Франак Вячорка. Фота Офіса Святланы Ціханоўскай
«Такія запрашэнні рассылаюцца аўтаматычна», — паведаміў Вячорка. І дадаў: «Мы на сувязі з ААН».
Раней дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр заявіла, што запрашэнне Лукашэнкі ў ААН не надае яму легітымнасці. Рыхтэр падкрэсліла, што «для аанаўскай структуры той, хто мае эфектыўную ўладу над тэрыторыяй, з'яўляецца яе прадстаўніком».
Саміт ААН па Мэтах устойлівага развіцця мае адбыцца ў Нью-Ёрку ў верасні. Лукашэнка атрымаў запрашэнне наведаць яго асабіста, але яшчэ невядома, ці паедзе.
Гэта будзе другі такі саміт. Першы адбыўся ў 2015 годзе. Лукашэнка ў ім удзельнічаў.
Днямі ў Мінск прыязджала рэгіянальная дырэктарка па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Упраўлення ААН па каардынацыі дзейнасці ў мэтах развіцця Гві Еоп Сон. Яна правяла сустрэчы з мясцовымі чыноўнікамі і нагаварыла ім шмат кампліментаў, паставіўшы дзеянні лукашэнкаўскай Беларусі ў галіне ўстойлівага развіцця нават у прыклад іншым краінам. Гэта выклікала негатыўную рэакцыю з боку апанентаў рэжыму, якіх абурыла тое, што міжнародная чыноўніца заплюшчыла вочы на маштабныя палітычныя рэпрэсіі, якія ўжо амаль тры гады метадычна і няспынна праводзіць рэжым Лукашэнкі.
Чытайце таксама:
Латушка чыноўніцы ААН: Вам мала палітвязняў і вымушаных мігрантаў?





