІХ і пачатку ХХ ст. поўніцца прыкладамі гэтага маштабнага працэсу добраахвотнай русіфікацыі, многія з якіх за даўнасцю ўжо і забытыя сучаснай беларускай думкай. Але ў свой час значэнне самога слова «беларус», невядомага шырокім сялянскім масам, адносілася перадусім да праваслаўнага інтэлектуала на вернай службе Імперыі, якая давала шанец вырвацца са шматвекавога ценю лацінскай, польска-літоўскай культуры. Забыўшыся пры гэтым на тое, што менавіта тая культура, тая езуіцкая і піярская навука якраз і дала тыя магчымасці для адукацыі і сфармавала саму сістэму катэгорый мыслення, якой беларусы і маларосы так выгадна адрозніваліся ад вялікаросаў.

Міхаіл Куторга. Фота з Вікіпедыі

Міхаіл Куторга. Фота з Вікіпедыі

Міхаіл Сямёнавіч Куторга — адзін з самых яскравых, эталонных беларусаў-заходнерусаў.

Закончыўшы Дэрпцкі (цяперашні Тартускі, у Эстоніі) універсітэт, ён два гады стажыраваўся ў Германіі, пераважна ў Берліне, дзе далучыўся да школы славутага дацка-нямецкага гісторыка і філолага Бартольда Георга Нібура, якая вывучала Антычнасць на аснове крытычнага разбору тэкстаў першакрыніц. Таго, чым у Расіі да таго часу, у адрозненне ад таго ж Віленскага ўніверсітэта, ніхто не займаўся. Ён зрабіў вельмі хуткую і прытым грунтоўную навуковую кар’еру.

Шмат у чым шлях Куторгі можна параўнаць са шляхам старэйшага на пакаленне цёзкі, Міхаіла Баброўскага. Таксама выбітнага, з еўрапейскай славай, даследчыка першакрыніц, толькі славянскіх. Які, хаця і не без ваганняў, парваў з культурнай традыцыяй Рэчы Паспалітай і пайшоў служыць расейскаму цару — абвясціўшы сябе, пры тым, беларусам. Нават асабістае імя іх можна лічыць сімвалічным: святы Міхал арханёл, у традыцыях Рэчы Паспалітай, — нябесны патрон Русі. Яго выяву, разам з выявамі польскага Арла і літоўскай Пагоні, змяшчалі на сваіх кукардах і спражках паўстанцы 1863 года. 

Дык вось, Міхаіл Куторга праславіўся сваім вывучэннем старажытнагрэцкіх крыніц, асабліва часоў росквіту Афінскай дэмакратыі, і заклаў школу навуковага вывучэння Антычнасці. Разам з тым, ён нязменна падкрэсліваў пераемнасць, праз праваслаўны хрост, паміж элінскай антычнасцю і сучаснай яму Расійскай Імперыяй.

Ключавой для светапогляду Куторгі была ідэя аб працяглым і прынцыповым супрацьстаянні двух розных сусветаў — рамана-германскага і грэка-славянскага, якое найбольш яскрава выразілася ў супрацьстаянні праваслаўя і каталіцызму. Для М. С. Куторгі рамана-германскі свет асацыяваўся з гвалтам і прыгнётам, з тыраніяй рымскіх цэзараў, якая пасля ўвасобілася ў папстве. Зусім іншым ў яго інтэрпрэтацыі паўставаў сканструяваны ім «грэка-славянскі» свет: ён быў, нібыта, спадчыннікам першых хрысціянскіх грамад, пабудаваных, у сваю чаргу, накшталт старажытнай афінскай палітыі і якія ўспрынялі самае яе імя — палітыя, грамадзянства, пераважна эклезія, веча.

Што, у канчатковым выніку, азначала для Куторгі «адраджэнне афінскай палітыі, але ператворанай па вучэнні Евангелля». Сам дух афінскіх грамадзянскіх свабод перайшоў, на думку Куторгі, у праваслаўную царкву. У якой захавалася да гэтага часу абшчыннае абранне Сусветнага Патрыярха, роўна як і абшчынныя абранні парафіяльных святароў у Грэцыі. Пры гэтым ён свядома заплюшчваў вочы на тое, што праваслаўная царква ў Расійскай Імперыі даўно зрабілася дзяржаўным ідэалагічным ведамствам, якая не мела найменшай самастойнасці. Нават пасада патрыярха была скасаваная, а царква кіравалася Сінодам на чале з прызначаным урадам обер-пракурорам. А ўсе астатнія веравызнанні знаходзіліся ў абсалютна нераўнапраўным становішчы. Пераход у іх, а таксама перавод дзяцей ад змяшаных шлюбаў праследаваўся як крымінальнае злачынства. 

Куторга, дарэчы, жанаты быў з сястрой Мікалая Устралава, галоўнага афіцыёзнага гісторыка Імперыі і аднаго з творцаў свяшчэннай трыяды «Праваслаўе-Самадзяржаўе-Народнасць».

А памёр у сваім маёнтку Барок у тым жа Мсціслаўскім павеце. (Брат-прыродазнаўца, дарэчы — у недалёкім Смаленску, адным з галоўных культурных цэнтраў тагачаснай Белай Русі, у якім і БССР было цалкам надзейным і лагічным абвесціць — для Імперыі ў яе абноўленай форме.)

