EviL GrannY стрыміць папулярную гульню «Мир танков» (так стала называцца з мінулага года ў Расіі і Беларусі World Of Tanks). Толькі ў ютубе ў яго больш за 700 тысяч падпісчыкаў. «Гледачы вырашаюць, колькі ідзе стрым. — Суткі? Тыдзень? Месяц?», — назваў свой стрым GrannY.

У чым сутнасць?

Кожны данат працягвае час трансляцыі. Чым больш грошай ахвяруюць, тым даўжэй будзе ісці трансляцыя. Працягнуць стрым на гадзіну па цяперашніх расцэнках «каштуе» 6 тысяч расійскіх рублёў (прыкладна 76 даляраў). Пасля стрымер пакідае за сабой права павялічыць «тарыф» у два разы.

Па стане на апоўдні 5 мая 2023 года Сомаў стрыміць ужо амаль 3 дні і зарабіў 422600 расійскіх рублёў (5 тысяч 360 даляраў).

Што паказвае?

У асноўным ён транслюе сваю гульню ў танкі, глядзіць відэа з навінамі пра гульню ад распрацоўшчыкаў і абмяркоўвае са сваёй аўдыторыяй. Абяцае пагуляць і ў іншыя гульні.

Акрамя таго, падчас стрыму ён есць, адпачывае, пакурваючы кальян. А напярэдадні вечарам распакоўваў новы тэлефон (навінку Xiaomi 13 Ultra цаной у раёне тысячы даляраў, якая нядаўна толькі выйшла на рынак).

Таксама стрымер абяцае, што будзе паказаны працэс падрыхтоўкі ежы. І будзе шпацыр па Мінску ў жывым эфіры.

Мала таго, у жывым эфіры стрымер і спіць, накіраваўшы вэбку на ложак, а на астатняй частцы экрана транслюе раней знятыя відэа. За час, калі ён спіць, яму таксама плацяць!

Чым ён цікавы, што яму так плацяць?

GrannY — адзін з вядомых блогераў-гульцоў у «танкавым асяроддзі». Калі некаторыя стрымеры выдзяляюць сябе нейкім эпатажам, з матам-пераматам кожную хвіліну, то ў GrannY гэтага няма. Ён вядзе стрым вельмі спакойна і разважліва, мат бывае вельмі рэдка.

Пры гэтым GrannY добра разбіраецца ў гульні і можа пісьменна ацаніць якія-небудзь новаўвядзенні. Як і іншыя блогеры, робіць агляды на новыя танкі, паказвае іх добрыя і дрэнныя бакі. Быў кіберспартоўцам, удзельнічаў у турнірах. Праводзіць розыгрышы з рознымі ўнутрыгульнявымі падарункамі.

Таксама стрымер часта знаходзіць нечаканыя фарматы для стрымаў. Аднойчы ён арандаваў у Мінску кінатэатр, туды прыйшлі ягоныя фанаты. Ён гуляў для іх і разам з імі на вялікім экране. Гуляе і ў покер: у 2020 годзе перамог на буйным турніры і выйграў 18 тысяч даляраў.

Увогуле, у яго недарэмна 700 тысяч падпісчыкаў толькі ў ютубе. «Танкавая» аўдыторыя даволі дарослая і вельмі плацежаздольная, стрымеры маюць сваіх фанатаў, якія гатовыя іх падтрымліваць фінансава.

Не першы досвед

Год таму GrannY ўжо праводзіў такі стрым. Ён працягваўся 12 дзён, а стрымер зарабіў амаль 42 тысячы даляраў. У канцы эфіру ён аж расплакаўся, калі атрымаў віншаванне з завяршэннем падзеі ад распрацоўшчыкаў World Of Tanks. 

Чытайце таксама:

Матацыкліст, вершнік, скарпіён. Гэты хлопец збірае ўнікальныя жалезныя рэчы з аўтахламу

Wargaming прадаў даччыную кампанію, з якой выходзіў на сусветны рынак

У Беларусі і Расіі больш не будзе World Of Tanks. Толькі «Мир танков»

Клас
4
Панылы сорам
12
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
2