Цяперашні выгляд палаца ў Свяцку. Фота: «Гродзенская праўда»

Цяперашні выгляд палаца ў Свяцку. Фота: «Гродзенская праўда»

15 мая 2023 года старшыня праўлення Нацбанка і кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама сімвалічна адкрылі першую чаргу рэканструкцыі палацава-паркавага комплексу Валовічаў у Свяцку, паведамляла БелТА.

У часе рэканструкцыі цалкам адноўлены вонкавы выгляд, праведзены работы ў інтэр'ерах флігеляў і галерэй палаца. Акрамя таго, раней былі вычышчаны сажалкі ад глею, праведзена санітарная ўборка вакол вадаёмаў, завершаны працы па рэканструкцыі водапрапускных збудаванняў, шлюза, па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол сажалак. 

У палацы адкрылі гасцініцу на 58 чалавек, SPA-цэнтр, рэстаран, бровар, залы для правядзення выставак, канферэнцый і прэзентацый. Першых гасцей комплекс планаваў прыняць у канцы мая.

Інтэр'еры, створаныя ў былым палацы для гасцініцы і рэстарана, не маюць нічога агульнага з гістарычнымі. Фота: «СБ. Беларусь сегодня»

Інтэр'еры, створаныя ў былым палацы для гасцініцы і рэстарана, не маюць нічога агульнага з гістарычнымі. Фота: «СБ. Беларусь сегодня»

Рэстаўрацыя комплексу вядзецца з 2017 года. Праект рэканструкцыі суправаджаўся сур'ёзнымі навуковымі вышуканнямі, каб максімальна ўзнавіць палац у яго першапачатковым выглядзе. Рэстаўратары плануюць працягнуць працу над інтэр'ерамі цэнтральнай часткі палаца. Тут ужо былі праведзены першыя даследаванні жывапісу, выяўленага ў памяшканні, у якіх ён захаваўся. У найбліжэйшы час мусіць з’явіцца канцэпцыя рэстаўрацыі інтэр'ераў палаца з аднаўленнем роспісаў сцен і ляпніны.

На жаль, сапраўдных рэчаў з інтэр’ераў часоў Валовічаў практычна не засталося.

Род Валовічаў належаў да адной з найбольш старых магнацкіх сем’яў на Беларусі. Родапачынальнікам яго лічыцца Ходка (Ходзька), які ў першай палове XV стагоддзя жыў у Гарадзенскім павеце. Прадстаўнікі роду займалі ў XV—XVIII стагоддзях высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім. Сярод іх вылучаецца постаць канцлера Астафія Валовіча (1520—1587), які падрыхтаваў другое выданне Статута ВКЛ, выдадзенага ў 1566 годзе. Для абароны інтарэсаў беларускай шляхты Валовіч дамогся ўключэння артыкула аб за­ба­ро­не замежнікам, якімі тады лічыліся і па­ля­кі, на­бы­ваць зям­лю ў княстве.

Свяцк жа да Валовічаў патрапіў толькі ў другой палове XVIII стагоддзя, калі ягоная частка ў якасці пасагу стала ўладаннем маршалка гарадзенскага Юзафа Валовіча, які затым выкупіў землі ў іншых уладальнікаў. Валовіч пачаў ствараць тут радавую рэзідэнцыю. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Свяцк апынуўся ў складзе Прускага Каралеўства. Юзаф у хуткім часе памёр (у 1779-м), але ягоны сын Антоній, кашталян мерацкі, працягнуў справу бацькі. Яшчэ ў 1779 годзе ён пашырыў маёнтак Свяцк Валовічаў, дадаўшы да яго два фальваркі, і пачаў будаўніцтва палаца. У 1798 годзе Антоній атрымаў ад свайго новага манарха, прускага караля, графскую годнасць. 

Адноўлены выгляд палаца Валовічаў. Фота: «Гродзенская праўда»

Адноўлены выгляд палаца Валовічаў. Фота: «Гродзенская праўда»

Палац у стылі барока, але ўжо пад відавочным уплывам ідэй класіцызму, быў вымураваны да 1780 го­да, але пра­цы па аздабленні пра­цяг­ва­лі­ся яшчэ шмат га­доў. Ягоным аўтарам быў прыдворны каралеўскі архітэктар, італьянец Джузэпэ дэ Сака. Ён назіраў за будаўніцтвам да самай сваёй смерці ў 1798 го­дзе. Сака між іншага пабудаваў палацы Храптовічаў у Шчорсах, Тызенгаўза ў Гародні і загарадную рэзідэнцыю Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Станіслававе (цяпер у межах Гродна). Свяцкі палац атрымаўся двухпавярховым на высокім цокалі, накрыты высокім ламаным дахам. Аформлены ў формах ранняга класіцызму палацавых інтэр’ераў.