Греки распространили между славянами начала гражданственности и внушили им понятие Общины, которая привилась и водворилась у них в своём тройственном значении общины, веча и Церкви. Так, открылся на востоке Европы новый славяно-эллинский мир, коего представителем Россия, наше отечество. Изучая историю древних эллинов, изучаем законы исторической преемственности

М.С.Куторга

Куторга быў ад’юнктам, а затым прафесарам у Пецярбургскім, а пазней у Маскоўскім (з 1869 г.) універсітэтах. Паралельна яму даручалі іншыя важныя пасады, на якіх ён праводзіў дзяржаўную культурную палітыку. З 1840 года загадваў Музеем прыгожых мастацтваў і старажытнасцяў пры Пецярбургскім універсітэце, а з 1842 года быў бібліятэкарам пры Імператарскай публічнай бібліятэцы. Важным фактам з'яўляецца тое, што Куторга чытаў курс гісторыі ў Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі (ну нельга ж было даверыць такую адказную справу каталіку) і, трэба думаць, сваёй прапагандай правільных гістарычных ідэалаў даўся ў знакі многім яе выпускнікам, будучым каталіцкім святарам. Таму яго погляды і яго асоба мусілі быць шырока вядомымі ў Літве і Беларусі.

Частотнасць слоў у «Пінскай шляхце». Куторга — на другім месцы пасля Кручкова. Разам яны ствараюць пару найбольш дэталёва прапісаных персанажаў

Частотнасць слоў у «Пінскай шляхце». Куторга — на другім месцы пасля Кручкова. Разам яны ствараюць пару найбольш дэталёва прапісаных персанажаў

Дык вось, рызыкну выказаць гіпотэзу, што менавіта ён і выведзены ў няўміручай камедыі ў карыкатурным выглядзе старога кавалера -інтрыгана. Даць яму тое самае імя было б занадта банальным ходам, а да таго ж і небяспечным, але аўтар даў яму яскрава грэцкае імя Харытон («добразычлівы»), у ХІХ ст., здаецца, не вельмі папулярнае ўжо.

Я заведама не ўдаюся ў дыскусію наконт аўтарства камедыі. Існуе досыць абгрунтаваная крытыка аўтарства Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Заснаваная на мове арыгіналу «Пінскай шляхты», тыповай паляшуцкай гаворцы, якой ураджэнец Бабруйскага павета і жыхар Мінска наўрад ці мог валодаць так дасканала. Хаця, калі ўсё ж класічная версія аўтарства — справядлівая, дык Дунін-Марцінкевіч па жыцці мог не раз перасякацца з Куторгам. Яны, дарэчы, былі амаль аднагодкамі — 1808 і 1809 гадоў, адпаведна. Дарэчы, 60-гадовы ўзрост Куторгі ў камедыі, датай напісання якой лічыцца 1866 г., амаль супадае з узростам рэальнага Міхаіла Куторгі. Розніца ўсяго на 3 гады. Куторга сярод пераважна непісьменнай пінскай шляхты слыне самым адукаваным і мудрым чалавекам, але з іншага боку, менавіта ён, перадусім, і стварае вакол Кручкова — персаніфікаванага прадстаўніка расійскага манарха, «Найяснейшай кароны», — арэол усеўладдзя. Гэта таксама выглядае тонкім сатырычным намёкам на грамадскую роль рэальнага Куторгі.

«Пінская шляхта». Сцэна са спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Фота Kupalauski.by

«Пінская шляхта». Сцэна са спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Фота Kupalauski.by

Пакуль што гэта толькі мая гіпотэза, цалкам адкрытая для крытыкі, якой я вельмі чакаю і сардэчна вітаю. Але выглядае зусім лагічным, што аўтар «Пінскай шляхты» стварыў вобраз Харытона Куторгі, каб дапоўніць ім вобраз станавога прыстава Кручкова, на цалкам рэальнай аснове. Калі апошні ўвасабляе ўладу чыста адміністрацыйную, пры патрэбе — гвалтоўную, першы — прадстаўнік гуманітарнай навукі. Якая рушыць у авангардзе асіміляцыі, культурнай уніфікацыі. А штык, бізун і, урэшце, вяроўка — толькі завяршаюць пачатае словам і пяром.

Гражданственность жа, да якой апелюе Куторга-прататып, пры бліжэйшым разглядзе якраз не дае ніякіх грамадзянскіх праў і аказваецца, насамрэч, падданствам: «правам» у любы момант памерці за Цара, за яго геапалітычныя амбіцыі і абсурдныя сацыяльныя і эканамічныя пражэкты. (І скажы яшчэ дзякуй, калі бізуноў табе дадуць на дыване, а не на голай зямлі!) Таму менавіта Куторга, само прозвішча якога выклікае асацыяцыі з царскай катаргай, — галоўны адмоўны персанаж нашай бессмяротнай класічнай камедыі. Значна глыбейшай, чым гэта выглядае са школьных і ўніверсітэцкіх падручнікаў літаратуры.

Чытайце таксама:

Гефілтэ фіш, «рыба фіш». Захапляльная гісторыя стравы, якая з яўрэйскай кухні перайшла ў беларускую

Незвычайная гісторыя радзівілаўскіх палескіх спаніэляў

Разгаданая таямніца калдуноў графа Тышкевіча

Клас
21
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?