Яўген Шаўчэнка ў Вярхоўнай Радзе Украіны

Яўген Шаўчэнка ў Вярхоўнай Радзе Украіны

Журналіст у ходзе інтэрв'ю звярнуў увагу на тое, што з Беларусі ўжо дастаткова даўно нічога не ляціць на тэрыторыю Украіны і пацікавіўся думкай Буданава, вынікам чаго гэта стала, дыпламатычных дамоўленасцяў з Лукашэнкам ці яго страху перад адказам з боку Украіны.

Буданаў сказаў, што гэта вынік і таго, і другога ў комплексе, а

Лукашэнка не ідыёт: ён, маўляў, зрабіў высновы з папярэдняга досведу і таму паўтарэння таго, што адбылося 24 лютага 2022 года, чакаць не варта.

Адносна каналаў камунікацыі з Лукашэнкам — то, паводле слоў Буданава, задзейнічалі ўсе магчымыя каналы, у тым ліку і пасрэдніцтва аднаго блізкага да Лукашэнкі ўкраінскага дэпутата. Спачатку ён не называў імя дэпутата, але пасля прамога пытання журналіста сказаў, што гэта Яўген Шаўчэнка:

«Мы карыстаемся магчымасцямі яго камунікацыі, яго сувязямі. У прынцыпе, мы ніколі гэтага моцна не хавалі. І ён эфектыўны ў гэтым працэсе. Шаўчэнка дастаткова даўно дапамагае нам, давайце так гэта назавём. І ніводнага разу не адмаўляў, калі мы звярталіся з пэўнымі просьбамі да яго».

Адносна таго, ці намагаецца Пуцін яшчэ ўцягнуць Лукашэнку ў вайну, Буданаў лічыць, што ён ужо страціў надзею гэта зрабіць. Патрэбныя боепрыпасы, маўляў, з Беларусі ўжо практычна вывезеныя, палігоны выкарыстоўваюцца — але на гэтым усё. 

Названага Буданавым дэпутата Яўгена Шаўчэнку беларусы добра ведаюць яшчэ з часоў, якія папярэднічалі расійскаму нападу на Украіну з тэрыторыі Беларусі. І ведаюць не з добрага боку. Гэты палітык набыў вядомасць як актыўны прыхільнік Лукашэнкі і яго палітычны лабіст ва Украіне.

З самага пачатку беларускіх паслявыбарчых пратэстаў Шаўчэнка шмат выказваўся на беларускія тэмы, на ўсе лады расхвальваючы рэжым і яго дзеянні, апанентаў жа рэжыму ён усяляк пляжыў.

Сам дэпутацкі статус Шаўчэнкі беларуская прапаганда ўсяляк выкарыстоўвала для імітацыі легітымнасці цяперашняй беларускай улады ў вачах палітычнай эліты суседняй краіны. Ён наведваў многія прапагандысцкія мерапрыемствы рэжыму, у тым ліку т. зв. Усебеларускі народны сход 2021 года, а на «Славянскім базары» ў тым жа годзе выступіў нават у ролі не толькі пралукашэнкаўскага прапагандыста, але і спевака.

Яшчэ перад пачаткам шырокамаштабнай вайны з'яўляліся паведамленні пра тое, што супраць Шаўчэнкі нібыта заведзеная крымінальная справа, што пасля не пацвердзілася. Пасля пачатку вайны таксама паведамлялася пра арышт Шаўчэнкі, а пасля ён прыходзіў у Вярхоўную Раду ў вайсковай форме, за што падвяргаўся асуджэнню з боку калег. Тады ён публічна заявіў, што з'яўляецца супрацоўнікам Галоўнага ўпраўлення разведкі, і паказаў адпаведнае пасведчанне.

Чытайце таксама:

Кіраўнік ГУР Украіны Буданаў: Ядзернага ўдару пасля дэакупацыі Крыма не будзе, расійская прапаганда ўжо рыхтуецца да яго страты

Клас
10
Панылы сорам
13
Ха-ха
5
Ого
7
Сумна
4
Абуральна
41