Фота: belsat.eu

Фота: belsat.eu

На жалобную цырымонію сваякі нябожчыцы прыехалі разам. Супрацоўнікі крэматорыя адразу запрасілі іх у залу і зачынілі за імі дзверы. Гэта адбылося крыху раней за прызначаны час. Праз некалькі хвілін ім паведамілі, што ніхто больш не прыйшоў, і пачалі цырымонію развітання.

Тым часам у фае крэматорыя прыходзілі людзі з кветкамі. Да іх адразу падыходзілі па двое мужчын у цывільным і запытвалі прозвішча нябожчыка, з якім тыя прыйшлі развітацца. Як толькі чулі прозвішча Вольгі Завадскай, то адразу казалі, што «такой тут няма». Яны раілі прайсці на Паўночныя могілкі, бо нібыта развітанне павінна адбыцца там. Але на могілках ахоўнікі паведамілі людзям, што ніякіх пахаванняў не было і ў гэты дзень не плануецца.

Некаторыя вярталіся зноў у крэматорый, казалі, што маюць дакладную інфармацыю аб тым, што развітанне з Вольгай Завадскай павінна адбыцца тут і ў гэты час. Гэтыя мужчыны ў цывільным запэўнівалі іх у тым, што гэта нейкая памылка, пакуль з жалобнай залы не выйшлі сваякі Вольгі Завадскай.

«Які ў іх страх перад народам! Няўжо яны не ведаюць, што няма каму ўжо выйсці? Палова краіны з’ехала і яшчэ колькі народу ў турмах. А яны думалі, што тут сотні машын з флагамі паедуць і тысячы людзей прыйдуць.

Няўжо нельга было даць людзям па-чалавечы развітацца? Навошта было так падманваць людзей?» — расказала адна з жанчын, якая прадставілася Аленай.

Вольга Завадская, маці журналіста Дзмітрыя Завадскага, памерла ўчора пасля цяжкой працяглай хваробы.

Дзмітрый Завадскі, які калісьці быў асабістым тэлеаператарам Лукашэнкі, але пасля сышоў, знік 7 ліпеня 2000 года. Цела яго так і не знайшлі. 

Клас
1
Панылы сорам
7
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
10
Абуральна
113