Украіна не можа сабе дазволіць весці працяглую наступальную аперацыю. У яе проста няма для гэтага дастатковай перавагі ў жывой сіле і тэхніцы.

У дадатак да таго, што Украіна мела па стане на мінулую восень, яна здолела з дапамогай Захаду ўзброіць дзевяць танкавых брыгад — гэта каля 60 тысяч чалавек.

Усяго ўкраінцы маюць пад ружжом каля 700 тысяч байцоў. Аднак гэта з улікам лёгкай пяхоты тэрытарыяльнай абароны і тых сіл, якія Украіна трымае на поўначы для прыкрыцця беларускай і расійскай межаў.

Расіяне ж, паводле заявы міністра абароны Украіны Аляксея Рэзнікава, маюць на фронце каля 500 тысяч чалавек. У такім разе для стратэгічнага наступу Украіне патрэбны быў бы не менш за мільён узброеных і навучаных жаўнераў, якіх у яе няма.

Чаго тэарэтычна Украіна можа дасягнуць

Перамогі ў 2022 годзе дадалі ўкраінскай арміі і грамадству баявога духу і веры ва ўласныя сілы. Аднак само ўкраінскае кіраўніцтва прызнае, што часам гэтыя чаканні перагрэтыя.

«Згодны, што чаканні перагрэтыя. Гэта дакладна перагрэта, усе хочуць чарговай перамогі. Раней не верылі ў перамогу. Раней хацелі, каб Украіна выжыла хоць неяк мінімальна, каб хоць нейкая частка Украіны захавалася. А калі УСУ паказалі поспехі, усе пачалі верыць у перамогу: пасля Змяінага, пасля Кіеўшчыны, Чарнігаўшчыны і Сумшчыны, пасля Харкаўшчыны, Херсона. Хочуць наступнай перамогі. Гэта нармальна, гэта эмоцыі — чаканне поспеху», — казаў у інтэрв’ю Аляксей Рэзнікаў.

Лінія фронту на поўдні пасля адступлення расіян з Херсона і з-пад Харкава скарацілася з 1300 да 800 кіламетраў, прычым большая частка яго цяпер праходзіць па непераадольных ці цяжкапераадольных для ўкраінскай арміі Дняпры і гарадской забудове Данбаса. Выключэнне складаюць каля 200 кіламетраў ад Дняпра да Данецка на поўдзень ад Запарожжа і каля 100 кіламетраў ад Крамянной да Сватава і расійскай мяжы.

«Кулак» з дзевяці ўзброеных і навучаных стандартам НАТА брыгад дазваляе Украіне выканаць адзін кароткі па тэрмінах удар на абмежаваным участку фронту. 

Магчыма, украінцы паспрабуюць вярнуць Мелітопаль — тым самым выйсці да брамы Крыма. Падобна, што расіяне ўлічваюць такую магчымасць і таму інтэнсіўна ўмацоўваюць падыходы да Крыма. Там вырытыя шматлікія лініі акопаў, пастаўленыя мінныя палі, пазіцыі насычаныя супрацьтанкавымі сродкамі. 

Іншы варыянт — сустрэчны ўдар і нанясенне паразы ў бітве за Бахмут, які расіяне штурмуюць дзесяць месяцаў, менавіта гэтага баіцца Прыгожын. Захаванне ў руках украінцаў Данбаса з яго старадаўняй сталіцай можа стаць палітычным пераломам у вайне, якім у 1916 годзе стала бітва за Вердэн, а ў 1942—1943 гадах — за Сталінград.

Але нельга выключаць і нечаканы кірунак удару: напрыклад, наступ з поўначы на Луганск. За час вайны ўкраінскае камандаванне паказала не толькі сваё стратэгічнае мысленне, але і здольнасць быць вялікімі выдумшчыкамі.

Украінцы кантралююць «туман вайны», інфармацыі пра іх планы няма.

