Кіраўнік Растранснагляду Віктар Басаргін, выступаючы ў камітэце транспарту Дзярждумы, заявіў, што пазапланавыя праверкі некалькіх сотняў авіяпрадпрыемстваў зафіксавалі ў кампаніях, якія выкарыстоўваюць заходнія самалёты, «дэфіцыт камплектуючых вырабаў».
Па словах Басаргіна, гэта звязана з павелічэннем кошту і тэрмінаў дастаўкі дэталяў, у некаторых выпадках іх зусім «немагчыма завезці».
Суразмоўцы выдання ў «Аэрафлоце» і іншых буйных расійскіх авіякампаніях адмаўляюць выкарыстанне запчастак са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Па іх словах, яны, маўляў, маюць магчымасць прыпаркаваць самалёты ў чаканні паставак камплектуючых.
Пры гэтым эксперты лічаць, што сітуацыя з падтрыманнем лётнай прыдатнасці заходніх самалётаў у Расіі будзе пагаршацца і пагражае дэфіцытам флоту.
У маі выданне «Праект» паведамляла, што расійскія авіякампаніі пасля ўвядзення санкцый супраць Расіі ў сувязі з уварваннем ва Украіну адчуваюць праблемы з запчасткамі, праз якія яны ў шэрагу выпадкаў адыходзяць ад тэхнічных рэгламентаў і радзей, чым прадпісана, фіксуюць няспраўнасці.
Санкцыі, уведзеныя супраць расійскай авіягаліны пасля шырокамаштабнага ўварвання ва Украіну, прадугледжваюць забарону на пастаўкі ў Расію авіятэхнікі, а таксама забарону на палёты расійскіх самалётаў у краіны, якія ўвялі санкцыі, і закрыццё для іх паветранай прасторы.
Таксама былі адкліканыя сертыфікаты страхавання, а самалёты, набытыя ў лізінг, ад расійскіх авіякампаній запатрабавалі вярнуць (што яны не зрабілі). З-за гэтага большасць расійскіх самалётаў зараз могуць лётаць за мяжу толькі ў абмежаваную колькасць краін.
Чытайце таксама:
Бяспека самалётаў грамадзянскай авіяцыі Расіі пад пагрозай
Расійскія авіякампаніі пачалі разбіраць самалёты на запчасткі





