«Гэта не рукапіс Барадуліна, а ксеракс. Такі самы ў мяне ляжыць дома — у сэнсе, недасяжны, у Беларусі, у маіх паперах», — пісьменніца Югася Каляда дадала яшчэ адзін раздзел у гісторыю з выпадкова знойдзеным невядомым вершам Рыгора Барадуліна. Са слоў літаратаркі, ідэнтычны знаходцы Ганны Каспяровіч аркуш яна атрымала ў 1998 годзе, калі прыехала на «Чарнобыльскі шлях» у Мінск.

Днямі невядомы рукапіс верша Рыгора Барадуліна выпадкова быў знойдзены ў зборніку паэта «Прынамсі» 1977 года. Выданне разам з іншымі кнігамі было перададзенае беларускай архітэктарцы Ганне Каспяровіч у Кракаў. Калі Ганна знайшла ў зборніку паперку з вершам 1998 года і подпісам беларускага паэта, яна пачала пошукі і высветліла, што твор да гэтай пары нідзе не друкаваўся. Атрымоўваецца, што верш «Вольна развінайцеся» раней увогуле не даходзіў да чытачоў.

«Гэта сапраўдны цуд», — падсумоўвае ўладальніца артэфакта.

Публікацыя пра знаходку выклікала рэзананс, і літаральна ў той жа дзень на навіну адгукнулася пісьменніца з Гомеля Югася Каляда. Яна ўзнавіла, што падобны аркуш з вершам беларускага класіка ёсць у яе архіве. І гэта не рукапіс, сцвярджае аўтарка, а ксеракопія.

«Мяне гэты верш расчуліў да слёз!»

Па просьбе Reform.by пісьменніца падзялілася сваёй версіяй «паходжання» аркуша.

— Гэта быў 1998 год, я памятаю, што прыехала з Гомеля ў Мінск на «Чарнобыльскі шлях». Ішоў апошні год майго навучання ў школе перад універсітэтам, у мяне былі сябры ў Мінску, я тады актыўна камунікавала з беларусканацыянальнай супольнасцю, — уводзіць у кантэкст аўтарка.

Са слоў спадарыні Каляды, аркуш з вершам Рыгора Барадуліна на тым мітынгу ёй даў яе сябра — будучы журналіст і вучоны Віктар Корбут.

— Я спытала тады, пабачыўшы паперу: «Гэта праўда рукапіс Рыгора Барадуліна?». І мой сябра пажартаваў: «Канечне, Рыгор Барадулін сядзеў і пісаў аркушы цэлы дзень». Віктар паказаў мне цэлы стос гэтых копій і дадаў, што аркушы былі памножаныя ва Управе БНФ на Варвашэні, 8.

— У маёй памяці дакладна адбілася, што памножаныя копіі былі адтуль, — працягвае расповед наша суразмоўца. — «Вольна развінайцеся!», — я памятаю радок з верша. Пасля мітынгу я захавала паперу і павесіла яе ў сябе на сцяне ў юначым пакоі. І верш да гэтай пары захоўваецца ў маіх архівах у Беларусі, толькі хутка яго цяпер не знойдзеш.

Ці ведала тады Югася, што верш — ненадрукаваны?

— Мне гэта ў галаву не магло прыйсці! — прызнаецца яна. — Я была ўпэўненая, што верш — вядомы, яго раздавалі ўсім. І калі я прачытала артыкул у «Новым часе», то ўвогуле была шакаваная. Вось якая сенсацыя! Калі б я толькі ведала, што гэты верш невядомы…

Каб дазнацца больш пра «паходжанне» аркуша, Reform.by палічыў важным звязацца і з сябрам Югасі Каляды — журналістам Віктарам Корбутам.

«Мне здаецца, гэты верш Барадуліна мог з’явіцца ў тагачаснай прэсе, — падзяліўся Віктар сваім меркаваннем. — Або, калі не быў абнародаваны ў газетах, то мог быць надрукаваны ў выглядзе лістоўкі. Тады яшчэ не быў так распаўсюджаны інтэрнэт, як цяпер, і ўсе матэрыялы не перасылаліся праз месенджары або з’яўляліся ў электронных СМІ, а ксеракапіраваліся, а далей распаўсюджваліся з рук у рукі. Рыгор Барадулін, як вядома, быў сябрам БНФ, і таму гэты верш па ініцыятыве кагосьці з БНФ мог быць размножаны менавіта ва Управе, а адтуль яго мог сабе ўзяць любы жадаючы. 26 красавіка на Чарнобыльскім шляху мы пазнаёміліся з Югасяй. І я мог ёй даць лістоўку з вершам Барадуліна. Я тады браў усю друкаваную прадукцыю ва Управе і распаўсюджваў сярод сяброў і знаёмых».

Віктар Корбут дадае, што знойдзены цяпер верш выклікаў у яго эфект дэжавю.

— Як толькі я прачытаў інфармацыю пра гэты верш, я азнаёміўся, натуральна, і з самім гэтым творам. І мне здалося, што я раней нешта падобнае ўжо чытаў. А на наступны дзень да мяне звярнуліся вы, журналіст Reform.by, з пытаннем… І я, шчыра кажучы, не здзівіўся вашаму пытанню. Бо некаторыя метафары, эпітэты, выкарыстаныя паэтам у вершы, мне здаецца, я ўжо раней сустракаў у яго творчасці. Магчыма, на «той самай» лістоўцы. Праўда, я сам дакладна не магу ўспомніць, якія творы ў 1998 годзе распаўсюджваліся ва Управе БНФ, — адказвае Віктар.

Віктар Корбут падкрэслівае, што ён не хоча спяшацца з вывадамі. Даследчык і ўдзельнік даўніх падзей вельмі асцярожна заўважае.

— Тэарэтычна, магчыма, што калі ніхто не паклапаціўся ў свой час пра публікацыю гэтага твора ў адным са зборнікаў Рыгора Барадуліна, ён мог застацца толькі на лістоўцы. Таму сёння і быў імгненна акрэслены як невядомы. Але хто ведае… Можа, верш яшчэ ў 1998 годзе апублікавалі ў нейкім выданні, але гэтая публікацыя забылася… З другога боку, нягледзячы на тое, што я добра знаёмы з творчасцю Рыгора Барадуліна і быў знаёмы з ім, дарэчы, з 1998 года, я ўсё ж не з’яўляюся даследчыкам яго творчасці, каб даць адназначны адказ: ці гэты твор сапраўды «невядомы», «новы» для нас, ці ўжо дзесьці публікаваўся. Аднак, падкрэслю, што некаторыя радкі менавіта гэтага верша мне здаюцца знаёмымі. Тут я магу цалкам даверыцца сваёй памяці і яе сігналам.

Чытайце таксама:

Рыгор Барадулін: вялікая спадчына вялікага беларуса. Новае ВІДЭА на ютуб-канале Андрэя Хадановіча

Лявон Баршчэўскі: Калі нейкі літаратурны шэдэўр не перакладзены на беларускую мову — гэта дакор нам усім

Рыгор Барадулін. Спартанцы збіраліся на вайну

Клас
15
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0