Адназначна, што доўгі наступ знясіліў бы найбольш баяздольныя ўкраінскія сілы. Апроч таго, ёсць рызыка ўцягвання ў працяглыя баі за населеныя пункты, толькі ў наступальнай ролі аказаліся б ужо ўкраінцы, а ў абарончай — расіяне. 

Перамір’е з пазіцыі сілы 

Чым бы ні скончыўся наступ УСУ, да якой бы лініі ўкраінская армія не выйшла, пад зіму фронт зноў стабілізуецца, а абодва бакі застануцца без сіл для новых актыўных аперацый.

На Захадзе гэта ўспрымуць як спрыяльны для дыпламатыі момант, як гэта было пасля вызвалення Херсона ў лістападзе мінулага года. Толькі гэтым разам да замірэння будуць падштурхоўваць выбары 2024 года ў Расіі і ЗША. 

І калі Кіеву ўдасца вызваліць значную частку сваіх зямель, ён зможа весці перамовы з пазіцыі сілы і дамагчыся ад Масквы перамір'я (але, думаю, не міру) у трохі больш спрыяльных за Мінскія пагадненні фармулёўках. Свет, які падтрымлівае Украіну, і сама Украіна акажуцца перад дылемай — фальшывае замірэнне зараз або Еўропа без расійскай пагрозы ў будучыні. 

Пры гэтым нельга выключаць, што, калі войскаў не будзе хапаць, украінцы наогул адкладуць наступ, застаўшыся пры цяперашняй вайне на вымотванне расіян. Мы са школьных падручнікаў гісторыі жывём вобразамі вялікіх бітваў. Аднак спроба іх разыграць зараз можа вычарпаць патэнцыял украінскай арміі для правядзення аперацый, што дазволіць расіянам вярнуць стратэгічную ініцыятыву.

Прэстыж Расіі ў Беларусі падае

Вайна Расіі і Украіны, безумоўна, вырашальная для гісторыі Усходняй Еўропы. У той жа час, калі наступ УСУ прынясе абмежаваныя вынікі, то і наступствы яго для Беларусі будуць не большыя, чым пасля перамог украінцаў пад Харкавам і Херсонам. 

Ваенныя няўдачы моцна зніжаюць прэстыж Расіі ў Беларусі. Асабліва кадры змагання расійскай арміі, вызвалення гарадоў і пакарання калабарантаў уплываюць на людзей у пагонах

«Мы думалі, у Расіі ўсё гаўнянае, але армія… А яна таксама аказалася гаўном». Што ў беларускай арміі гавораць пра вайну

Але ў палітычнай рэальнасці, створанай тандэмам Лукашэнка-Пуцін, настроі беларусаў не маюць істотнага значэння. Проста прапаганды стане яшчэ больш, а куратары лукашэнкаўскай інфармацыйнай бяспекі запатрабуюць ад Азаронка даваць больш істэрыі.

Адступленне расійскіх войскаў на поўдні Украіны павялічыць імавернасць чарговага этапу расійскіх бамбардзіровак Украіны з тэрыторыі Беларусі. На сённяшні момант Расіі не хапае сіл, каб весці вайну яшчэ з поўначы, таму беларускі выступ пакуль адносна спакойны. Але гэта можа змяніцца — на перамовах аб перамір'і ўдары з поўначы могуць стаць інструментам ціску на ўкраінскі бок.

У сваю чаргу, выкарыстанне паветранай прасторы Беларусі нясе рызыку адказу, бо цяпер украінскія ракеты здольныя даляцець да важных і для Расіі прадпрыемстваў накшталт Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.

Сярод тых, хто рыхтуецца да наступу, — байцы палка Каліноўскага. Фота: тэлеграм-канал BelWarriors

Сярод тых, хто рыхтуецца да наступу, — байцы палка Каліноўскага. Фота: тэлеграм-канал BelWarriors

Калі створыцца пагроза Пуціну, будзе не да сантыментаў

Далучэнне ж беларускай арміі да ваенных дзеянняў магчымае, як ні парадаксальна, толькі калі адзін з бакоў даб'ецца пераломнага поспеху. 

