Фота: «Наша Ніва»

Фота: «Наша Ніва»

Казахстанскія транспартныя кампаніі хочуць спыніць паралельны імпарт са сваёй тэрыторыі ў Беларусь і Расію, а таксама папрасіць Еўрасаюз абмежаваць па сваёй тэрыторыі перамяшчэнне грузавікоў на беларускіх і расійскіх нумарах. Пра гэта паведаміў казахстанскі офіс Forbes са спасылкай на прэс-канферэнцыю мясцовых транспартных кампаній.

Падчас прэс-канферэнцыі кіраўнікі Саюза міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Казахстана (КазАТО) выказаліся супраць палітыкі казахстанскіх улад, якія дазваляюць фірмам з Беларусі і Расіі праводзіць «перачэпку» на свае машыны грузаў з Еўропы, якія ідуць у Казахстан і назад.

На думку КазАТО, ва ўмовах міжнародных санкцый у дачыненні да Беларусі і Расіі такі дазвол толькі пагаршае рэпутацыю і эканоміку Казахстана, а таксама ўшчамляе мясцовых перавозчыкаў.

«З 2022 года ў сувязі з санкцыямі, накладзенымі на Расійскую Федэрацыю і Рэспубліку Беларусь, расійскія і беларускія кампаніі рэгіструюць на тэрыторыі Казахстана транспартныя кампаніі і атрымліваюць статус мясцовага рэзідэнта. Іх грузавікі ставяцца на ўлік і атрымліваюць казахстанскія дзяржаўныя рэгістрацыйныя нумарныя знакі, і яны тым самым ажыццяўляюць міжнародныя аўтаперавозкі ў еўрапейскія краіны пад сцягам Казахстана», — заяўляе прэзідэнт КазАТО Махсат Сактаганаў.

Па інфармацыі КазАТО, беларускія і расійскія транспартныя кампаніі разам асобнымі прадпрымальнікамі масава ствараюць у Казахстане юрыдычныя асобы і мімікрыруюць пад мясцовых гульцоў, што дае ім велізаныя магчымасці для паралельнага імпарту тавараў. З улікам таго, што афіцыйна Казахстан не дапамагае Беларусі і Расіі з паралельным імпартам, тое, што адбываецца зараз, значна пагаршае міжнародную рэпутацыю Казахстана.

У дадатак да гэтага мясцовыя перавозчыкі скардзяцца на рэзкае пагаршэнне іх матэрыяльнага становішча і якасці жыцця з-за «перачэпкі» і звязаных з ёй страт.

«Цяжка стала працаваць, зарабляць і весці бізнэс. Беларусь і Расія адбіраюць наш хлеб. Гэта нашы грузы, і менавіта мы павінны іх вазіць. Вось, напрыклад, сітуацыя з Беларуссю: на кожны наш рэйс, санкцыйны і несанкцыйны, патрэбная электрапломба за 130 еўра. Пры «перачэпцы» ў Беларусі з нас звычайна бяруць яшчэ ад 1500 да 3800 еўра на дадатковы дазвол для перавозак у Еўропу, і гэта толькі ў адзін бок, таму даводзіцца плаціць двойчы. І яшчэ дадаткова патрабуюць больш за 200 еўра за «дазвол на перавозку ад трэцяй краіны». Пры гэтым з нас не павінны, паводле пагадненняў, такога патрабаваць», — скардзяцца казахстанскія перавозчыкі.

Паводле іх слоў, з-за гэтага тысячы работнікаў транспартных кампаній Казахстана засталіся без заработнай платы, а іх сем'і — без даходу. 

Таму КазАТО патрабуе ад улад Казахстана адмовіцца ад падобнай «перачэпкі» і хоча папрасіць Еўрасаюз абмежаваць перамяшчэнне па сваёй тэрыторыі любых грузавікоў на беларускіх і расійскіх нумарах.

Чытайце таксама:

Былыя зняволеныя заклікаюць закрыць грузавы рух на межах Беларусі, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні

У Казахстане сталі больш баяцца, што на іх нападзе Расія

«Зялёная карта» хутка ўсё. Як будуць афармляцца страхавыя полісы на аўто для выезду за мяжу?

Клас
23
Панылы сорам
3
Ха-ха
11
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?