Скрыншот «Кінжала». Відэа: ютуб-канал Міністэрства абароны РФ
Новую разрэкламаваную зброю Расія выкарыстоўвала найперш у замежнапалітычных, ці, як любяць выказвацца ў Крамлі, «геапалітычных» мэтах.
Разлік грунтаваўся на тым, што Масква атрымала тое, чаго ніколі не меў СССР, — тэхналагічную перавагу над Захадам у вобласці стратэгічных узбраенняў.
Расіяне вырашылі, што сталі непаражальнымі для сваіх імаверных супернікаў і цяпер можна прыступіць да перагляду еўрапейскіх меж і разбурэння сістэмы міжнародных адносін у Еўропе.
У пэўным сэнсе і трагічныя падзеі ў Беларусі пасля 2020 года, і поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну ў 2022-м сталі наступствам «з'яўлення» ў Расіі зброі новага пакалення. «Тут наш геапалітычны арэал, мы будзем тут рабіць, што захочам, калі вы хочаце да яго дакрануцца, то спачатку паглядзіце на нашы ракеты», — прыкладна так аргументавалі стан справы расійскія дыпламаты, спецслужбісты і эксперты.
Аднак збітыя над украінскім небам «Кінжалы» выявілі тое, аб чым даўно здагадваліся спецыялісты, — расійская зброя новага пакалення з'яўляецца блефам.
Магчыма, расіяне блефавалі так, як і гітлераўцы, калі паступова захоплівалі Еўропу ў 1936—1940 гадах.
А магчыма, што проста дзеля дзяржаўнага абароннага фінансавання лабісты канструктарскіх бюро дакладвалі кіраўніцтву аб прарыўных распрацоўках, якія дадуць Маскве так жаданую перавагу над Вашынгтонам. Ваяваць жа яны і не думалі, яны ж не вар'яты. Пра карупцыю кажуць навіны аб арыштах маскоўскіх вучоных-аэрадынамікаў, якія мелі дачыненне да распрацоўкі «Кінжалаў».
Цяпер, калі «Кінжал» аказаўся відавочным блефам, што ж будзе далей?
Зробім здагадку, што палітыка Расіі не зменіцца. Масква нарабіла бяды Еўропе, і цяпер будучыня крамлёўскага рэжыму залежыць ад вынікаў супрацьстаяння з Захадам.
Да таго ж Расія жыве на інерцыі, яна не ўмее прыстасоўвацца да менш прыемных для яе рэалій. Канфлікты з яе еўрапейскімі суседзямі якраз гэта ілюструюць: не ад Захаду, які знаходзіцца ў дэмаграфічным спадзе, зыходзяць пагрозы Расіі, але ад Поўдня і Далёкага Усходу. Аднак перабудаваць сваю палітыку расіяне так і не змаглі.
Таму на падзенні «Кінжала» гісторыя не заканчваецца.
Чытайце таксама:
Збіццём «Кінжала» ўкраінцы пацвердзілі на практыцы тое, што было гіпотэзай — ЗША
Сакратар РНБА Украіны распавёў пра шок расіян ад страты «Кінжала»





