Ва Украіне затрымалі і арыштавалі на два месяцы грамадзяніна Беларусі, які нарадзіўся і жыве ў Ровенскай вобласці, па падазрэнні ў перадачы інфармацыі пра перамяшчэнне жывой сілы і вайсковай тэхнікі для абароны памежнай з Беларуссю ўкраінскай тэрыторыі, піша «Радыё Свабода».

Як адзначаецца ў апублікаваным у Адзіным дзяржаўным рэестры Украіны судовым рашэнні, раней ён ужо быў асуджаны за апраўданне і падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны.

У матэрыялах справы адзначаецца, што падазраваны перадаваў па тэлефоне іншаму грамадзяніну Беларусі інфармацыю, якая адсутнічала ў адкрытых крыніцах, аб падрыхтоўцы да абароны ўкраінскага памежжа на выпадак новага ўварвання з беларускай тэрыторыі.

Следcтву таксама вядома імя таго беларускага грамадзяніна, якому затрыманы перадаваў інфармацыю пачынаючы з красавіка 2023 года. Згодна з нацыянальным заканадаўствам Украіны аб абароне канфідэнцыйнай і персанальнай інфармацыі, прозвішчы абодвух фігурантаў справы не называюцца.

Справу расследуюць паводле часткі 2 артыкула 114-2 Крымінальнага кодэкса Украіны. За распаўсюд ва ўмовах ваеннага становішча інфармацыі аб перамяшчэнні, руху або размяшчэнні Узброеных сіл Украіны і іншых вайсковых фарміраванняў, якая адсутнічае ў адкрытых рэсурсах, прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў.

Клас
15
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3