Сухчарн Сінгх
Напярэдадні афіцыйны прадстаўнік Гары і Меган паведаміў, што пара ледзь не разбілася, пакуль на працягу дзвюх гадзін іх машыну праследвалі фатографы-папарацы, піша Бі-бі-сі.
Інцыдэнт, паводле яго слоў, адбыўся ў Нью-Ёрку, пасля наведвання мужам і жонкай дабрачыннага вечара, дзе Меган атрымлівала ўзнагароду за сваю працу ад Ms Foundation Women of Vision.
Таксіст удакладняе, што, магчыма, стаў сведкам толькі часткі гісторыі, але ў той момант, калі пара знаходзілася ў яго таксі (каля 10 хвілін), не было ні пагоні, ні небяспечнага кіравання з яго боку.
Па словах Сінгха, Гары і Меган сапраўды нерваваліся, але ніякай знешняй пагрозы ў іх дачыненні не назіралася.
«Я не думаю, што [іх аповед] праўдзівы, яны моцна перабольшваюць. Нічога такога не было», — сказаў таксіст рэпарцёрам.
Ён пацвердзіў, што папарацы ехалі за яго таксі, але яны не паводзілі сябе агрэсіўна, трымалі дыстанцыю і ніякай небяспекі не было. Пры гэтым Сінгх не выключае, што прынц і яго жонка маглі трапіць у непрыемную сітуацыю да таго, як селі да яго.
Соні Сінгх падабраў іх каля аднаго з паліцэйскіх участкаў Манхэтэна, дзе, па словах прадстаўніка пары, яны спрабавалі схавацца ад пагоні, якая пачалася, як толькі яны селі ў машыну пасля дабрачыннага вечара.
«Я стаяў на 67-й вуліцы, мяне наняў нейкі ахоўнік. У наступны момант да мяне ў машыну селі прынц Гары і яго жонка. На шляху нам перакрыў дарогу смеццявоз, і нечакана пад'ехалі папарацы і пачалі фатаграфаваць. Ахоўнік загадаў вярнуцца назад да паліцэйскага ўчастка», — распавядае Соні Сінгх.
Гары і Меган ветліва развіталіся з ім і спыталі, як яго завуць. Ахоўнік заплаціў яму 50 даляраў, што занадта шмат для такой кароткай паездкі, але гэта з улікам чаявых, сказаў Соні.
Паліцыя Нью-Ёрка пацвярджае, што ў аўторак вечарам прынца Гары і Меган праследавалі папарацы, парушаючы правілы дарожнага руху.
Фотаздымкі мужа і жонкі ў таксі, якія з'явіліся на розных платформах тым жа вечарам, таксама сведчаць пра пераслед.
Адзін з фатографаў, аднак, таксама распавёў пра напружаную сітуацыю, калі ён спрабаваў не адстаць ад машыны з Гары і Меган. Ён выступаў ананімна ў ранішняй праграме брытанскага тэлеканала ITV.
«Яны шмат блакавалі, было шмат рознага роду манеўраў, каб спыніць тое, што адбывалася. Калі гэта было небяспечна і катастрафічна, то, хутчэй за ўсё, праз дзеянні чалавека за стырном», — дадаў фатограф.
Фотаагенцтва Backgrid USA пацвердзіла, што атрымала фатаграфіі Гары і Меган у машыне ад фатографаў, «тры з якіх ехалі на машынах і адзін на ровары».
У агенцтве абяцалі праверыць скаргі на паводзіны фатографаў, але дадалі, што, па словах саміх папарацы, ніякіх небяспечных збліжэнняў і патэнцыйна аварыйных сітуацый не было.
«Важна адзначыць, што ў гэтых фатографаў ёсць прафесійны абавязак асвятляць вартыя асвятлення падзеі і персаналіі, у тым ліку такія публічныя фігуры, як прынц Гары і Меган Маркл», — сказалі ў фотаагенцтве.
Аднак Гары і Меган у сваёй заяве сцвярджаюць, што сітуацыя пагражала іх жыццю.
«Учора ўвечары герцаг і герцагіня Сасэкскія [тытулы Меган і Гары] ледзь не разбіліся падчас аўтамабільнай пагоні з удзелам групы вельмі агрэсіўных папарацы, — сказана ў заяве пары. — Упартая пагоня, якая працягвалася больш за дзве гадзіны, прывяла да мноства сітуацый, калі ледзь не адбыліся сутыкненні з іншымі кіроўцамі, пешаходамі і двума афіцэрамі нью-ёркскай паліцыі».
«Распаўсюджванне гэтых фатаграфій — з улікам таго, якім чынам яны былі атрыманыя — прыводзіць да заахвочвання практыкі, якая ўяўляе небяспеку для ўсіх датычных бакоў і з'яўляецца ўварваннем у асабістае жыццё», — таксама сказана ў заяве.
Прынц Гары неаднаразова заяўляў, што адной з прычын, якія падштурхнулі яго да сыходу ад спраў каралеўскай сям'і і пераезду ў ЗША было жаданне засцерагчы сваю сям'ю ад празмернай увагі прэсы.
Паводле яго слоў, ён баіцца, што Меган Маркл можа паўтарыць лёс яго маці прынцэсы Дыяны, якая загінула ў аварыі падчас пераследу фатографаў-папарацы.
Але, з'ехаўшы з Вялікабрытаніі, Гары і Меган не знізілі ўзровень сваёй публічнасці, як мелі намер. Яны ўдзельнічаюць у цырымоніях, даюць інтэрв'ю і сваімі часам скандальнымі заявамі выклікаюць павышаную ўвагу прэсы.
Чытайце таксама:
Гары і Мэган ледзь не разбіліся: дзве гадзіны за іх таксі гналіся фатографы





