Скрыншот відэа з ютуб-блога Юліі Высоцкай
Не ўсе ведаюць, што пэўны час жыццё і кар'ера Высоцкай былі звязаны з Беларуссю: яна вучылася ў Мінску, працавала на тэлебачанні і нават была голасам мінскага метро.
Юлія Высоцкая вырасла ў сям’і вайскоўца, таму яе дзяцінства прайшло ў пастаянных раз’ездах. Пасля заканчэння вучобы ў Баку дзяўчына, якая з дзяцінства марыла стаць актрысай, вырашыла паступаць у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер гэта Акадэмія мастацтваў).
Скрыншот відэа з ютуб-блога Юліі Высоцкай
У той год у інстытуце не набіралі рускамоўнай групы, а Высоцкая не валодала беларускай мовай. Але таленавітую дзяўчыну ўзялі, і ўжо першую сесію яна здавала па-беларуску.
Ва ўніверсітэце Высоцкая фіктыўна выйшла замуж за акцёра Анатоля Ката. Гэта было патрэбна, каб атрымаць беларускае грамадзянства і працаваць у Тэатры імя Янкі Купалы.
Менавіта ў галоўным беларускім тэатры актрыса ўпершыню выйшла на вялікую сцэну. У 1992-м студэнтка тэатральнага інстытута дэбютавала ў кіно.
Руская дзяўчына настолькі добра авалодала беларускай мовай, што нават стала голасам Мінскага метрапалітэна. Пра гэта яна расказвала ў сваім відэаблогу. Але, мяркуючы па ўсім, голасам Высоцкай мінскае метро гаварыла нядоўга.
Таксама ў Мінску пачалася і яе тэлевізійная кар’ера. Высоцкая была адной з вядоўцаў праграмы «Абібок», якая ўяўляла сабой дайджэст культурнага жыцця за тыдзень.
Рэжысёр Іван Пінігін прыдумаў для дзяўчыны псеўданім Юлія Карусель.
Праграма, дарэчы, таксама выходзіла па-беларуску.
Амбіцыі таленавітай актрысы яўна не абмяжоўваліся Беларуссю. У 1996 годзе яна пазнаёмілася са знакамітым кінарэжысёрам Андрэем Канчалоўскім, які закахаўся ў маладую дзяўчыну. Праз два гады яны пажаніліся і жывуць разам дагэтуль. У іх двое дзяцей.
Акрамя сваёй тэлеперадачы, Высоцкая грае ў фільмах свайго мужа. У 2018 годзе яна атрымала званне заслужанай артысткі Расіі.
Нягледзячы на вядомасць у Расіі, яна прызнаецца, што ў Беларусі яе ўспрымалі і ўспрымаюць як сваю.
Чытайце таксама:
Скандал: блогерка з Баранавічаў знялася ў непрыстойнай позе на магіле славутага музыканта