Калі ўсё ж уявіць разгром Украіны, Лукашэнка мог бы пайсці шляхам Мусаліні, які абвясціў вайну Францыі ў 1940 годзе.

Але калі расійская армія пабяжыць, то свежае беларускае войска застанецца апошняй прафесійнай сілай у распараджэнні Пуціна. Тут ужо будзе не да сантыментаў, калі пачнецца гісторыя аб выжыванні не толькі палітычнага, але і фізічнага цела Пуціна.

Іншы паварот траекторыя канфлікту атрымае і калі ў Беларусі размесцяць расійскую тактычную ядзерную зброю. Тут ізноў надыходзіць вяртанне да сітуацыі восені 2022 года, дзе па меры паражэнняў Расіі ўзрастае і рызыка прымянення зброі масавага знішчэння.

Лукашэнка ў Ветцы сказаў здзіўленым прыхільнікам, што ні ўкраінцы, ні палякі не збіраюцца нападаць на Беларусь. Лукашэнка насамрэч не хоча ваяваць, бо не хоча быць разгромленым, што падвяло б яго пад адказнасць у адпаведнасці з нацыянальным і міжнародным правам. Пасля паражэння на выбарах 2020 года рэжым пачаў гуляць надзвычай жорстка, яго крэда — павялічваць стаўкі амаль у любой сітуацыі.

Лукашэнка разгарнуў масавыя рэпрэсіі і давёў да амаль нулявога ўзроўню адносіны з Захадам, у тым ліку з чатырма з пяці суседніх дзяржаў. Увязацца яшчэ і ў збройны канфлікт яго можа прымусіць хіба што патрэба Пуціна. Такой пакуль не назіраецца.

Ці будзе ў Лукашэнкі момант для развароту?

Падчас украінскага наступу ў Лукашэнкі можа з'явіцца момант, каб пачаць флірт з Захадам, мандат якога, аднак, не выйдзе за пазначаныя Масквой межы.

У той жа час перамір'е пасля наступу УСУ адкрые новае акно магчымасцяў на беларускім напрамку. Толькі не для Захаду, а для Масквы. Крок у падпарадкаванні Мінска ў любой форме дадаў бы Пуціну «плюс» у баланс вынікаў вайны. Прагналі ў дзверы, а ён палезе ў акно. Ва Украіне не ўсё ўдалося, затое прыраслі Беларуссю.

У лукашэнкаўцаў, якія ўспрымаюць свет вачыма расійскай прапаганды, распаўсюджана перакананне, што Украіна — гэта недадзяржава, што яе будучыня пад пытаннем, якое наогул акажацца па-за дужкамі пры заключэнні ўгоды «ялцінскага тыпу» паміж Расіяй і ЗША. Таксама як у Ялце 1944 года за дужкі вынеслі пытанне Польшчы.

Але хісткая і неабароненая цяпер — дзяржаўнасць Беларусі, а не Украіны.

Калі параўноўваць з Другой сусветнай вайной, то Украіне, Захаду і Беларусі разам з імі цяпер пагражае не параза, а нічыйны вынік.

Гісторыя поўная парадоксаў: пераасэнсаванне Расіяй сваіх нацыянальных інтарэсаў магчымае ў выніку яе геапалітычнай паразы ва Усходняй Еўропе — тады з'явіцца гістарычны шанец для трывалага міру на кантыненце. Калі ж вайна паміж Расіяй і Украінай скончыцца патам, нічыёй, то Украіне прыйдзецца змірыцца са стратай нявызваленых тэрыторый, але свету — са стратай Расіі, якая на ХХІ стагоддзе ператворыцца ў вечную праблему Паўночнай Еўразіі з незадаволенымі амбіцыямі.

Калі вынікам наступу Украіны стануць абмежаваныя поспехі, змен сітуацыі ў Беларусі чакаць не даводзіцца. Калі ж Украіне ўдасца аднавіць сваю тэрытарыяльную цэласнасць, то Расію можа чакаць унутраная ломка, а разам з гэтым жыць па-старому не зможа і Беларусь.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?