Мармуровы бюст Луцыя Карнелія Сулы. Новая гліптатэка Карлсберга. Фота: Wikimedia Commons

Мармуровы бюст Луцыя Карнелія Сулы. Новая гліптатэка Карлсберга. Фота: Wikimedia Commons

Луцый Карнелій Сула паходзіў з заняпалай галіны патрыцыянскага роду Карнеліяў. У адрозненне ад іншых маладых рымлян, якія імкнуліся прайсці «шляхам гонару» (Cursus honorum) і атрымаць якую-небудзь магістратуру (пасаду), першую частку свайго жыцця правёў у распусце і п’янстве. Толькі пасля 30-гадовага ўзросту, кажуць, праз роднасныя сувязі ягонай жонкі, ён распачаў сваю палітычную кар’еру, якая ўрэшце паскорыць падзенне Рэспублікі.

Былы гуляка нечакана праявіў сябе як таленавіты палкаводзец, пераможца нумідзійцаў, германцаў-кімвраў і саюзных плямёнаў. Урэшце сваёй вайсковай славай ён дамогся пасады консула і мусіў узначаліць кампанію супраць пантыйскага цара. Пасада консула была найвышэйшай прыступкай у кар’еры любога рымляніна, даючы яму як грамадзянскую, так і вайсковую ўладу. Консулаў выбіралася адразу двое, але ўсяго на адзін год, каб захоўваць ратацыю кадраў у Рэспубліцы і не дапускаць узурпацыі ўлады. У час войнаў паўнамоцтвы консула, які знаходзіўся ў паходзе, маглі працягвацца, тады яго называлі праконсулам. 

На пасадзе консула Сула праз палітычныя інтрыгі іншага знакамітага палкаводца і ягонага былога камандзіра Гая Марыя, які спрабаваў незаконна прысвоіць сабе права камандаваць войскам у новай вайне, быў вымушаны спешна павярнуць сабранае войска супраць Рыма і захапіць яго, што было неймаверным учынкам для рымскага грамадзяніна.

Сула распачаў пэўныя рэформы і завочна прыгаварыў да смерці Гая Марыя. Марый здолеў збегчы, а супраць Сулы пачалося судовае разбіральніцтва. Консул, праўда, пакінуў Рым і накіраваўся з войскам на вайну з пантыйскім царом. 

У гэты час «марыянцы» захапілі ўладу ў Італіі, вярнулі свайго лідара ў Рым ды распачалі кампанію тэрору супраць сваіх апанентаў, у тым ліку і супраць прыхільнікаў Сулы. Адзін з законных консулаў быў забіты на форуме, а яго галава выстаўлена на ўсеагульны агляд.

Прыхільнікі Марыя нават рызыкнулі паслаць іншага консула да Сулы, каб той перадаў камандаванне над сваімі войскамі, але яго атрады ўзбунтаваліся і вымусілі яго скончыць жыццё самагубствам. 

У Грэцыі салдаты абвясцілі непераможнага Сулу сваім імператарам і ўсклалі на яго галаву вянок з траваў — найвышэйшы знак адрознення. Атрымаўшы чарговую перамогу ў складанай вайне супраць Мітрыдата, Сула дадаў да свайго імя агномен Фелікс (то-бок «Шчаслівы») і атрымаў права на трыумф. У час вайны нечакана памірае ў Рыме яго галоўны вораг — Гай Марый. 

Улюбёнец Фартуны высаджваецца на поўдні Італіі, дзе да яго пачынаюць перабягаць сенатары і знатныя рымляне. Сула пераможна праходзіць праз увесь паўвостраў і даходзіць да Вечнага горада, дзе канчаткова разбівае «марыянцаў» каля Калінскай брамы.

У другі раз захопленым ім Рыме Сула запатрабаваў правесці выбары дыктатара, які не выбіраўся ў Рэспубліцы на працягу апошніх 120 гадоў. Пры гэтым дыктатарскую ўладу не павінен быў абмяжоўваць традыцыйны тэрмін 6 месяцаў, але дыктатура мусіла працягвацца «да таго часу, пакуль Рым, Італія, уся рымская дзяржава, узрушаная міжусобнымі звадамі і войнамі, не ўмацуецца» (які знаёмы тэзіс, праўда?).

 «Праскрыпцыі Сулы», карціна Джузэпэ Баскета 

 «Праскрыпцыі Сулы», карціна Джузэпэ Баскета 

Неўзабаве пасля прыходу да ўлады Сула абвясціў перад народным сходам пра пачатак пераследу сваіх палітычных праціўнікаў. На Форуме былі вывешаны таблічкі з імёнамі тых, каго трэба было ліквідаваць, — першапачаткова імі былі асабістыя ворагі Сулы, але затым спіс стаў папаўняцца багатымі рымлянамі, далёкімі ад палітыкі. 

Па горадзе пачалі рыскаць забойцы ў пошуках знатных асоб з «чорнага спіса» — знойдзеных у той жа момант забівалі, а галовы неслі да Сулы, які даваў квестару загад выплаціць узнагароду, а галовы выставіць над Сервіліевым возерам. Трупы менш знатных асоб проста скідалі ў Тыбр.

Рабы за забойства сваіх былых гаспадароў атрымлівалі свабоду, даносчыкі — падарункі. 

