Георгі Гаспадзінаў. Фота: thebookerprizes.com
Уручэнне ўзнагароды адбылося ў аўторак у лонданскім Sky Garden.
«Часасховішча» стала першым раманам на балгарскай мове, які атрымаў Міжнароднага Букера. У кнізе Гаспадзінава расказваецца пра клініку, якая лечыць людзей з хваробай Альцгеймера. У клініцы кожны паверх прайгравае пражытае пацыентам дзесяцігоддзе ў драбнюткіх дэталях, пераносячы яго назад у часе. Аднак неўзабаве мінулае пачынае ўрывацца ў сучаснасць.
Гаспадзінаў падзеліць узнагароду з перакладчыцай Анджэлай Родэль.
Міжнародная Букераўская прэмія (The International Booker Prize) — адна з самых прэстыжных кніжных узнагарод. Яна была заснавана як дадатак да Букераўскай прэміі ў 2005 годзе і да 2015 года ўручалася раз на два гады. Зараз уручаецца штогод за найлепшыя перакладзеныя на англійскую мову мастацкія творы.





