Пералічым тэзісна, што з праблем прагучала.

Нарада ў Лукашэнкі. Чыноўнікі абмяркоўваюць сітуацыю ў медыцыне. Фота: belta.by

Нарада ў Лукашэнкі. Чыноўнікі абмяркоўваюць сітуацыю ў медыцыне. Фота: belta.by

Кадраў не хапае, сцены разбураюцца

Галоўная доктарка Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі Ірына Абельская прызнала тое, што не ёсць таямніцай: бальніцы не ўкамплектаваны кадрамі.

Пра недахоп кадраў гаворыцца даўно. Згодна з нацыянальным банкам вакансій, медычным установам краіны патрабуецца 4910 дактароў-спецыялістаў, 4066 медсясцёр, 2750 санітараў.

Медыкі незадаволеныя заробкам ды забяспечанасцю жыллём.

Ёсць праблемы з вырабамі медычнага прызначэння і медабсталяваннем, казала Абельская, якая нядаўна з адмысловай камісіяй ездзіла правяраць бальніцы. 

Ірына Абельская (другая справа) на нарадзе ў Лукашэнкі. Фота: belta.by

Ірына Абельская (другая справа) на нарадзе ў Лукашэнкі. Фота: belta.by

Лукашэнка агучыў, што «дагэтуль ёсць абуральныя праблемы бардаку ў бальніцах, у паліклініках, на ФАПах».

«Сцены і столі разбураюцца, дзверы пакасіліся, элементарныя санітарныя правілы не выконваюцца. (…) Прычым такое здараецца нават у педыятрычных аддзяленнях…» — пералічыў Лукашэнка.

Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў сярод недахопаў згадаў вялікія чэргі. Некаторыя працэдуры трэба чакаць да пяці месяцаў. А ў Рагачоўскім раёне чарга на праходжанне МРТ расцягнулася больш чым на год.

Вакцынацыя на паперы, карупцыя, закрыццё ФАПаў

Генеральны пракурор Андрэй Швед сярод праблем называў недахоп кадраў, немэтазгоднае расходаванне сродкаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, бюракратыю.

Прызнаў і пагоню за паказчыкамі па вакцынацыі.

«Сёлета мы выявілі ў Мінскай і Гомельскай абласцях факты таго, што выкідваюцца на сметніцу прыдатныя для ўжывання вакцыны супраць кавіду. 6 405 упаковак выяўлена на звалках і сметніках у Гомельскай і Мінскай абласцях», — расказаў генпракурор.

«На паверхні ляжыць пагоня за паказчыкамі па вакцынацыі насельніцтва», — канстатаваў ён. 

Швед таксама гаварыў пра карупцыю. За мінулы і гэты год распачата 60 крымінальных спраў. Паводле пракурора, кіраўнікі медычных устаноў Мінска за кошт кавідных выплат павысілі сабе заробкі да 700 працэнтаў. Тым часам персаналу, які працаваў у кавідных аддзяленнях, даплата склала толькі 27—29 працэнтаў.

На вёсках непрадумана зачыняюць фельчарска-акушэрскія пункты, замяняючы іх перасоўнымі медычнымі комплексамі.

«ФАП закрываюць перш, чым паспяваюць паставіць у раён перасоўны медпункт, і вяскоўцам даводзіцца звяртацца па дапамогу ў суседнія вёскі», — указваў пракурор.

«Факты ўзрушылі нават генпракурора»

Апісваючы нараду, прапаганда падкрэслівала, як «здзівіліся» Лукашэнка і іншыя вышэйшыя чыноўнікі праблемам у медыцыне, што гадамі імі ж не вырашаюцца.

«Я была ўражаная», — прыводзіць СТБ словы Качанавай.

«Лукашэнка расказаў, што яго больш за ўсё здзівіла з выяўленых у ахове здароўя праблем», — дае загаловак БелТА.

«Некаторыя факты ўзрушылі нават генпракурора», — піша дзяржаўнае агенцтва ў іншым тэксце.

Аляксандр Лукашэнка на камеры адчытвае чыноўнікаў. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка на камеры адчытвае чыноўнікаў. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Гэтай нарадай Лукашэнка, відаць, хацеў паказаць, што ён за ўсім сочыць і навядзе парадак. Але насамрэч атрымалася інакш:

ён сам і вышэйшыя чыноўнікі распісаліся ў тым, што так і не змаглі за столькі гадоў кардынальна палепшыць сітуацыю ў галіне аховы здароўя. Праблемы, якія «ўражвалі да глыбіні душы» функцыянераў, абсалютна не новыя.

Медыкі, з якімі «Нашай Ніве» ўдалося пагаварыць, кажуць, што нарада нагадвала зрэжысаванае шоу.

«Выпусцілі пар перад насельніцтвам. Гэта ўцёкі ад праблемы», — лічыць адзін з дактароў.

Вырашэнне кадравага пытання Лукашэнка бачыць проста — разабрацца з мэтавікамі.

Суразмоўцы «Нашай Нівы» адзначаюць, што праблемы з медычнымі кадрамі не вырашаюцца пагрозамі і нарадамі. Гэта глабальная для цяперашняй Беларусі праблема, звязаная з агульнай сітуацыяй у краіне і не толькі ў сістэме аховы здароўя. І вырашыць усё да 1 студзеня, як адрапартаваў Лукашэнка, нерэальна.

«Найлепшыя дактары зʼязджаюць, і спыніць адток кадраў можна, толькі закрыўшы мяжу. Якасць падрыхтоўкі маладых спецыялістаў сапраўды выклікае шмат нараканняў. Трапіўшы ў калектыў бальніцы, ім няма ў каго вучыцца. Каб узгадаваць кваліфікаванага спецыяліста, патрабуюцца гады. Складваецца ўражанне, што ўсё ў беларускай медыцыне выраджаецца. Не думаю, што да 1 студзеня 2024 года чыноўнікі знойдуць эфектыўныя захады, каб паправіць сітуацыю», — адзначае адзін з суразмоўцаў.

Медыкі адзначаюць, што беларуская сістэма аховы здароўя ў многім захавала савецкія падыходы ў арганізацыі лячэння людзей. У Савецкім Саюзе даводзілася таксама ездзіць з раёнаў у абласныя цэнтры ды сталіцу па неабходнае лячэнне.

Змены ў беларускай медыцыне адбываюцца сітуацыйна: узнікае праблема і яе бяруцца вырашаюць, кажуць дактары.

«Надышла пандэмія і ўсё абрынулася, — тлумачыць адзін з медыкаў. — Потым пачаліся рэпрэсіі. Стала невыносна працаваць. Спецыялісты паехалі за мяжу.

І ў той жа час многіх і многіх дактароў звальняюць за нелаяльнае стаўленне да ўлады. Прымушаюць пісаць заявы. Пра гэта на нарадзе ні слова не было сказана…»

Глядзіце таксама:

Новае запрыгоньванне медыкаў: улады мяняюць правілы ардынатуры — з адпрацоўкай пяць гадоў і гіганцкімі штрафамі

У Мінску не хапае 3500 медыкаў, а ў Польшчу за год пераехала столькі, што хапіла б укамплектаваць усе лякарні Брэстчыны

«Я не збіраўся капаць акопы». Медык з райцэнтра расказвае, чаму больш не вытрымаў

У Шклове звольнілі кіраўніка раённай бальніцы. Ëн заклікаў раўняцца на Лукашэнку

Клас
8
Панылы сорам
28
Ха-ха
15
Ого
6
Сумна
11
Абуральна
20

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?