Arena Riga — адзін з нешматлікіх лядовых комплексаў у Латвіі. Фота: Wikimedia Commons

Arena Riga — адзін з нешматлікіх лядовых комплексаў у Латвіі. Фота: Wikimedia Commons

У групавым этапе турніру латвійцы набралі 13 ачкоў за сем гульняў і занялі ў выніку трэцяе месца ў групе. У чвэрцьфінале яны, імаверна, недаацэненыя шведамі, выбілі іх з гульні, але прайгралі ў паўфінале і выйшлі на зборную ЗША ў матчы за трэцяе месца. Несумненна, да гэтай гульні латвійцы падышлі максімальна матываванымі. У выніку 4:3 у авертайме — і бронза ЧС у кішэні латвійцаў!

Для гэтай зборнай такі вынік — гістарычны, раней максімум гэтай каманды на ЧС складаў 7 месца (турніры ў 1997, 2004 і 2009 гадах). То і не дзіва, што ў гонар медалёў у краіне абвясцілі выхадны, а хакеістаў у Рызе сустракалі як нацыянальных герояў. 

Можна дакладна казаць, што для латвійцаў хакей — частка нацыянальнай ідэі. Калі ў пачатку 90-х краіна атрымала незалежнасць, у яе было не надта шмат рэсурсаў, якія б дапамаглі пазіцыянаваць сябе ў свеце. І тады на дапамогу спантанна прыйшоў хакей. Тым больш што была і прычына заўзець за сваіх: у сярэдзіне 90-х Латвія перабралася з групы С у групу А і з таго часу вагалася недзе на ўзроўні 7-13 месца. 

Пра тое, што хакей для Латвіі — нацыянальны спорт, кажа і статыстыка. На дзевяць з лішнім мільёнаў беларусаў маем 40 хакейных арэн, на амаль два мільёны латвійцаў — 22 арэны. Розніца ў доступе да трэніровак відавочная.

У мінулым годзе латвійцы скончылі ЧС на 10 месцы, але гэтым разам мы бачым рывок да бронзы. Не ў апошнюю чаргу за гэта адказвае галоўны коўч каманды Харыйс Віталіньш. Цікава, што ў фінале хакейнага ЧС у Мінску, што адбыўся ў 2014 годзе, Віталіньш выводзіў на лёд будучых чэмпіёнаў свету — зборную Расіі. Віталіньш, які працаваў тады асістэнтам расійскага трэнера Алега Знарка, замяніў таго на фінале праз яго дыскваліфікацыю. І ў расійскай зборнай, і ў клубах КХЛ латвіец доўгі час быў у цені Знарка, свайго яркага кіраўніка, таму цяперашняя бронза ЧС — доказ, што ён можа і сам дасягаць поспеху.

Пры гэтым Віталіньш мае не так шмат досведу самастойнай працы ў камандах: напрыклад, яму здаралася кіраваць маскоўскім «Дынама» і швейцарскім «Давосам». Нарэшце, за поспехі ў працы са зборнай Расіі Віталіньш атрымаў тры расійскія ордэны, а таксама тытул заслужанага трэнера гэтай краіны. Паказальна, што ў сітуацыі, калі праз санкцыі расійскую зборную выкінулі са спаборніцтваў па ўлюбёным відзе спорту, яе былы трэнер прыводзіць да гістарычных медалёў ідэалагічнага праціўніка. І несумненна, што досвед з такой моцнай камандай, як расійская, яму шмат чаго даў.

А што да гульцоў? У Латвіі больш прафесійных хакеістаў, чым у Беларусі: 1343 супраць 954. У нашай паўночнай суседкі хакеем займаецца больш мужчын (7898 супраць 7053) і жанчын (311 супраць 77). У наймацнейшай хакейнай лізе свету, НХЛ, гуляе пяць латвійцаў і тры беларусы — і зноў жа, успомніце, што насельніцтва Латвіі ў чатыры разы меншае, чым насельніцтва Беларусі.

Чым больш у краіне добрых хакеістаў, тым лепшы ў трэнера нацыяналкі выбар гульцоў для зборнай. Хакеісты з НХЛ не ўдзельнічаюць у ЧС, бо падчас чэмпіянату ў лізе ідзе этап плэй-оф, але ж НХЛ — гэта вяршыня піраміды. Калі больш латвійцаў трапляюць у наймацнейшую лігу, гэта сведчыць пра тое, што ў цэлым у Латвіі больш добрых гульцоў, чым у Беларусі, і, адпаведна, у краіне вышэйшы ўзровень дзіцячага хакея.

Што яшчэ наблізіла Латвію да бронзы? Гэтым разам ЧС быў для латвійцаў хатнім: так, частка матчаў праходзіла не ў Латвіі, а ў Фінляндыі, але што значыць гэтая адлегласць для заўзятараў? Таксама ЧС у гэты раз праходзіў без моцнага суперніка — Расіі, якая забаненая на міжнародных турнірах ледзьве не ва ўсіх відах спорту праз ролю агрэсара ў вайне з Украінай.

Нарэшце, паглядзім зноў на шлях латвійскай зборнай на турніры. Трэцяе месца ў групе сенсацыйным не назавеш — цалкам тыповы вынік для краіны, што месціцца на 11 месцы ў сусветным хакейным рэйтынгу. У чвэрцьфінале латвійцы выбіваюць шведаў, і гэта папраўдзе нечакана, але скандынавы пасля чэмпіёнстваў у 2017 і 2018 гадах тройчы выляталі ў чвэрцьфіналах ЧС і адзін раз увогуле не выйшлі з групы. Дададзім да гэтага 40 сэйваў латвійскага кіпера Шылава, добрую працу трэнерскага штаба Віталіньша і, хутчэй за ўсё, недаацэнку латвійцаў з боку шведаў — так і склалася сенсацыя.

Застаецца дадаць, як у гэты час маецца «хакейная дзяржава» Беларусь. Як і Расія, наша каманда застаецца ў міжнародным бане праз вайну ва Украіне, але ж чыноўнікі ад хакея спрабуюць «кампенсаваць» відавочны недахоп турнірнай практыкі. Вядома, робяць гэта праз Расію: нядаўна, напрыклад, расіяне і беларусы згулялі разам восем матчаў, з іх беларуская зборная перамагла двойчы. У сусветным рэйтынгу IIHF (Міжнародная федэрацыя хакея на лёдзе) Беларусь займае 14-е месца.

У гродзенскіх кінатэатрах замест сусветных навінак паказваюць беларускі хакей

У школах з'явіцца факультатыў па хакеі

«Ганаруся, што мой сын — Сцёпа». Аляксандр Пуціла — пра «найгоршага» міністра спорту, баязлівых спартоўцаў і дынастыю Азаронкаў

Клас
19
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?