Сквер імя Герцэна ў Магілёве. Фота: Яндэкс.Карты

Сквер імя Герцэна ў Магілёве. Фота: Яндэкс.Карты

Сквер закладзены ў 1829 годзе па загадзе магілёўскага губернатара Міхаіла Мураўёва на месцы былога Блізкага вала, які атачаў Стары горад і меў у гэтай частцы дзве брамы — Каралеўскую і Ветраную. У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя вал ужо страціў абарончае значэнне і значна замінаў росту і развіццю горада. Сквер па імені заснавальніка называўся Мураўёўскім. Пасля на пасадзе віленскага генерал-губернатара Мураўёў праславіўся надзвычай жорсткім задушэннем вызвольнага паўстання 1863—1864 гадоў, за што атрымаў мянушку «Вешальнік».

Блізкі вал (злева) у канцы XVIII стагоддзя. Малюнак Мікалая Львова. Крыніца: Wikimedia Commons

Блізкі вал (злева) у канцы XVIII стагоддзя. Малюнак Мікалая Львова. Крыніца: Wikimedia Commons

У 1886—1888 гадах на адным канцы сквера, які па сутнасці быў бульварам, пабудавалі будынак гарадскога тэатра, які захаваўся дагэтуль. 

Пасля бальшавіцкага перавароту ў 1917 годзе імя Мураўёва з назвы сквера прыбралі, ён стаў называцца Дняпроўскім. А ўжо ў 1919 годзе скверу прысвоена імя рускага публіцыста-рэвалюцыянера сярэдзіны XIX стагоддзя Аляксандра Герцэна. Герцэн належаў да крайне левых палітыкаў свайго часу і крытыкаваў манархічны лад расійскай дзяржавы, выступаючы за сацыялістычныя пераўтварэнні, таму бальшавікі прымалі яго за свайго папярэдніка.

Сквер на пачатку XX стагоддзя. Крыніца: Wikimedia Commons

Сквер на пачатку XX стагоддзя. Крыніца: Wikimedia Commons

Пад гэтай назвай сквер праіснаваў больш за стагоддзе, хоць сярод магілёўцаў яна не вельмі вядомая: звычайна яго згадваюць у звязцы з тэатрам, за якім сквер размешчаны. Гарвыканкам, відаць, вырашыў замацаваць афіцыйна «народную» назву, мякка «дэкамунізаваўшы» гістарычны сквер.

Гэта не першая прапанова перайменаваць сквер. У 2018 годзе магілёўскія актывісты да 750-годдзя горада склалі петыцыю, у якой звярталі ўвагу на поўнае знішчэнне гарадской тапанімікі за савецкім часам і прапаноўвалі ўвесці ў абарот забытыя гістарычныя тапонімы, даўшы новыя назвы гарадскім скверам. У сваёй прапанове актывісты спасылаліся на пазітыўны досвед Мінска. Сквер Герцэна мусіў стаць Фарным скверам па гістарычнай назве вуліцы Болдзіна, на якую ён выходзіць, і каталіцкім касцёле, які размешчаны побач у дварах.

Магілёўскія гарадскія ўлады тады адмовілі па ўсіх прапановах аб змене савецкіх назваў, а новыя назвы для яшчэ безназоўных зялёных зон паклалі ў шуфляду. На гэты момант ніводная з прапанаваных назваў не была афіцыйна прысвоеная.

Фантан у скверы імя Герцэна да пачатку рэканструкцыі. На заднім фоне будынак драматычнага тэатра, у гонар якога плануюць перайменаваць сквер. Фота: Wikimedia Commons

Фантан у скверы імя Герцэна да пачатку рэканструкцыі. На заднім фоне будынак драматычнага тэатра, у гонар якога плануюць перайменаваць сквер. Фота: Wikimedia Commons

Але ўжо ў 2019 годзе грамадзянская супольнасць нанесла ідэолагам удар у адказ. Ініцыятыва праўладных грамадскіх арганізацый нібыта «па шматлікіх просьбах ветэранаў» перайменаваць галоўны (і фактычна адзіны) парк «Падміколле» (гэта старадаўняя назва прадмесця, па назве знакамітага праваслаўнага манастыра) у гонар Перамогі, быў успрыняты гараджанамі ў штыкі.

У адной з самых масавых гарадскіх петыцый магілёўцы заявілі, што горад і так перанасычаны памяццю пра вайну і далейшае накручванне ваеннай тэматыкі можа вырадзіцца ў ідэалогію «победобесия» (што ўрэшце і адбылося). Гарадскія ўлады былі вымушаныя прызнаць, што ініцыятыву ў горадзе не падтрымлівае літаральна ніхто, і адступіліся.

Месца знішчанага фантана падчас рэканструкцыі сквера. Фота: Magilev.by

Месца знішчанага фантана падчас рэканструкцыі сквера. Фота: Magilev.by

Цяпер жа ад прынцыповай пазіцыі не чапаць савецкія назвы, відаць, адышлі. Але прапанаваная назва, на нашу думку, няўдалая, бо назву Тэатральная ўжо носіць плошча перад тэатрам — ніякага сэнсу множыць падобныя безаблічныя найменні ў гістарычным цэнтры горада няма. У гэтым выпадку варта звярнуцца да раней прапанавай назвы Фарны сквер або ўвекавечыць памяць пра Блізкі вал, якому сквер абавязаны сваім з’яўленнем.

Чытайце таксама:

На беларускім сайце выстаўленае на продаж яўрэйскае надмагілле

У Жодзішках прадаюць сядзібу з незвычайнай гісторыяй: ад барацьбы з пратэстантамі да псіхлякарні

Улады вызначыліся з ідэалагічным манументам на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Вось як ён будзе выглядаць

Клас
23
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
5
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?