Dissidentby

Калі не хочаце складанасцей, а жадаеце проста зрабіць добрую справу, звярніце ўвагу на гэтую ініцыятыву. Dissidentby дапамагае збіраць перадачы і пасылкі ў месцы зняволення, а таксама знаходзіць грошы для пераводу на асабісты рахунак палітвязняў. Ініцыятыва таксама збірае інфармацыю пра палітвязняў і даводзіць яе да грамадскасці.

Зручны спосаб ахвяраваць — падпіска на Patreon ініцыятывы, таксама можна перавесці грошы па рэквізітах з іх сайта. А можна яшчэ і атрымаць за сваю дапамогу натхняльны мерч ад Dissidentby: для гэтага аформіце праз сайт (акно «Агульны збор») аднаразовы перавод ініцыятыве на суму ад 15 даляраў ці еўра.

Politzek.me

Гэты праект штаба Бабарыкі пачынаўся як месца, дзе можна знайсці гісторыю палітвязня, даведацца пра яго месцазнаходжанне і абраць спосаб, як гэтага вязня падтрымаць. З цягам часу на сайце politzek.me з'явіўся канструктар лістоў (на выпадак, калі вам цяжка прыдумляць лісты), падказкі па напісанні лістоў і іншых спосабах падтрымкі, а яшчэ сваё медыя Politzek Times.

Крыху больш за год таму каманда праекта запусціла яшчэ і старонку для данатаў. Праз сэрвіс Digital Solidarity (тут) можна ахвяраваць на збор перадач ці аплату паслуг адвакатаў для тых сямей палітвязняў, якія звяртаюцца ў politzek.me па такую дапамогу.

«Байсол»

Гэты фонд салідарнасці ўзнік пасля пачатку рэпрэсій 2020 года. Цяпер ён дапамагае рэпрэсаваным і пацярпелым ад рэжыму беларусам, у тым ліку сем'ям палітвязняў, падтрымлівае былых палітвязняў, украінскія ініцыятывы і актывістаў.

У «Байсола» ёсць некалькі збораў, звязаных з палітвязнямі, іх можна знайсці тут. Не можаце выбраць? Адзначым збор на тое, каб дзеці нашых герояў змаглі адпачыць гэтым летам, а таксама збор на дапамогу сем'ям былых палітвязняў з дзецьмі.

«Вясна» / Viasna

Вядучы беларускі праваабарончы цэнтр робіць неймаверна шмат для таго, каб гісторыі палітвязняў не атрымалася замаўчаць і каб свет, і самі беларусы перш за ўсё, пра іх не забылі. «Вясна» дакументуе парушэнні правоў чалавека, расказвае гісторыі палітвязняў і падказвае, як іх лепш за ўсё падтрымаць. Саміх вясноўцаў рэпрэсіі таксама не абышлі бокам: проста цяпер за кратамі знаходзіцца шасцёра прадстаўнікоў арганізацыі.

Калі жадаеце падтрымаць «Вясну», звярніце ўвагу на іх Patreon.

«Палітвязынка»

Журналістка Яўгенія Доўгая стварае некалькі праектаў, адзін з якіх — «Палітвязынка» — прысвечаны палітзняволеным беларускам. На старонцы праекта ў інстаграме Яўгенія расказвае гісторыі гэтых жанчын і факты з іх жыцця, а таксама збірае данаты на карысць беларускіх палітвязынак. Паўдзельнічаць можна праз Patreon. Або можна заданаціць палітвязынкам праз Paypal з пазнакай «бандэроль».

«Вольныя паштоўкі»

Актывісты гэтай ініцыятывы збіраюць малюнкі палітвязняў і размяшчаюць іх на паштоўках і іншым мерчы. Можна заданаціць ім праз «Байсол» і атрымаць у падарунак у залежнасці ад сумы ахвяравання паштоўкі, размалёўкі, кубак, шопер або цішотку. Усе ахвяраванні ідуць на карысць Dissidentby.

«Краіна для жыцця»

Гэты фонд распрацаваў праграму салідарнасці, якая дае магчымасць чалавеку ці арганізацыі стаць сябрам для сям'і палітвязня. У перыяд ад 3 да 12 месяцаў такі сябар мусіць кожны месяц падтрымліваць сям'ю на суму ад 100 еўра (але можна дамовіцца і на меншыя сумы). Анкета для тых, хто жадае паўдзельнічаць, знаходзіцца тут.

Таксама фонд мае сістэму данатаў, з якіх «Краіна для жыцця» выплачвае сем'ям палітвязняў па 300 еўра. Паўдзельнічаць можна тут.

Чым яшчэ дапамагчы

Калі па нейкіх прычынах не жадаеце данаціць, то заўсёды можна зрабіць перавод канкрэтнаму вязню, даслаць яму пасылку ці бандэроль, прынесці перадачу (загадзя прагледзьце тлумачалку ад «Вясны»).

Не варта недаацэньваць важнасць лістоў. Нават цяпер, калі іх перадаюць дужа рэдка, кожны лісточак звонку па-ранейшаму значыць для нашых герояў дужа шмат. Адрасы палітвязняў шукаем на сайтах «Вясны», politzek.me і dissidentby.com (вось спасылка на люстэрка апошняга).

Калі вязні яшчэ ў СІЗА, можна дасылаць ім тэлеграмы — вось падказкі. Нарэшце, калі вы ў бяспецы, рабіце рэпосты інфармацыі пра палітвязняў і расказвайце пра іх, гэта сапраўды вельмі важна. І прыходзьце на імпрэзы ў сувязі з Днём палітвязня, якія пройдуць па ўсім свеце.

Чытайце таксама:

Колькі палітвязняў памерла ці звяло рахункі з жыццём праз невыносныя ўмовы за кратамі

«Сказалі проста ў твар, хто мяне здаў». Былыя палітвязні расказваюць, як сукамернікі становяцца стукачамі і ці ёсць даносчыкі сярод палітычных

«Што было ў турме, застаецца ў турме». Вязні і палітвязні з «нізкім сацыяльным статусам»? Што пра гэта вядома

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?