Аляксандр Ярашук (злева) і Сяргей Антусевіч, кіраўнікі Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, у судзе

Аляксандр Ярашук (злева) і Сяргей Антусевіч, кіраўнікі Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, у судзе

Прафсаюзныя асацыяцыі свету выпусцілі сумесную заяву, у якой гучыць патрабаванне да Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) ініцыяваць 33-ы параграф яе статута ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта 26 мая напісала Міжнародная федэрацыя журналістаў, якая ёсць адным з падпісантаў заявы.

Пад гэтай заявай падпісаліся больш за 10 вялікіх міжнародных арганізацый, у тым ліку Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў, Міжнародная федэрацыя транспартнікаў, Глабальны саюз рабочых-металістаў, Міжнародная федэрацыя журналістаў ды іншыя.

Зварот Сусветных прафсаюзаў прымеркаваны да чэрвеньскай канферэнцыі працы, на якой будзе праходзіць галасаванне за ўвядзенне супраць Беларусі «33-га параграфа»: выключных эканамічных санкцый за невыкананне рэкамендацый Міжнароднай асацыяцыі працы, што можа выліцца ў блакаванне любога экспарту і фактычнага ўстанаўлення эканамічнай блакады ў дачыненні да краіны-парушальніцы правоў працоўных.

Гэтая мера павінна стаць адказам за рэпрэсіі супраць беларускіх працоўных і Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, чые лідары і актывісты былі асуджаныя на пазбаўленне волі за выступы супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Сусветныя прафсаюзы заклікаюць дэлегатаў будучай Канферэнцыі працы падтрымаць прыняцце 33-га параграфа статута МАП, каб пакласці канец абуральным парушэнням правоў чалавека і прафсаюзных арганізацый у Беларусі. Прафсаюзны рух — гэта не экстрэмізм і не злачынства. Свабода прафсаюзным дзеячам Беларусі!» — напісалі ў адкрытай заяве Рады сусветных прафсаюзаў.

Нагадаем, што восенню мінулага года МАП аб'явіла аб намеры ініцыяваць 33-ы параграф свайго статута супраць Беларусі. Для канчатковага прыняцця рашэння ў гэтым чэрвені пройдзе галасаванне, для станоўчага выніку якога павінна набрацца дзве траціны галасоў дэлегатаў.

Такое рашэнне за ўсю гісторыю прымалася толькі адзін раз у дачыненні да М'янмы ў 2001 годзе, калі там адбыўся дзяржаўны пераварот.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі. 

Чытайце яшчэ:

Міжнародная платформа для Беларусі, якая збірае доказы злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, выпусціла справаздачу

Польшча можа забараніць рух праз мяжу грузавікоў з беларускімі і расійскімі нумарамі

ЗША ўвялі абмежаванні на экспарт 1200 пазіцый у Расію і Беларусь

Клас
38
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?