Пра тое, што сувязь з Маскалёвым адноўленая, паведаміў праваабарончы праект «ОВД-Инфо» са спасылкай на адваката Уладзіміра Біліенку, які сёння бачыўся са сваім падабаронным.
Як расказаў Маскалёў адвакату, пры затрыманні ў Беларусі яго моцна збілі рукамі і нагамі па грудзях і спіне, адбілі цягліцу на правай назе, а таксама нанеслі некалькі ўдараў па галаве, у тым ліку білі галавой аб сцяну. Мужчына перадаў Біліенку запіску, у якой падзякаваў усім, хто перажывае за яго сям'ю.
Маскалёва, які адзін выхоўваў 13-гадовую дачку, судзілі за пасты пра вайну ў «Аднакласніках», хоць ён сцвярджаў, што не мае дачынення да ўказаных публікацый. 27 сакавіка суд у горадзе Яфрэмаве Тульскай вобласці, дзе Аляксей з дачкой жылі, асудзіў яго да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Пасля абвяшчэння прысуду ў судзе заявілі, што ён збег з-пад хатняга арышту, а неўзабаве яго арыштавалі ў Беларусі. Праз тыдзень пасля гэтага расійскія дыпламаты паведамілі, што Маскалёў знаходзіцца ў СІЗА ў Жодзіне ў чаканні пастановы аб экстрадыцыі, а пасля ніякіх вестак пра ягоны лёс доўга не было.
Дачку Маскалёва Машу спачатку адправілі ў прытулак, а пасля яе забрала маці.
Чытайце таксама:
Бацьку расійскай дзяўчынкі, якая зрабіла антываенны малюнак, экстрадзіравалі з Жодзіна ў Расію
У Мінску затрымалі расіяніна, якога асудзілі за антываеннае выказванне, а дачку адправілі ў дзетдом