Асаблівай вытанчанасцю вылучаліся парадныя памяшканні другога паверха, размешчаныя вакол акруглай бальнай залы. Роспісы сцен звярталі да матываў рамантычных руін і антычных старажытнасцей. Най­бо­льш верагоднымі аўта­ра­мі фрэ­сак, на думку гісторыкаў, бы­лі вя­до­мыя ў тыя ча­сы мас­та­кі Анто­ній Смуглевіч і іта­ль­янец Там­ба­ры.

Пейзажныя размалёўкі ў адной з залаў палаца ў 1933 годзе

Пейзажныя размалёўкі ў адной з залаў палаца ў 1933 годзе

У выніку напалеонаўскіх войнаў большая частка былой Рэчы Паспалітай канчаткова адышла да Расійскай Імперыі, на новадалучаных землях было ўтворана Царства Польскае, у якое патрапіў і Свяцк. Антоній свайго ўплыву не страціў ад чарговай змены манарха, цяпер з прускага на расійскага, і стаў сенатарам-кашталянам царства.

Пасля смерці Антонія ў 1822 годзе маёнтак атрымаў у спадчыну ягоны старэйшы сын Іаахім Юзаф (1783—1842), які тады ўжо займаў пасаду губернатара Беластоцкай вобласці (так, вобласць з такой назвай існавала не толькі ў БССР). Цікава, што вобласць была скасавана і далучана да Гродзенскай губерні ў адзін год са смерцю губернатара Валовіча. 

Якраз у пачатку XIX стагоддзя склаўся канчатковы выгляд палацавага комплексу. Новым архітэктарам былі пабудаваны дзве аднапавярховыя афіцыны ў стылі класіцызму, дзе размясціліся кухня і манеж. Вынесеныя наперад афіцыны злучаліся з самім палацам зашклёнымі паўцыркульнымі галерэямі-каланадамі. Быў за­кла­дзе­ны парк і ўзве­дзе­ныя каменныя гас­па­дар­чыя па­бу­до­вы, адна з якіх нават захавала на фасадзе дату пабудовы — 1841. 

Выгляд палаца ў 1933 годзе

Выгляд палаца ў 1933 годзе

Апошнім Валовічам, які валодаў Свяцкам, стаў Міхал (1812—1882), сын Іаахіма. У шлюбе з графіняй Тэрэзай Ронікер, ён не меў нашчадкаў мужчынскага полу, таму Свяцк перайшоў да малодшай дачкі Ядвігі-Марыі, якая праз шлюб перадала маёнтак свайму мужу графу Юзафу Мянчынскаму. 

Граф у сваіх руках маёнтак жонкі чамусьці доўга трымаць не стаў і прадаў у канцы XIX стагоддзя купцам з Мерачы. У пачатку XX стагоддзя маёнтак адышоў да нейкага роду Гумніцкіх, якія неўзабаве яго распарцалявалі (раздрабнілі на часткі). Палац прыйшоў у поўны заняпад, усё, што можна было, з яго вынеслі і прадалі новыя ўладальнікі.

Інтэр'еры палаца ў 1933 годзе

Інтэр'еры палаца ў 1933 годзе

Пасля Першай сусветнай вайны, развалу імперыі і савецка-польскай вайны, Свяцк па Рыжскім міры ў 1921 годзе адышоў да Польскай Рэспублікі. Частку маёнтка з руінамі палаца прыдбала Міністэрства аховы здароўя, якое ў 1930—1933 гадах правяло рэстаўрацыю пад кіраўніцтвам прафесара Оскара Сасноўскага. У 1939 годзе ў палацы размясціўся санаторый для лячэння нарказалежных. У час вайны тут быў нямецкі шпіталь, а пасля вайны — зноў санаторый. 

Парадная лесвіца з роспісамі мілітарнай тэматыкі ў пачатку XX стагоддзя

Парадная лесвіца з роспісамі мілітарнай тэматыкі ў пачатку XX стагоддзя

Знойдзены ў часе даследаванняў роспіс з выявай рыцара на параднай лесвіцы. Фота: grodnonews.by

Знойдзены ў часе даследаванняў роспіс з выявай рыцара на параднай лесвіцы. Фота: grodnonews.by

Некаторыя рэстаўрацыйныя працы праводзіліся яшчэ ў 1960—1980-я га­ды. З 2005 года палац стаяў закінутым, што прывяло да хуткага разбурэння помніка. Палац быў пе­рад­адзе­ны са­на­то­рыю «Азёр­ны». 

Адна з залаў палаца ў часе рэканструкцыі. Фота: «Новости Гродно»

Адна з залаў палаца ў часе рэканструкцыі. Фота: «Новости Гродно»

Рэканструкцыя палаца пачалася толькі ў 2017 годзе і будзе працягвацца яшчэ не адзін год. Зараз паралельна на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу вядуцца работы па ўзнаўленні капліцы ў гатычным стылі, якая пацярпела ад пажару ў 2020 годзе.

Другая чарга прадугледжвае аднаўленне прылеглай тэрыторыі, а трэцяя — добраўпарадкаванне лесапаркавай зоны адпачынку. Дакладныя тэрміны іх завяршэння пакуль невядомыя.

Клас
57
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
1
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?