Плутарх піша, што калі нейкі Квінт Аўрэлій на Форуме ўбачыў сваё імя ў спісе, то крыкнуў: «Гора мне! Мой альбанскі маёнтак гоніцца за мной!» Прыкрыўшы твар, ён паспрабаваў уцячы, але быў дагнаны і зарэзаны. Яго альбанскі маёнтак быў выстаўлены на продаж і дастаўся блізкаму паплечніку Сулы.

Квінт Аўрэлій бачыць сваё імя ў спісах. Гравюра Сільвестра Давіда Мірыса, каля 1799

Квінт Аўрэлій бачыць сваё імя ў спісах. Гравюра Сільвестра Давіда Мірыса, каля 1799

Унясенне ў спіс азначала немінучую смерць. Тое ж чакала і тых, хто спрабаваў выратавацца з горада, бо па ўсёй Італіі дзейнічалі спецыяльныя ваенныя атрады. Гай Юлій Цэзар, які хаваўся ў зямлі сабінян, быў вымушаны штоноч змяняць месца прытулку і адкупляцца ад шпегаў, пакуль не дамогся памілавання.

Праскрыпцыі (што значыць «спіс») прадугледжвалі канфіскацыю маёмасці праскрыбаваных. Яны тычыліся шырокага кола і мусілі падарваць аснову статусу ворагаў Сулы і даць магчымасць абагаціцца ягоным прыхільнікам.

Характэрнай рысай праскрыпцый стаў пераслед сыноў і ўнукаў праскрыбаваных, бо лічылася, што з меркаванняў гонару яны абавязкова паспрабавалі б адпомсціць за свайго продка. Такога раней у Рыме не здаралася, дзеянні Сулы выглядалі жудасна для рымскіх грамадзян. 

Знатны рымлянін, пазнаны гараджанамі на месцы, з годнасцю прымае свой лёс. Фрагмент карціны «Праскрыпцыі Сулы» Джузэпэ Баскета

Знатны рымлянін, пазнаны гараджанамі на месцы, з годнасцю прымае свой лёс. Фрагмент карціны «Праскрыпцыі Сулы» Джузэпэ Баскета

Палітычны статус у Рыме шмат у чым грунтаваўся на велічыні багацця, у выніку канфіскацыі маёмасці бацькоў нашчадкі ўжо не маглі адпавядаць свайму цэнзу і, адпаведна, прэтэндаваць на нейкія пасады.

У выніку рэпрэсій было вынішчана ад 1640 да 2000 прадстаўнікоў рымскай знаці, у тым ліку 40 сенатараў, хоць самі праскрыпцыйныя спісы ўтрымлівалі імёны толькі 520—580 чалавек. Махавік рэпрэсій не здольны спыніцца сам, і яны пастаянна разрастаюцца. 

Праз тры гады, праўда, Сула нечакана склаў з сябе паўнамоцтвы дыктатара. Стаўшы прыватнай асобай, ён ладзіў пышныя балі для народа, чым парушаў законы аб абмежаванні раскошы, праведзеныя раней ім самім. Канец «улюбёнца Фартуны» быў незайздросны: паводле паведамленняў гісторыкаў, «усё цела яго падверглася гніенню і стала пакрывацца незлічонай колькасцю вошай».

Рымскі патрыцый, які пабачыў сваё імя ў праскрыпцыях, спрабуе незаўважаным сысці з Форума. Фрагмент карціны «Праскрыпцыі Сулы» Джузэпэ Баскета 

Рымскі патрыцый, які пабачыў сваё імя ў праскрыпцыях, спрабуе незаўважаным сысці з Форума. Фрагмент карціны «Праскрыпцыі Сулы» Джузэпэ Баскета 

Сула першым прымяніў рэпрэсіі ў якасці помсты боку, які прайграў. Яго дзеянні не былі санкцыянаваны Сенатам, для яго быў характэрны валюнтарысцкі падыход да вызначэння кола вінаватых і складання спісаў апошніх. Пазбаўленне грамадзянскіх правоў нашчадкаў праскрыбаваных дазволіла канчаткова ачысціць палітычную сцэну ад непажаданых элементаў і прадухіліць перагляд вынікаў рэпрэсій у будучыні.

У гэтым праскрыпцыі Сулы маюць куды больш агульнага з палітычным тэрорам, развязаным рэжымам Лукашэнкі пасля 2020 года, чым з «Чорнай кнігай Беларусі», пра якую нядаўна згадаў генпракурор Швед. Тут і адвольнае вызначэнне вінаватых, і прымусовае выгнанне, і канфіскацыя маёмасці, і прыцягненне сваякоў апанентаў да адказнасці, і бясконцае разрастанне кола рэпрэсаваных. Праз тысячы гадоў дыктатарскія рэжымы выяўляюць дзівоснае падабенства ў сваіх рэпрэсіўных практыках. Хіба што пакуль не забіваюць, але юрыдычную базу для гэтага ўжо падрыхтавалі.

Чытайце таксама:

Драўляны фалас змусіў інакш паглядзець на сэксуальнае жыццё старажытных рымлян

Як паміраў венесуэльскі сябар Лукашэнкі Уга Чавес

Бітва пад Фермапіламі. Чаму з ёй параўноўваюць бітву за Марыупаль

Клас
17
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
10

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?